11 июля — день работников налоговой службы

11 июля — день работников налоговой службы

Любім дом, дзе працуем, і сад, дзе адпачываем
20 гадоў — такі шлях станаўлення і развіцця падатковай сістэмы. За гэты час адбыліся значныя змены: скарочана колькасць падаткаў і збораў, спрошчаны механізмы іх вылічэння і працэдура збірання, зніжаны стаўкі шэрагу плацяжоў, што дазволіла зменшыць падатковую нагрузку на эканоміку. Прыняты Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь стаў дакументам, які вызначае ўзаемаадносіны дзяржавы, падатковай службы і плацельшчыкаў.
Разам з развіццём усёй сістэмы ўдасканальвалася дзейнасць нашай інспекцыі. Жыццёвым яе крэда з моманту заснавання стала біблейская ісціна: вышэй закона — любоў, вышэй права — літасць, вышэй справядлівасці — дараванне. Растлумачальная работа, кантрольныя мерапрыемствы былі падпарадкаваны адной мэце — фарміраванню падатковай культуры як грамадзянскай пазіцыі чалавека, павагі да сябе і сваёй краіны. Шмат працы і ўмення ўкладвае ў гэта зараз намеснік начальніка інспекцыі Людміла Іванаўна Гардзіцкая, пісьменны, тактоўны, патрабавальны спецыяліст, заўсёды гатовы дапамагчы пазбавіцца памылак і недахопаў.
Паслядоўнасць, настойлівасць і карпатлівасць усіх работнікаў дазваляюць нам забяспечваць паступленне 97% плацяжоў у бюджэт у добраахвотным парадку. Хачу ад іх імя падзякаваць падаткаплацельшчыкам, якія спраўна, своечасова і ў поўнай ступені выконваюць свой абавязак аплачваюць законна ўстаноўленыя падаткі. На працягу апошніх дзесяці гадоў у інспекцыі практычна не было запазычанасці ў плацяжах у бюджэт, ды і ў мінулыя гады яны былі мінімальныя, хоць асобныя перыяды ў развіцці эканомікі з’яўляліся даволі складанымі.
За 6 месяцаў 2010г. у кансалідаваны бюджэт раёна паступіла больш чым 28,9 млрд.руб. Каб атрымаць гэты вынік, работнікам інспекцыі давялося прыкласці нямала намаганняў, цярплівасці і прафесійнай вывучкі. Да 3 — 4% дадатковых паступленняў у бюджэт — за кошт кантрольных мерапрыемстваў. За паўгода ў раёне праведзена 66 падатковых праверак, імі было ахоплена 6% прадпрыемстваў, 8,4% прадпрымальнікаў, у 96% з іх выяўлены парушэнні падатковага заканадаўства. У пастаянным полі зроку — прадпрымальніцкая дзейнасць, дзе найбольш верагодныя ўхіленні ад падаткаў. Сёлета было ажыццёўлена 19 рэйдавых праверак, з ценявога абароту знята таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на 53 млн.руб.
Зараз у інспекцыі 18 спецыялістаў, сумленных і працавітых, з імкненнем павышаць узровень ведаў і навыкаў. Іх поспехі, прыступкі прафесійнага росту прыемна адзначаць у Кнізе летапісу. Пяцёра нашых супрацоўнікаў узнагароджаны граматамі Міністэрства падаткаў і збораў краіны, чацвёра станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу, 15 маюць граматы інспекцыі МПЗ па Брэсцкай вобласці. І ўвесь калектыў неаднаразова называўся найлепшым або займаў ганаровыя месцы ў рэспубліканскім і абласным конкурсах паводле вынікаў таго ці іншага года.
Неацэнную дапамогу і падтрымку нам пастаянна аказвае выканаўчая ўлада, поспехам спрыяюць узаемадзеянне з фінансавым аддзелам, партнёрскія адносіны з плацельшчыкамі, абмен вопытам з калегамі Пружанскага, Кобрынскага і Камянецкага раёнаў.
З глыбокай павагаю калектыў адносіцца да ветэранаў, хто стаяў каля вытокаў нашай службы. Так, без удзелу Тамары Іванаўны Сокал нельга ўявіць станаўленне як спецыяліста ледзь не кожнага з нас. Некаторыя яе былыя вучні цяпер займаюць высокія пасады ў іншых установах і арганізацыях. Тамара Іванаўна на заслужаным адпачынку, аднак па ранейшаму не парывае сяброўства з інспекцыяй, падтрымлівае добрым словам і парадаю. Даражаць супрацоўнікі вопытам і майстэрствам, сардэчнасцю і чуласцю іншых старэйшых таварышаў, якія працуюць у інспекцыі: начальніка аддзела Людмілы Віктараўны Валасюк, галоўных дзяржінспектараў Валянціны Міхайлаўны Карабан, Маргарыты Аляксееўны Прыступа, Раісы Фёдараўны Шымко. Пра кожную з іх можна расказаць многа цікавага. Напрыклад, Раіса Фёдараўна з’яўляецца не толькі сапраўдным прафесіяналам (не адзін год называлася найлепшай у вобласці і рэспубліцы), не толькі разумнай і спагадлівай настаўніцай маладых — яна яшчэ дзівосная хатняя гаспадыня і майстрыха. Яе вышыўкі з годнасцю прадстаўляюць  жабінкаўскую інспекцыю на выставах-конкурсах. Ды і не толькі яе, калі ўжо казаць пра народных умельцаў. Па сутнасці, у нас цэлы клуб майстрых ручной творчасці. Сярод іх — Людміла Іванаўна Гардзіцкая, начальнік аддзела Наталля Васільеўна Храмцова, старшы дзяржінспектар Ганна Валер’еўна Аўдзейчык, галоўны бухгалтар Іна Віктараўна Пухава.
Напэўна, не так бы спорылася работа калектыву, калі б не сяброўства, не агульныя адпачынкі, захапленні. Вольны час на прыродзе праводзім нярэдка сем’ямі, клапоцімся перш за ўсё пра дзяцей. Іншы раз ладзім культурныя і спартыўныя мерапрыемствы разам з камянецкімі калегамі. Любім, вядома ж, выязджаць у Белавежскую пушчу.
У інспекцыі створана дзеяздольная пярвічная арганізацыя БРСМ на чале з галоўным дзяржаўным  падатковым інспектарам Аленай Юр’еўнай Прудзялюк. Моладзь стараецца не адставаць ад старэйшых у рабоце, а ў грамадскіх, культурных і фізкультурна-масавых мерапрыемствах ёй, як кажуць, няма цаны: ініцыятыўная і на суботніках, і ў мастацкай самадзейнасці, і ў клубе КВЗ, і ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах. Папулярныя сярод нашых спартсменаў-аматараў плаванне, лыжы, кулявая стральба, шахматы, шашкі. У раённых спаборніцтвах яны займаюць, як правіла, прызавыя месцы, напрыклад, у шахматах — начальнік аддзела Людміла Анатольеўна Грузіна, у стральбе — галоўны дзяржінспектар Валянціна Мікалаеўна Селязнёва.
Памятны для нас ліпень 2003г., калі ў Жабінкаўскім раёне, на базе летняга лагера “Лясная казка”, праходзіла 4-я Рэспубліканская спартакіяда сярод каманд інспекцый МПЗ. Мы актыўна ўдзельнічалі ў яе падрыхтоўцы. Масавы ўдзел — звыш палавіны калектыву — прынялі ў агульным канцэрце мастацкай самадзейнасці, што адбыўся пасля спартакіяды на Каралеўскай паляне Белавежскай пушчы.
Сапраўды, нашы супрацоўнікі імкнуцца жыць паўнакроўным жыццём. Ёсць свае “мастакі” і “архітэктары”. Яны былі пераможцамі абласнога конкурсу на касцюм інспектара будучыні, двойчы станавіліся дыпламантамі аглядаў-конкурсаў у ландшафтным дызайне, якія праводзіць прафсаюз фінансавых і падатковых органаў “Адзінства”. І гэта невыпадкова. Наш гонар — унутраны дворык, аформлены і дагледжаны сваімі рукамі. Тут расце сад з газонавай травой, стаяць арыгінальныя альтанкі, разбіты кветнікі, ёсць альпійская горка, арка, абвітая вінаграднай лазой. Тут утульна, прыгожа і добра адпачываецца. У садзе можна паласавацца яблыкамі і грушамі, вішнямі і слівамі, палюбавацца бярозкамі і ялінкамі, разнастайнымі кустамі і кветкамі, нават назбіраць у яго лясістым кутку сапраўдных грыбоў. Мы любім дом, у якім працуем, і сад, у якім адпачываем! Гэта аб’ядноўвае нас, дапамагае вырашаць пастаўленыя задачы.
Напярэдадні прафесійнага свята і 20-годдзя падатковай службы хачу ад душы пажадаць усім работнікам інспекцыі: незалежна ад любых абставін, няхай наша важная для грамадства работа прыносіць задавальненне і жаданне дасягнуць новых вышыняў. Здароўя ўсім, прафесійных поспехаў, дабрабыту, сямейнага цяпла, падтрымкі сяброў і калег!
Л.ЯРМАШУК, начальнік інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Жабінкаўскім раёне.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top