Праз гульню — да чалавечай мудрасці

Праз гульню — да чалавечай мудрасці

У вучэбную пару штотыднёва тры дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з другой і трэцяй гарадскіх адзіннацацігодак у суботнія дні спяшаліся на гурток “Шахматы”, арганізаваны А.А.Дарошкам — чалавекам, надзвычай улюбёным у гэтую старажытную гульню.
Вось ўжо больш шасці дзясяткаў гадоў Адам Аляксеевіч не ўяўляе свайго жыцця без складаных камбінацый, дэбютаў ды эндшпіляў, а свае ўменні з ахвотаю дорыць дзецям. Ён шчыра лічыць, што шахматы — гэта найцудоўнейшы шлях выхавання. Бо дазваляе не проста рухаць фігуры па шахматнай дошцы, але й вучыць такім патрэбным якасцям, як уменне разважліва і дакладна планаваць самое жыццё. Ужо восем гадоў А.А.Дарошка гуртуе вакол сябе вучняў у нашым горадзе.
Захапленне мудрай гульнёй у нечым вызначыла ягоны лёс. Адамава дзяцінства прыпала на няпростыя пасляваенныя гады. Ён вучыўся на Століншчыне ў пятым класе, калі пасля дэмабілізацыі з войска вярнуўся аднавясковец Гаўрыіл Міронавіч. Хлапчукі літаральна гурбою хадзілі за былым салдатам. І ён аказаўся добрым знаўцам дзіцячых душ, навучыў падлеткаў-падранкаў ваеннай пары, якім не хапала бацькоўскага клопату і цеплыні, розным спартыўным навыкам. Разам гулялі ў валейбол і футбол, а пасля гарачых матчаў спяшаліся на рэчку, дзе займаліся плаваннем. Але ж болей за ўсё Адаму спадабаліся шахматы. Чароўныя “бітвы” на чорна-белых клетках, дзе нават пешка пры разумным раскладзе магла “выбіцца” ў фярзі, захапілі хлопчыка. І ў студэнцкія гады ён не развітваўся з шахматамі, удзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах, на першынствах раёна і вобласці. Дваццаць гадоў таму на выступленнях у Пінску Адам Аляксеевіч стаў кандыдатам у майстры спорту.
— Трэба адчуць прыгажосць шахмат, што адточваюць і трэніруюць розум, і тады нічога не будзе лепей ды захапляльней за гульню, якая прыносіць сапраўдную асалоду, — упэўнены настаўнік.
Трыццаць сем гадоў жыцця А.А.Дарошка прысвяціў працы ў школах Столінскага раёна, пакуль не перасяліўся разам з жонкай Алай Паўлаўнай, былой настаўніцай рускай мовы і літаратуры, у Жабінку, дзе ўжо жылі дочкі Іна і Алёна. Адаму Аляксеевічу вельмі хацелася, каб ягонае захапленне падхапілі маладыя, і трохі здзівіўся, што ў той час у Жабінцы не існавала ніводнага шахматнага гуртка. З прапановай арганізаваць яго звярнуўся ў раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тагачасны дырэктар установы Алена Канстанцінаўна Скрыпка ідэю ўхваліла і нават прапанавала стварыць гурткі адразу для дзвюх узроставых груп па 15 чалавек у кожнай.
— Час хутка ляціць — дзеці хутка растуць, — гаворыць з усмешкаю Адам Аляксеевіч. — Але ж і цяпер уважліва сачу за лёсамі сваіх былых выхаванцаў. Нашы адносіны дасюль застаюцца выдатнымі, пры выпадковых сустрэчах вітаемся, як найлепшыя сябры і аднадумцы. З радасцю слухаю пра юначыя поспехі.
Колішні гуртковец Алег Александровіч прызнаецца, што стратэгія разумнай гульні дапамагала яму нават у час вучобы ў вышэйшай навучальнай установе. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Алег вярнуўся на працу ў родны горад. Шчыра ўдзячныя Адаму Аляксеевічу за навуку і Мікалай Кавальчук, які таксама мае ўжо вышэйшую адукацыю, Міхаіл Кашчэва, што вучыцца зараз на медыка. Разам успамінаюць, колькі захапляльных гадзін правялі над шахматнымі задачамі-галаваломкамі і складанымі эцюдамі.
Сярод сённяшніх выхаванцаў А.А.Дарошку вельмі радуюць поспехі Мішы Казакевіча з другой гарадской, Андрэя Грэтчанкі і Вікторыі Манцэвіч з СШ №3 г.Жабінка.
— Іх шлях — праз гульню — да чалавечай мудрасці, — гаворыць Адам Аляксеевіч, — таму ўсё найлепшае яшчэ наперадзе. А Якаў Андрасюк і Ілья Анішчук з другой гарадской школы здолелі ўзняцца на першую значную ступеньку майстэрства: хлопчыкі маюць ужо трэці юнацкі разрад у шахматах.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: А.А.Дарошка з сябрамі гуртка
 “Шахматы”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top