Эканаміст з душой гуманітарыя

Эканаміст з душой гуманітарыя

Перад юнай і здольнай Таццянаю было шмат дарог, бо падабаліся ёй як гуманітарныя, так і дакладныя навукі. Асабліва вабіла родная мова. Нават зараз Таццяна Аляксандраўна Грышкевіч, галоўны эканаміст ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” любіць, калі адпачывае, перачытваць старонкі рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Яна магла стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ці юрыстам, аднак перавагу аддала эканоміцы.
Пасля ўніверсітэта яна прыйшла працаваць эканамістам у Жабінкаўскі камбінат бытавога абслугоўвання. Як бы добра чалавек не вывучыў тэорыю, на першым працоўным месцы даводзіцца спасцігаць азы прафесіі. За тыя пяць гадоў, што працавала ў камбінаце, як прызнаецца Таццяна, навучылася ўсяму, што датычыцца эканамічнай практыкі. Спачатку была вядучым эканамістам, потым павысілі да галоўнага эканаміста. Аднак, гэтая ступенька не аказалася апошняй у кар’ернай лесвіцы. Спецыяліста запрасілі працаваць ва ўпраўленне гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама.
— Самае каштоўнае, што дала праца ў аблвыканкаме, — гэта вопыт зносін з людзьмі, якія займаюць высокія кіруючыя пасады. Абставіны склаліся так, што мне пасля двух гадоў працы тут, трэба было вяртацца ў Жабінку. Тэлефонны званок галоўнага бухгалтара цукровага завода і яе прапанова месца бухгалтара аказаліся дарэчы.
Але бухгалтэрыя была для Таццяны часовым прыпынкам на дарозе да пасады галоўнага эканаміста. Зараз яна адчувае сябе сапраўды на сваім месцы. Якой бы цяжкай і адказнай не была гэтая праца, яна прыносіць ёй задавальненне.
— Канечне, на прад-прыемстве цікавей. Калі першы год працавала галоўным эканамістам на цукровым заводзе, так званы перыяд акліматызацыі, увогуле забіраў усе сілы. Увайсці ў курс справы дапамаглі дзяўчаты-калегі Таццяна Міхайлаўна Ляшчына і Наталля Мікалаеўна Міхайлоўская. Вось такім невялікім жаночым калектывам спраўляемся з задачамі, якія ставіць кіраўніцтва перад планава-эканамічным аддзелам. Кожная з нас добра ведае свае абавязкі, у кожнай свой абсяг дзейнасці, аднак, калі трэба хутка зрабіць нейкую справу працуем адной камандай, — дзялілася пад час размовы галоўны эканаміст.
Абавязкаў у планава-эканамічнага аддзела і Таццяны Аляксандраўны, як яго кіраўніка, шмат. Гэта планаванне і аналіз дзейнасці прадпрыемства, складанне бізнес-плана, калькуляцый, цэнаўтварэнне. Плюс функцыіі ўпраўлення грашовымі патокамі пад кіраўніцтвам гендырэктара. Да таго ж на Таццяну Аляксандраўну ўскладзена арганізацыйная работа аддзела, пад яе кіраўніцтвам працуе таксама аддзел працы і заработнай платы.
На пытанне, як спраўляцца з такім аб’ёмам работы, вытрымліваць эмацыйнае напружанне, Таццяна адказвае, што трэба навучыцца правільна расстаўляць прыярытэты:
— У гэтым плане мужчынам прасцей, у іх атрымліваецца вырашаць праблемы па меры іх паступлення, а вось жанчына стараецца справіцца з усімі адразу. Але ўсё прыходзіць з вопытам. За 10 гадоў працы ў эканоміцы, я навучылася бачыць, якая справа не можа пачакаць, а якую можна адтэрмінаваць. У нашай прафесіі трэба быць цярплівым і валодаць такімі якасцямі, як адказнасць і стрэсаўстойлівасць. Мова ідзе аб кіраванні вялікімі аб’ёмамі грошай, таму ў нашым кабінеце можна знайсці цэлы набор лекаў, якія супакойваюць, — з усмешкай адзначае Таццяна.
Паводле слоў галоўнага эканаміста, праца займае шмат асабістага часу. Аднак для Таццяны — гэта не праблема, калі справа таго каштуе. Зараз, асноўная задача, якая пастаўлена перад заводам — рэканструкцыя вытворчасці згодна з дзяржаўнай праграмай, што дазволіць перапрацоўваць 10 тысяч тон буракоў у суткі. А перад планава-эканамічным аддзелам — як яе прафінансаваць.
— Толькі зусім нядаўна я навучылася працоўныя праблемы пакідаць за дзвярамі рабочага кабінета, — тлумачыць жанчына. — Раней адпачываць ад работы дапамагаў басейн, а цяпер і гэта не выратоўвае. Бывае, прыходзіш дадому і нават навіны па тэлевізары глядзець не можаш, вялікі паток інфармацыі, які ты атрымліваеш за дзень, проста выціскае ўсё іншае. Некалі падабалася пасля рабочага дня праводзіць вольны час з літаратурай, а зараз засталіся толькі самыя любімыя кнігі Караткевіча, Шамякіна, дакранаючыся да якіх забываеш пра ўсё.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top