“Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы…”

“Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы…”

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — самае галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Ён непарыўна звязаны з важнай датай у гісторыі нашай краіны — Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Традыцыйна 3 ліпеня жабінкаўцы прыходзяць да помніка загінулым воінам і партызанам, ля якога ладзіцца мітынг.
Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар сказаў:
— У гэты дзень мы з удзячнасцю ўспамінаем подзвігі салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, славім гераізм, стойкасць, бяссмерце, мужнасць і велічнасць няскоранага духу нашага народа, аддаем даніну памяці тым, хто не шкадаваў жыцця, вызваляючы беларускую зямлю ад карычневай чумы. З той пары перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і незалежнасць нашай Радзімы навечна звязаны.
Як падкрэсліў кіраўнік раёна, сёння нас аб’ядноўвае адна мэта — пабудаваць моцную і квітнеючую дзяржаву. Ёсць упэўненасць, што адзінства і аптымізм беларускага народа, вера ў паспяховае будучае дапамогуць пераадолець усе цяжкасці на гэтым шляху.
Ад імя ветэранаў слова трымаў старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц:
— За гады акупацыі ў Жабінкаўскім раёне фашысты расстралялі, замучылі ў турмах, павесілі і спалілі зажыва каля 2 тысяч непавінных лю-дзей, крывавы след пакінулі ў 45-ці населеных пунктах раёна, больш за 400 чалавек насільна вывезлі на рабскую працу ў Германію. Мы памятаем подзвігі тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай краіны. Ветэраны вайны і працы зрабілі ўсё магчымае, каб забяспечыць мірнае жыццё сваім дзецям, унукам і праўнукам у свабоднай, незалежнай краіне.
Васіль Міхайлавіч  выказаў словы падзякі за падтрымку ветэранаў, якая аказваецца з боку дзяржавы і мясцовых органаў улады, і звярнуўся да моладзі: любіце і беражыце Беларусь.
З адказным словам ад моладзі раёна выступіў спецыяліст раённага вузла электрычнай сувязі Сямён Бурак:
— Нізкі паклон ветэранам за мужнасць, гераізм. Дзякуючы вам, нам невядомыя такія словы, як вайна, разруха, голад. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і да чаго імкнуцца. Будзем старацца быць дастойнымі той спадчыны, якую пакінулі нам нашы дзяды і прадзеды, усе сілы накіруем на тое, каб яе памножыць.
Хвіліну маўчання адрывістымі ўдарамі адлічыў метраном. Кіраўнікі раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый усклалі кветкі і вянкі да помніка загінулым воінам і партызанам.
Урачыстасць прадоў-жылася ў гарадскім Доме культуры, дзе для жыхароў і гасцей ладзіўся святочны канцэрт “Мая любоў, мая Беларусь!”. Музычныя падарункі дарылі прысутным Аляксандр Чарнушыч, Галіна Міцковіч, Ірына Рынчук, Аксана Пракошына, Валерый Няменьшы, Аляксандр Шчасюк, а таксама калектывы мастацкай самадзейнасці “Каларыт”, “Скарб”, “Аляксандр-парк” і “Каруначкі”.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: пад час святкавання Дня Незалежнасці
ў Жабінцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top