Што памяць захаваць змагла

Што памяць захаваць змагла

Свае допісы на конкурс даслаў нараджэнец Сцяпанак Васіль Васільевіч Вашчук. Ужо мінула больш за 70 гадоў, а ў ягонай памяці дасюль узнікаюць падзеі 1939-1941 гадоў, быццам было гэта толькі ўчора. Гэтак моцна ўразілі тады 10-гадовага хлопчыка вялікія змены, што адбываліся ў нашым краі.

Пад ганаровай аркай

У верасні 1939-га ў нашы Сцяпанкі прыйшло паведамленне: хутка па блізкай дарозе павінны прыйсці чырвонаармейцы. Узначаліць сустрэчу прапанавалі майму бацьку, былому сябру Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Пры ўездзе ў вёску пабудавалі арку, упрыгожаную ялінкамі, галінкамі сасны ды кветкамі. Аднак вайскоўцы ў назначаны тэрмін не з’явіліся. Пачалі вянуць кветкі, і настрой у вяскоўцаў, якія не мелі ніякай інфармацыі, быў сапсаваны ад нявызначанасці: што будзе далей? Толькі праз тыдзень сцяпанкаўцы віталі калону машын на гасцінцы. Перад аркай чырвонаармейцы спыніліся. У час ганаровай сустрэчы гучалі кароткія прамовы з вуснаў актывістаў і камандзіра часці. Затым калона пачала рух у бок Жабінкі. У Сцяпанках засталі дзве машыны з салдатамі, што працягвалі тэлефонны кабель.
З прыходам Савецкай улады быў створаны часовы сельсавет. Праведзена арганізацыя адукацыі на рускай мове. Вучні, што закончылі першы клас польскай школы, зноў пачалі вучыцца спачатку. Настаўнікаў не было, выкладалі вяскоўцы, што мелі адукацыю, атрыманую ў Расіі пад час бежанства.
Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак Шпіталі, адкуль уцёк гаспадар-паляк. Ягоныя землі вырашылі падзяліць паміж сялянамі. Быў створаны камітэт для гэтай мэты. Аднак кожны хацеў атрымаць лепшы надзел. Папярэдні варыянт падзелу не задаволіў многіх. Кожную раніцу ў двары нашай хаты збіраліся групкі сялян са сваімі прапановамі. Бацька вывучаў гэтыя варыянты і ўносіў у камітэт па размеркаванні. Пасля спрэчак прыйшлі да кампрамісу толькі ў канцы года.

Сталін на сцяне

Сяляне толькі пачалі асвойваць свае на-дзелы, як пачаўся 1940 год, а разам з ім вый-шла пастанова райкама аб арганізацыі ў Шпіталях калгаса. У яго запісаліся былыя панскія работнікі, дзве маламаёмасныя сям’і і некалькі адзінокіх жанчын. За год яны зарабілі шмат працадзён, ды амаль нічога за іх не атрымалі, паколькі большасць прыбыткаў паглынуў дзяржаўны падатак.
Неяк мой стары дзед зайшоў да калгасніцы. Яна сядзела на радне (гэтак па-тутэйшаму называлі пакрывала) і лічыла працадні. На сцяне ў хаце вісеў партрэт Сталіна. Дзядуля, бойкі на язык, вярнуўся дамоў і прачытаў вершык:
Сыдыть баба на радни
                              и счытае трудодни,
Ны коровы, ны свиньи,
                  тилькы Сталин на стени.
Маці перажагнулася, абняла мяне і сказала:
— Сыночак, не дай Бог, каб ты дзе-небудзь аб гэтым гаварыў. У польскай турме сядзеў бацька. А за гэты верш можна патрапіць і ў савецкую. Ужо ж хлябнулі нямала гора…
Так, бацьку былі добра вядомы вынікі калектывізацыі. Таму ён вырашыў пашукаць працу па спецыяльнасці. У бежанцах ён скончыў камерцыйнае вучылішча, звярнуўся ў райкам партыі і быў накіраваны на курсы бухгалтараў у Ліду, а затым — у Кобрын на мукамольны камбінат. Хацеў і сям’ю перавезці з сабою, ды куды ж сялянам без гаспадаркі? Дзед з маці ды я з малодшым братам засталіся ў Сцяпанках.
У чэрвені 1940 года мне дазволілі пагасцяваць у бацькі. У Кобрыне ўпершыню наведаў кінатэатр. Моцна ўразіў фільм “Чапаеў”. Перад ім дэманстравалі кіначасопіс пра перадавы калгас, у якім былі недагледжаныя рагулі. Паспрабаваў спытацца, чаму калгас-перадавік, а мае такі дрэнны статак, ды бацька загадаў маўчаць, каб не наклікаць бяду на сваю сям’ю.
А ноччу мне прысніўся страшны сон. Быццам бацьку зноў арыштавалі і я застаўся адзін. Хоць ён і суцешыў мяне, але ж трывога з той ночы не пакідала, нібыта прадчуванне няшчасця, што хутка абрынулася на ўсіх нас.

У той трывожны ранак

У памяці назаўсёды захавалася трывога, якую пакінуў ранак 22 чэрвеня 1941 года. Я закончыў у Сцяпанках другі клас. Напярэдадні бацька прыехаў на выхадны. Прапанаваў пасля абеду ў нядзелю паехаць з ім у Кобрын, і я лёг спаць у выдатным настроі.
Штораніцы дзед прачынаўся вельмі рана. На досвітку ён аглядаў жывёлу, адпачываў на лавачцы, але ў тую ня-дзелю хутка вярнуўся ў хату са словамі:
— Што робіцца над Брэстам, жах! Я бачыў вялізныя слупы дыму, бліскавіцу, чутны выбухі моцныя… Вучэнні ідуць? А мо вайна?!
Вяскоўцы абмяркоўвалі падзею з вялікай трывогай. Бацька задуменна прыгадаў, што ў панядзелак павінен быць на працы, дзе засталіся дакументы і рэчы. Я не меў ніякага ўяўлення пра вайну, таму засмуціўся толькі ад таго, што не змагу паглядзець новыя фільмы.
Калі заняўся дзень, пабачылі ў небе мноства самалётаў, што ляцелі нізка і скідвалі лістоўкі. Дзед сказаў:
— У вёсцы пакуль ціха, будзем працаваць, як раней.
Хутка мама падаіла карову, прынесла малако, а бацька згатаваў бульбу, запраўленую смальцам з цыбуляй. Такім быў сняданак у першы дзень вайны. Пазней, калі стала нярэдкаю няшчымніца, згадваў гэтыя сялянскія “далікатэсы”.
Вечарам даведаліся, што немцы ўжо ў Жабінцы. Пра тое расказаў вясковец, які працаваў на харчовым складзе. Бацька вырашыў рызыкнуць і, пакуль акупанты не занялі Кобрын, з’ездзіць туды па газу, цукар і муку, якіх у вёсцы бракавала. Ён паспеў вярнуцца з прыпасамі і не патрапіў немцам на вочы.
За першыя два тыдні вайны вялікіх змен у вёсцы не адбывалася. Але маці надзвычай непакоілася за брата Міхаіла, што служыў у Брэсцкай крэпасці.
Я з дзедам працаваў на гумне, калі пабачыў дзядзьку. Ён адразу спытаўся, ці ёсць у нас немцы.
— Ды пакуль безуладдзе і цішыня, — прамовіў дзед.
Госць прысеў на табурэт і сказаў:
— Дасюль не магу паверыць, што жывым дабраўся дамоў. Відаць, Гасподзь дапамог выбрацца з таго пекла.
З 21 на 22 чэрвеня ён знаходзіўся ў нарадзе на кухні. Узводны абяцаў у нядзелю дазволіць схадзіць у звальненне. Працавалі да дзвюх гадзін ночы, прачнуліся ад выбухаў і паху гарэлага. Паспрабаваў узняцца і згубіў прытомнасць. Калі ачуняў, папоўз да дзвярэй. Крэпасць гарэла. У перамежках паміж налётамі пачуў стогн — гэта раненых санітары адводзілі ў казематы, дапамаглі і Міхаілу. Яму пашчасціла не трапіць пад кулямётны агонь. Вырашыў рухацца на ўсход, ішоў лесам, полем, далей ад гасцінцаў, папрасіўся на начлег да добрых людзей, якія накармілі і дазволілі адпачыць. Рухаўся пакуль не пабачыў ускрайкі роднай вёскі. І цяпер, у абдымках блізкіх людзей, ледзь стрымліваў слёзы радасці і вялікага гора.
Пачыналіся доўгія гады акупацыі. Як мы чакалі вызвалення і Перамогі! Толькі пасля яе сям’я, падзеленая, бы нажом, змагла злучыцца. І гэта было сапраўдным шчасцем.
Васіль ВАШЧУК, г.Брэст.
На здымку: В.В.Вашчук.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top