Будучыня належыць моладзі!

Будучыня належыць моладзі!

Пад такім дэвізам 30 чэрвеня праходзіў у Жабінцы Дзень моладзі, арганізаваны аддзеламі па справах моладзі і культуры райвыканкама. Зараз каля 6000 тысяч чалавек у раёне — маладыя людзі, што працуюць ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі і гэтым пакідаюць свой важкі ўнёсак у развіццё краю.
У сваім віншаванні старшыня райвыканкама М.В.Токар падкрэсліў, што ў краіне забяспечваюцца многія патрэбы моладзі, найперш у атрыманні годнай адукацыі, працы, жылля, у найлепшай рэалізацыі сваіх мараў. Мікалай Васільевіч пажадаў, каб чыстымі заставаліся юнацкія душы, а сённяшні дзень назваў часам добрых надзей для маладых.
Цэнтральнай часткай свята стала ўганараванне тых, хто памнажае багацце і славу жабінкаўскай зямлі, клапоціцца пра яе прыгажосць і самабытнасць.
Падзячным лістом абласнога выканаўчага камітэта адзначана праца начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Веры Бортнік. Яна адзначыла, што маладосць — гэта далёка не толькі ўзрост, але вобраз мыслення, жыцця, стан душы, і падзякавала за падтрымку маладых з боку раённага выканаўчага камітэта і працоўных калектываў.
Так, у гэтага свята былі канкрэтныя твары людзей, што ствараюць прывабны выгляд нашага краю. І гэтыя твары, прыгожыя ў сваёй маладосці, мог бачыць кожны.
За ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў раёне Пісьмом падзякі райвыканкама ўзнагароджаны інжынер аховы працы аддзела адукацыі Сяргей Макарук (ён, дарэчы, разам з Алесяй Жукавай вёў святочную імпрэзу).
Прэмію з рук старшыні райвыканкама атрымаў загадчык сектара будаўніцтва аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Казак, а каштоўныя падарункі — галоўны бухгалтар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Алексяюк і спецыяліст па кадрах ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” Максім Юдзін.
За прафесіяналізм у працы ўганараваны маладыя людзі, што працуюць у сельгас-прадпрыемствах: галоўны ветэрынарны ўрач ААТ “Жабінкаўскі” Аляксандр Кучынскі, механізатар ААТ “Ракітніца” Алег Міхалюк, загадчык майстэрнямі СВК “Рагазнянскі” Сяргей Карпінчык, бухгалтар СВК “Вазнясенскі” Таццяна Тышчанка і ветэрынарны ўрач гэтай гаспадаркі Сяргей Буснюк. Грашовымі прэміямі ад роднага ДРБУ-103 адзначаны Яўген Хамюк і Мікалай Максімук, а вадзіцель ПМК-19 Алег Міранюк і трактарыст-машыніст ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” Ігар Шаўчук — падарункамі ад сваіх прадпрыемстваў.
Заўсёды ў пільным полі зроку праблемы моладзі на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Тут працуюць каля 200 маладых людзей, адзначыў старшыня прафкама прадпрыемства В.М.Якубук, які ўганараваў Артура Ранько, Наталлю Смалюк, Юрыя Барысюка і Алега Верамея.
Больш за дзве тысячы маладых людзей прадстаўляюць у раёне працуючую моладзь, з іх каля трохсот заняты ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку выдатныя працаўнікі СВК “Хмелева” Аляксандр Дзянішчыц, Сяргей Кірылюк, Аляксандр Гойка, якіх віншавала старшыня савета моладзі кааператыва В.В.Мекец. Гарачымі апладысментамі сустракалі прысутныя таксама камунальнікаў Пятра Аўсейчука і Андрэя Грыцука, што атрымалі ўзнагароды з рук намесніка старшыні прафсаюзнага камітэта Жабінкаўскай ЖКГ Н.І.Наруш.
Вядома, свята не бывае без песень. І яны гучалі на працягу ўсяго мерапрыемства, у асноўным у выкананні маладых і звонкіх галасоў Вольгі Фядотавай, Настассі Цісленка, Марыны Базылюк і Настассі Калячка, падтрыманых ужо сталымі выканаўцамі Валерыем Няменшым, Ірынай Рынчук, Вікторыяй Міцковіч.
Своеасобным фінальным акордам ганаровай часткі стала песня “Ай лаў Беларусь”. Гэтак юнакі Жабінкаўшчыны ярка і песенна прызнавалася ў любові да роднай краіны, будучыню якой ім будаваць надалей.
Свята атрымалася разнастайным. Для наймалодшых праводзілася гульнёвая праграма, працавалі атракцыёны і катамараны, цікавасць выклікаў конкурс у зборцы-разборцы аўтамата, да позняй ночы гучалі моладзевы рок-канцэрт “Юнацтва запальвае агні” і выступленне гурта “Александр-парк”, упрыгожанае лазерным шоу.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: у час святкавання ў Жабінцы Дня моладзі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top