Не бывае дробязяў у дачыненні працоўнага чалавека

Не бывае дробязяў у дачыненні працоўнага чалавека

Пасля заканчэння Навагрудскага саўгаса-тэхнікума Ж.М.Трафімук восенню 2008 года ўладкавалася ў СВК “Рагазнянскі” інжынерам аховы працы. Праз год ёй даверылі ўзначаліць тут прафсаюзную арганізацыю. Жанчына лічыць, што “працаўнік на зямлі павінен заўсёды адчуваць абарону і дапамогу з боку роднай гаспадаркі”, бо гэта спрыяе паляпшэнню яго жыцця і працы. Вакол таго, што робіцца ў гэтым плане ў кааператыве ішла наша гаворка.
— Жанна Мікалаеўна, не сакрэт, што паводле вынікаў мінулага года СВК “Рагазнянскі” быў першым у ахове працы не толькі ў раёне і вобласці, але нават у рэспубліцы. Канечне, гэты поспех не мог быць дасягнуты без дбайных адносінаў да працаўнікоў. Ці можна гэта лічыць стратэгічным сацыяльным напрамкам, якога прытрымліваюцца ў гаспадарцы?
— Сапраўды, у нас ёсць разу-менне, якое даводзіць да кожнага старшыня гаспадаркі Аляксандр Васільевіч Семянюк, што працаўнік можа займацца сваёй справай з поўнай аддачай, калі мае гарантаваную сацыяльную абарону з боку свайго сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, не магу прыгадаць выпадку, каб нашы прапановы і просьбы не знаходзілі паразумення ў кіраўніка. Ён лічыць, што калі мы можам у нечым дапамагчы сваім вяскоўцам, дык грэх гэтую магчымасць не выкарыстаць. Гэта прыкметна спрыяе, каб людзі імкнуліся працаваць лепш, каб прыходзілі да нас і замацоўваліся на зямлі.
У сельгаспрадпрыемстве існуе практыка, па-сялянску прадбачлівая, спачатку на працягу не менш за паўгода праверыць, як праявіць сябе новы спецыяліст. Толькі пасля гэтага выпрабавальнага тэрміну на агульны сход выносіцца ягоная кандыдатура, ці годны ён стаць членам калектыву. Толькі пасля таго, як іншыя прагаласавалі за гэта, на новага працаўніка распаўсюджваюцца ўсе сацыяльныя льготы, прапісаныя ў калектыўным дагаворы.
— Вы гаворыце пра льготы. Спыніцеся, калі ласка, падрабязней на тым, якімі з іх карыстаюцца працаўнікі СВК “Рагазнянскі”?
— Так, заўсёды ў нас меліся шматлікія льготы для тых, хто добра працуе. Хочацца падкрэсліць гэтае “добра”, бо льготы не распаўсюджваюцца на парушальнікаў дысцыпліны, тэхнікі бяспекі, на тых, хто працуе абы як, з бракам альбо не прытрымліваецца цвярозасці. Тым, хто за здаровы лад жыцця, трапляе на стацыянарнае лячэнне ў бальніцу не больш як адзін раз за год, выдаецца матэрыяльная дапамога ў памеры 300 тысяч рублёў.
Калі ў гаспадарцы ўраджайныя гады на салодкія карэнні і збожжа, кожны працаўнік і пенсіянер СВК атрымлівае цукар і муку. Раней яшчэ і рыбу выдзялялі з рыбгаса “Сакалова” да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі. У апошні год замянілі яе наборам малочнай прадукцыі ад “Савушкавага прадукта” на суму ў 200 тысяч рублёў. Ёсць ільготы і пры пасадцы, апрацоўцы бульбы, для ўласных патрэбаў выпісваецца тэхніка.
Каб людзям было больш радасці ў святочныя дні, не забываем пра падарункі. Напрыклад, уручылі саладосці ад прафсаюза ўсім без выключэння да Новага года і Раства: дарослым па 1,5 кілаграма, а дзецям — па два. І не важна, дзе і ў якім класе яны вучацца, — у Ленінскай СШ ці ў гарадскім ліцэі. Да 11 класа ўключна выдаюцца яны.
Сёлета на справаздачным сходзе кааператыва працаўнікоў таксама чакалі падарункі коштам каля 800 тысяч рублёў. На 23 лютага кожны мужчына атрымаў 300 тысяч рублёў, а жанчыны да 8 Сакавіка — цудоўныя сувеніры на такую ж суму. Да гэтых святаў не забыліся і пра пенсіянераў, ветэранаў працы. Паводле калектыўнага дагавора да адпаведных памятных дзён вылучылі па 200 тысяч рублёў ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, воінам-інтэрнацыяналістам, што працуюць у гаспадарцы.
— Жанна Мікалаеўна, як інжынера ў ахове працы і прафсаюзнага лідара вас не могуць пакідаць абыякавымі ўмовы працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Колькі слоў пра гэта.
— Прыемна засведчыць, што ўмовы працы ў СВК “Рагазнянскі” ў апошнія гады прыкметна палепшыліся: цалкам адрамантаваны аўтагараж, дзе з’явіліся душавыя, гардэроб, пакоі адпачынку, прыёму ежы і інш.; зроблены кабінет аховы працы; абстаўлены пакой інжынерна-тэхнічных работнікаў; большасць работ праведзена ў майстэрні; выдатна працаваць і жывёлаводам на новай малочнатаварнай ферме ў Буснях. Можна пералічваць і далей, аднак падкрэслю галоўнае: усё гэта спрыяе добрым вынікам, якія дэманструе СВК ужо не першы год.
— І ўсё ж, ці не бывае нейкіх скаргаў ад людзей?
— Можа, нехта і бывае незадаволены з ліку тых, хто парушальнік ці нядбайны работнік. У гаспадарцы вельмі строга да такіх ставяцца, нават калі ў першы раз дапусціў парушэнне,  — ведай, што будзеш за гэта ў адказе…
— Адносіны да старэйшага пакалення заўсёды вызначаюць, наколькі здаровым у маральным плане з’яўляецца калектыў. Што робіцца для гэтай катэгорыі вяскоўцаў?
— Гавару з жалем: ужо вельмі нешматлікая колькасць ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны засталася ў нас. Тым больш, стараемся атуліць іх увагай, клопатам і не толькі да Дня Перамогі або вызвалення краіны, бо цудоўна разумеем іх унёсак у наша сучаснае мірнае жыццё і штодзённыя праблемы. Да Дня пажылых людзей не забываемся найперш пра адзінокіх людзей, а на Дзень маці шануем не толькі сённяшніх працаўніц, але й ветэранак. Бывае сэрца шчыміць, калі бачыш на іх вачах слёзы ўдзячнасці, тады толькі разумеш, што для іх нашы словы, паштоўкі, дарункі зусім не дробязь… Увогуле, мне здаецца, у адносінах да чалавека працы “дробязяў” быць не можа.
— Як гаворыцца, не хлебам адзіным жыве чалавек… Праца на зямлі нялёгкая, ці дапамагае прафсаюзная арганізацыя выкарыстоўваць вяскоўцам вольны час?
— Па шчырасці, няшмат у земляроба таго “вольнага” часу… Праца, разумееце, што тое кола — бясконца коціцца. І ўсё ж летась тым, хто меў жаданне, за кошт прафсаюза арганізавалі падарожжа да беларускіх святыняў — у Жыровіцкі праваслаўны манастыр. Штогод удзельнічаем і ў раённай спартакіядзе працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. У мінулым годзе наша каманда была ў ліку лідараў, сёлета ў маі выступілі горш і прывезлі з Жабінкі заахвочванне за волю да перамогі, трошкі не дацягнуліся да п’едэсталу. Спа-дзяёмся, што нашы спартыўныя перамогі яшчэ наперадзе.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.На здымку: на малочнатаварнай ферме “Бусні” СВК “Рагазнянскі”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top