Сезон здабычы торфу ў разгары

На ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” вядзецца актыўная здабыча торфу, якая пачалася яшчэ ў красавіку. На сённяшні дзень сезоннае заданне выканана на 37,6%. Замест мінулагодніх 125 тыс. тон работнікам прадпрыемства патрэбна назапасіць 110 тыс. тон. З пачатку сезона лепшыя сярод машыністаў па здабычы: Сяргей Пятровіч Мацвяюк, Міхаіл Пятровіч Каральчук і Данііл Міхайлавіч Мацюк.

Новы корм для парасят

Тэхнолагі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” распрацавалі для парасят новы камбікорм СК-21. На 70% ён складаецца з зерневай групы, куды ўваходзяць: лушчаны ячмень, пшаніца, трыцікале, пшанічнае вотруб’е, кукуруза; на 20% — з бялковай групы, у якой шрот сланечнікавы і соевы, дрожджы, сухое малако. 10% адведзена мінеральна-вітамінным дабаўкам, дзе ёсць павараная соль, мел, фасфат і прэмікс. Тэхнолагі завода ўпэўнены, што парасяты, у кармленні якіх будзе выкарыстоўвацца камбікорм СК-21, дадуць высокія прыбаўленні ў вазе. Ён эканамічна выгадны, бо пры складанні рэцэптуры кіраваліся такімі прынцыпамі, як высокая якасць прадукцыі, аптымальны састаў вітамінаў і мікраэлементаў, здаровае пагалоўе, максімальны прырост і эфектыўнасць вырошчвання.

Каб набыць вакцыну — патрэбны заяўкі

Сезонны пад’ём захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі прыпадае на студзень-сакавік, але падрыхтоўку да абароны насельніцтва ад іх неабходна пачынаць ужо летам. Вядома, што самы эфектыўны сродак — прафілактычная імунізацыя. Чым больш лю-дзей зробяць прышчэпкі, тым вышэй будзе калектыўны імунітэт (неўспрымальнасць да інфекцыі). Такім чынам, хворы на грып калі і з’явіцца на рабочым месцы, дык неўспрымальнасць да гэтай інфекцыі яго калег будзе садзейнічаць спыненню шляхоў перадачы хваробы і, безумоўна, зніжэнню захваральнасці ў калектыве. Заяўкі на набыццё супрацьгрыпознай вакцыны для імунізацыі сваіх супрацоўнікаў падалі ўжо з 12 прадпрыемстваў і арганізацый раёна (цукровы і камбікормавы заводы, ПМК-19, ПМК-10, ЖКГ і інш.). Кіраўнікам іншых працоўных калектываў таксама патрэбна паклапаціцца пра гэта. І чым хутчэй, тым лепш, бо тэрміны закупу вакцыны заканчваюцца.

Артысты — заўсёдныя падарожнікі

Гэтак можна сказаць, калі прыгадаць чэрвеньскія канцэртныя вандроўкі аматарскіх калектываў раёна. Народны гурт “Музычны вянок” з аграгарадка Ленінскі пад кіраўніцтвам Марыны Пракошынай годна прадстаўляў усю нашу Брэстчыну на фальклорным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах. З Віцебшчыны самадзейныя артысты прывезлі дыплом, які атрымалі ў намінацыі “Прыпеўка”.
У святочныя дні Троіцы сваім мастацтвам радавалі жыхароў вёскі Бастынь Лунінецкага раёна і сяхноўцаў на канцэрце, што ладзіўся паблізу Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, “Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца”.
У творчым падарожжы хмелеўцы і зараз. 27-30 чэрвеня знакаміты народны тэатр гумару, гульні і песні з Хмелева бярэ ўдзел у міжнародным фестывалі “Вянок дружбы”, які праводзіцца ў Бабруйску.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top