Свой погляд: мінулае павінна быць бліжэй

Свой погляд: мінулае павінна быць бліжэй

Адбылася сустрэча з доктарам гістарычных навук, адказным сакратаром Саюза краязнаўцаў Расіі Аляксандрам Аляксандравічам Чароміным. У раённай бібліятэцы госць прэзентаваў сваю новую манаграфію “Тураўскае княства. Х — XIV стагоддзі”. Для нас яна таксама мае карысць, паколькі землі сучаснай Жабінкаўшчыны тысячу гадоў таму ўваходзілі ў склад гэтага сярэднявеччага дзяржаўнага ўтварэння.
У адрозненне ад многіх цяперашніх расійскіх даследчыкаў, якія стараюцца абмінаць або замоўчваць дакументы, дзе гаворыцца аб складаных перыядах у расійска-беларускіх адносінах, ды ўвогуле часам “не заўважаюць” самастойную гісторыю Беларусі, погляд у аўтара кнігі на нашу мінуўшчыну адметны. На працягу ўсёй сустрэчы з чытачамі ён падкрэсліваў сваю самастойнасць у асвятленні многіх падзей, што адбываліся некалі на беларускіх землях. Напрыклад, лічыць, што ўтварэнне ў XVI стагоддзі Брэсцкай уніі было заканамернай спробай аб’яднання хрысціянства, а Брэсцкі мір, падпісаны вясной 1918 года без удзелу беларусаў, няшчасцем для нашага народа. А.А.Чаромін выказвае шкадаванні, што гістарычныя каштоўнасці Беларусі ў ранейшыя, імперскія часы былі забраныя ў архівы і музеі Масквы і Санкт-Пецярбурга, а беларусаў называе “найбольш чыстай славянскай нацыяй, што амаль не змянілася за апошняе тысячагоддзе, і вызначаецца сваёй адметнай гасціннасцю, хоць і была вымушана доўга жыць у сапраўдным еўрапейскім “калідоры” паміж Усходам і Захадам”. Увогуле, гісторык сцвярджае: мінулае павінна быць да нас бліжэй, каб не існавала “белых плямінаў” у гісторыі, бо гэта шкодзіць паразуменню паміж сучаснымі дзяржавамі, што дэкларуюць братэрскія адносіны.
Даследчык расказаў і пра ўласны шлях у навуку. Ён паходзіць з казацкага роду, нарадзіўся ў Астрахані, якой прысвяціў адну з першых сваіх кніг “Старажытная Астрахань”. Прызнаецца, што гісторыкам стаў адначасова выпадкова і заканамерна: пасля траўмы, атрыманай у спорце, вымушаны быў шукаць справу па душы. Гэта і прывяло ў Расійскі гісторыка-архіўны інстытут, што месціцца побач з Маскоўскім Крамлём (“у самым сэрцы Расіі, бліжэй не бывае”). Дасюль удзячны за навуку шматлікім прафесарам, пад іх кіраўніцтвам вывучаў паліаграфію (старажытныя кнігі). Гэта дазволіла іншымі вачамі зірнуць на гісторыю не толькі Расіі, але і суседніх краін.
Зараз у планах і задумах Аляксандра Аляксандравіча серыя з двух дзясяткаў манаграфій, прысвечаных гісторыі Беларусі. Чаму ж першай у гэтым спісе стала гісторыя Тураўскай зямлі? Як прызнаецца даследчык, вельмі мала ведаюць нашу сярэдневяковую гісторыю ў Расіі. А калі нешта і вывучаецца, дык тычыцца Полаччыны. Новыя дакументы, найперш архіўныя, знойдзеныя нават у Ватыкане і… Пекіне дазваляюць прыкметна пашырыць нашы веды пра зямлю, што здавён знаходзілася на так званым гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі”. А.А.Чаромін значна расшырыў спісы ўладароў Тураўскага княства з 980 да 1399 года — ад князя-конунга Тура да Вітаўта Вялікага. Прычым, на падставе скандынаўскіх саг і насуперак летапісу “Аповесць мінулых часоў” гісторык выкладае версію пра тое, што горад названы не ў гонар першага гаспадара альбо дзікай жывёліны тура, а ад шведскіх слоў “тур” і “оф” — літаральна: “зручнае месца”. Бо прыпяцкі шлях, што вёў праз Тураў, для старажытных воінаў-вікінгаў быў самы зручны, карацейшы за іншыя амаль на тысячу кіламетраў. Аляксандр Аляксандравіч лічыць таксама не заслужана ашэльмаваным у гісторыі тураўскага (затым і вялікага кіеўскага) князя Святаполка, якога палітычныя праціўнікі, найперш Яраслаў Мудры, абразліва назвалі “Акаянным”.
Кнігі нашага госця адмыслова аформлены шматлікімі здымкамі. Да таго ж і дызайн для іх ён стварае самастойна. Прынамсі, для “Тураўскага княства” выбраны колеры памежжа старажытных плямёнаў-народаў драўлян і дрыгавічоў ды сімвалы, спрадвеку ўласцівыя гэтаму гістарычнаму рэгіёну: вядомая манета-сярэбранік Святаполка, каменны крыж, якім хрысцілі Тураўшчыну, ды герб “Пагоня” (пад ім гэта зямля існавала многія стагоддзі з часоў Вялікага Княства Літоўскага).
Шмат увагі ў манаграфіі адведзена культуры Тураўшчыны, яе рэліквіям і святыням. Змяшчаюцца выявы знакамітых каменных крыжоў, якія, паводле падання, прыплылі па Прыпяці ў год хрышчэння зямлі князем Уладзімірам Святаславічам, ды тыя, што “растуць” з зямлі і быццам вылечваюць ад многіх хваробаў.
Даследчык з ахвотаю не толькі расказваў пра свае адкрыцці, але й адказваў на пытанні. А яны часам былі няпростымі. Напрыклад, ці можа гісторык, адарваны моваю і культураю ад Беларусі напісаць паў-навартасную яе гісторыю, не скажаючы фактаў, не ствараючы новых міфаў? На тое Аляксандр Аляксандравіч адказаў, што не баіцца канкурэнцыі з боку беларускіх калегаў, якія чамусьці замоўчваюць многія дакументы з уласнай гісторыі. Асобна распавёў А.А.Чаромін, калі даведаўся, што ў Жабінцы будуецца каменны храм у гонар святога Кірылы Тураўскага, пра гэтага выдатнага асветніка беларускай зямлі, які стварыў мноства павучанняў, карысных сваёй прастатой і душэўнасцю нават сённяшнім людзям.
На здымку: у час сустрэчы ў раённай бібліятэцы з расійскім гісторыкам і краязнаўцам Аляксандрам Аляксандравічам Чароміным.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top