Парадак павінен быць ва ўсім

Парадак павінен быць ва ўсім

 

Напэўна, многія, хто ўдзельнічаў у раённым Дні аховы працы, упэўніліся, што гэта патрэбнае мерапрыемства. Для адных ёсць магчымасць параўнаць: а як жа ў нас — горш ці лепш? Для іншых — паказаць, што зроблена і пастарацца да агляду яшчэ больш падцягнуцца. А ў цэлым, ёсць магчымасць нешта, як кажуць, узяць на заметку, каб у перспектыве ажыццявіць у сябе. На гэты раз Дзень аховы працы сумясцілі з выязной сесіяй раённага Савета дэпутатаў. Як зазначыў яго старшыня С.В.Мартысюк, улічылі, што ў плане работы народных выбраннікаў для абмеркавання было вынесена пытанне аб стварэнні бяспечных умоў працы на прадпрыемствах раёна.
Прапаноўвалася паглядзець тры калектывы — КУШВП  ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” і СВК “Хмелева”. Старшыня райвыканкама М.В.Токар падкрэсліў, што летась аналагічны семінар толькі абласнога маштабу праходзіў на аб’ектах ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, ПМК-19 УП “Брэстводбуд” і СВК “Рагазнянскі”. Тады была ацэнена станоўча дзейнасць у ахове працы. Па выніках работы ў 2012 годзе СВК “Рагазнянскі” заняў першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе і стаў пераможцам сярод сельгаспрадпрыемстваў у рэспубліцы на лепшую арганізацыю работы ў ахове працы.
— Гэтыя поспехі патрэбна замацоўваць, — нацэльваў, адкрываючы мерапрыемства, кіраўнік раёна, — і трэба пастарацца, каб і сёлета адно з жабінкаўскіх прадпрыемстваў прадоўжыла добры пачатак. Тым больш, што здароўе чалавека, яго бяспечныя ўмовы працы, добра наладжаныя бытавыя ўмовы — аснова паспяховай дзейнасці любога калектыву.
Аб парадку на тэры-торыі базы камунальнікаў нават і гаварыць недарэчна. Арганізацыя, якая сочыць і наводзіць парадак у горадзе і раёне, павінна быць узорам ва ўсім. У гэтым, у прынцыпе, усе і ўпэўніліся. “Гіды” — кіраўнік прадпрыемства А.М.Будзько і галоўны інжынер М.В.Бобрык — паказалі таксама, як забяспечана пажарная бяспека на вытворчасці, як абуладкаваны стацыянарны зварачны пост, сталярны цэх, крытае сховішча для тэхнікі. Асаблівая ўвага надавалася таму, наколькі спрыяльныя і бяспечныя ўмовы працы на гэтых участках.
Хутка пяць гадоў як функцыянуе пабудаваная на ўскрайку Жабінкі станцыя абезжалезвання вады. Як сказаў начальнік водазабору В.І.Юрчук, мэтазгоднасць яе ўзвядзення была абумоўлена вялікай канцэнтрацыяй жалеза ў падземных водах, што перавышала норму прыблізна ў пяць разоў. Цяпер паказчыкі якасці вады, якую ўжываюць жабінкаўцы, не выклікаюць апасення, а сістэма вытворчага кантролю дазваляе перыядычна сачыць за працэсам яе падачы. Дарэчы, у лабараторыі станцыі могуць зрабіць аналізы вады і грамадзяне (напрыклад, з калодзежаў, што ёсць на падворках), і юрыдычныя асобы прадпрыемстваў і арганізацый. Словам, супрацоўнікі станцыі абезжалезвання кантралююць, якую ваду мы ўжываем, а такім чынам, і ў адказе за наша здароўе.
З кабінетам аховы працы пазнаёміла інжынер аховы працы ЖКГ Т.А.Андраюк. Можна было ўпэўніцца, што пакой адпавядае сучасным патрабаванням. Тут праводзяцца навучанне, праверка ведаў, інструктажы. Ёсць 24 месцы для заняткаў, тры камп’ютары са спецыяль-нымі праграмамі, якія пры неабходнасці абнаўляюцца, стэнд з плакатамі. А лозунг на сцяне  “У аснове бяспекі — веды”, сапраўды, гаварыў пра многае. Толькі там будуць бяспечныя і здаровыя ўмовы працы, дзе належныя метады навучання, кантролю, прафілактыкі, інфармавання па праблематыцы гібелі і траўміравання людзей на вытворчасці. У працэсе абмену думкамі падкрэслівалася, што парадак павінен быць ва ўсім, у тым ліку ў дакументацыі, якая датычыцца гэтых пытанняў.
Тэрыторыя, што перад адміністрацыйным будынкам сельгастэхнікі, сапраўды ўразіла. Людзі, якія маюць справу з жалезам, аказваецца, валодаюць адчуваннем прыгажосці і гармоніі. Інакш і не скажаш: вакол кветкі, дэкаратыўныя расліны, а таксама арыгінальныя альтанка, свяцільні, вазонніцы і інш., зробленыя па-майстэрску ўласнымі сіламі.
— Патрэбна наводзіць утульнасць і чысціню на тэрыторыі прадпрыемства, у кабінетах, на рабочых месцах, што стымулюе людзей захоўваць элементарныя правілы культуры, у тым ліку і патрабаванні ў ахове працы. Гэта добра разумеюць у калектыве райсельгастэхнікі, і трэба аддаць належнае, у многім тут заслуга дырэктара Уладзіміра Дземідзюка, — сказаў старшыня райвыканкама М.В.Токар.
380 мільёнаў рублёў было патрачана летась у арганізацыі на добраўпарадкаванне і стварэнне бяспечных умоў працы, з іх 250 млн. — на рамонт бытавых памяшканняў. Ужо сёлета на гэтыя мэты расходавана больш чым 100 мільёнаў рублёў.
Хто даўно не быў на мехдвары СВК “Хмелева” адзначыў станоўчыя моманты: на тэрыторыі акуратна, адрамантаваны і пафарбаваны будынкі знешне і ўнутры. Шмат было зроблена да  выязнога пасяджэння (ды, гэта ў прынцыпе і няблага, што прыспешыла такая нагода). Адчувалася, пра здаровыя і бяспечныя ўмовы працы механізатараў тут клапоцяцца, не забываюць і пра бытавыя зручнасці: у адным з памяшканняў ёсць лазня, невялічкі басейн, душ. У час палявых работ наладжана добрае харчаванне.
Калі падагульніць убачанае на прапанаваных да агляду аб’ектах ЖКГ, сельгастэхнікі і СВК “Хмелева”, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што кіраўніцтва гэтых калектываў імкнецца стварыць для работнікаў такія ўмовы, каб яны ішлі на працу як на свята, а з працы як з гасцей (у сэнсе — з пачуццём задавальнення ад выдатна зробленай справы). Напэўна, не ўсе могуць пахваліцца, што на практыцы атрымліваецца менавіта так.
Гаворка на абазначаную тэму прадоўжылася ў актавай зале райвыканкама.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: на мехдвары СВК “Хмелева”; у кабінеце аховы працы ЖКГ; прыгожа на тэрыторыі райсельгастэхнікі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top