Гучалі мелодыі ўсхвалявана

Гучалі мелодыі ўсхвалявана

Больш за 45 гадоў Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў з’яўляецца культурным цэнтрам мастацкай творчасці юных талентаў. На трох яе аддзяленнях: музычным, харэаграфічным і мастацкім, займаюцца больш як 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Свае творчыя здольнасці, уменні і навыкі яны рэалізуюць праз удзел у фестывалях і конкурсах рознага ўзроўню — гарадскіх, рэгіянальных, міжнародных. Так, цымбалісткі Маша Кальман і Ірына Кавальчук, выхаванкі педагога Надзеі Рыгораўны Жываевай, удзельнічалі ў абласным конкурсе-фестывалі “Сярэбраны звон цымбалаў” і былі ўзнагароджаны граматамі. Вучні Васіля Канстанцінавіча Палулеха і Марыны Раманаўны Кісінскай Яўген Грэцкі і Ангеліна Жываева паспяхова выступілі ў Стаўбцах на Першым адкрытым міжнародным конкурсе выканаўцаў на духавых інструментах. Асабліва парадавалі калектыў дзіцячай школы мастацтваў юныя піяністкі Кацярына Казінская і Ксенія Філіпук, якія ўдзельнічалі ў ХІІІ адкрытым фестывалі выканаўцаў на фартэпіяна. Талент першай дзяўчынкі адзначаны дыпломам, другой — граматай, а працуе з імі Алена Сцяпанаўна Казінская.
Нягледзячы на тое, што вучэбная нагрузка ў агульнаадукацыйнай школе высокая, жаданне займацца творчасцю цудоўна спалучаецца ў нашых дзяцей. Ствараюцца розныя аркестры і ансамблі, якія і з’яўляюцца гонарам школы. Сёлета дзіцячы аркестр народных інструментаў, якім кіруе Наталля Мікалаеўна Грэцкая, падрыхтаваў канцэртную праграму і вылучаўся на атрыманне звання “Узорны дзіцячы калектыў”. Выступленне юных музыкаў было дастойна ацэнена камісіяй. Чакаюць рашэння.
2012/2013 навучальны год для педагогаў і вучняў дзіцячай школы мастацтваў быў напоўнены напружанай працай і меў пэўныя набыткі. Падвялі яго вынікі па добрай традыцыі на справаздачным канцэрце, які адбыўся ў гарадскім Доме культуры. Гасцей свята творчасці сустракаў духавы аркестр, які выконваў урачыстыя маршы і іншыя музычныя творы, чым ствараў не толькі святочны настрой, але прыдаваў узнёсласць, каларытнасць, сімвалічнасць мерапрыемству.
Галіна Барысаўна Бяляк са сваімі выхаванцамі, вучнямі мастацкага аддзялення, арганізавала выставу карцін. Многіх гледачоў захапілі таленавітыя работы Ганны Сушынскай, Антона Петухова, Лізы Сарокі, Вадзіма Брэня.
Гледачамі і слухачамі творчых дасягненняў юных былі таты і мамы, бабулі і дзядулі, сябры. Сваёй канцэртнай праграмай вучні парадавалі ўсіх гледачоў, найбольш, вядома, педагогаў. Ярка, прафесійна выконваліся нумары. Прыемнае ўражанне даставіў глядацкай зале ансамбль акардэаністаў, удзельнік абласнога конкурсу выканаўцаў на народных інструментах у Пінску, што выканаў песню “Сусед”. Ім кіруе Л.У.Санюк.
Асаблівае захапленне ў прысутных выклікалі вучні 1 класа харэаграфічнага аддзялення са сваімі музычна-танцавальнымі нумарамі. Уразілі таксама публіку вакальны ансамбль “Смяшарыкі”, з якім зай-маецца С.А.Няменшая, і хор малодшых класаў пад кіраўніцтвам Г.У.Таргонскай. Канечне, не абышоўся канцэрт без выступленняў ансамбля скрыпачоў і дзіцячага шумавога аркестра. Свой прафесіяналізм паказалі выкладчыкі С.В.Носаў, М.М.Юдзіцкі і Ю.Ю.Нічыпарук, якія сыгралі ўдзячным слухачам народны танец “Трапак”.
Не скупіліся на апладысменты госці свята музыкі і з удзячнасцю праводзілі са сцэны салістаў М.Панфіла, М.Базылюк і Т.Бяляк. Упэўнена і з запалам выканалі на цымбалах рэгтайм “Каўбасны рэг” Дар’я і Марыя Лобаны. Па-за канкурэнцыяй былі выступленні інструментальнага ансамбля настаўнікаў “Тоніка” і дзіцячага аркестра народных інструментаў, педагог якога Н.М.Грэцкая.
Словам, канцэрт прайшоў дынамічна, ярка і запамінальна. У фінале ў выкананні аркестра настаўнікаў прагучалі сюіта да аповесці “Мяцеліца” Г.Свірыдава, “Марш” В.Гаўрыліна і песня “Музыка” ў выкананні дзіцячага вакальнага ансамбля.
Свята музыкі паказала, што ў дзіцячай школе мастацтваў навучаюцца сапраўды таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з дапамогай сямі нотаў здольныя перадаць засмучэнне, надзею, трапяткое каханне…
З кожным годам выступленне выхаванцаў школы мастацтваў усё ярчэй і больш прафесійнае.
Людміла Каўбаска, дырэктар ДУА “Жабінкаўская дзіцячая школа мастацтваў”.
На здымках: пад час справаздачнага канцэрта.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top