Прырода — найцікавейшая кніга

Прырода — найцікавейшая кніга

Праблемы экалогіі знаходзяцца ў шэрагу самых надзённых. Будучыня прыроды цікавіць чалавека. Камп’ютарныя тэхналогіі дазволілі кардынальна пашырыць магчымасці доступу да патрэбнай інфармацыі, але ўсё ж аснову экалагічна-асветніцкай дзейнасці сярод насельніцтва складаюць кнігі і перыядычныя выданні.
Кніга вядомага беларускага пісьменніка Янкі Сіпакова «Зялёны лісток на планеце Зямля» ўяўляе сабою партрэт нашай краіны, складзены з эсэ, якія распавядаюць пра месца Беларусі і беларусаў у свеце, пра нашу флору і фауну, прыгажосць нашай зямлі, пра тое, чым мы ганарымся, і што засмучае нас. З кнігі можна даведацца пра Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які нам дастаўся пасля Чарнобыля: у ім даследуецца радыяцыя на дрэвы, ваду, жывёл, расліны і чалавека. Ён займае плошчу больш за 130 гектараў, у ім расце 1 250 відаў раслін, жыве 54 віды дзікіх жывёл, 25 — рыб, гняздуюцца 280 відаў птушак. І ўсё гэта пры вельмі высокім узроўні радыяцыі. А ці ведаеце вы, што дуб  спрадвеку ў беларусаў лічыўся дрэвам продкаў. Таму беларусы называлі дубы Волатамі і Асілкамі і прыносілі да іх ахвяраванні, вешалі на галіны ручнікі. У народзе кажуць, што энергетыка дуба дае вялікі прыліў сіл, і той, хто будзе кожны дзень прыходзіць да яго, можа вылечыць любую хваробу. З кнігі можна даведацца, якія жывёлы і птушкі занесены ў Чырвоную кнігу, і што ёсць такія віды, якія выключаюцца з Чырвонай кнігі, бо пагрозы знікнення іх на сённяшні дзень няма. Напрыклад, рэміз, круцігалоўка, лебедзь-шыпун, колькасць якога павялічылася ў некалькі дзясяткаў разоў, і зараз у нас няма ніводнага вадаёма, дзе б ён адсутнічаў. Пра іншыя цікавыя факты з прыроды распавядае кніга «Зялёны лісток на планеце Зямля».
Сёння чалавецтва стаіць перад пагрозай глабальнага крызісу водных рэсурсаў. Наша задача не дапускаць забруджвання і знікнення водных крыніц на беларускай зямлі. На тэрыторыі рэспублікі знаходзіцца мноства азёр: вялікіх і маленькіх, глыбокіх і плыткіх, вядомых і зусім незнаёмых. Нездарма ж нашу краіну называюць краінай блакітных азёр, а самі азёры — вачамі зямлі. Найбольш буйныя і вядомыя з іх — Нарач, Свіцязь, Князь-возера, апетыя ў вусных і паэтычных творах. Калі вас зацікавіць, як узніклі назвы азёраў Мяднянскае ці Медна ў Брэсцкім раёне, Белае ў Драгічынскім, Любань у Кобрынскім, Мотальскае ў Іванаўскім, прачытайце кнігу «Азёры Беларусі», дзе даецца тапаніміка больш за 100 назваў паводле легендаў і паданняў.
Ёсць творы, якія садзейнічаюць экалагічнай асвеце насельніцтва. Сярод іх кніга Сяргея Зуёнка «Сонца ў кроплі расы», у якой цікава распавядаецца пра жыццё жывёл і птушак, якія насяляюць тэрыторыю нашай краіны. На канкрэтных прыкладах можна пазнаёміцца з экалагічнымі праблемамі, якія востра стаяць перад абаронцамі прыроды, пра неабходнасць беражлівых адносінаў да навакольнага асяроддзя. Цікавыя звесткі дае аўтар пра самых прыкметных узімку птушак — снегірах.
Эфектыўная мера захавання прыроднага асяроддзя для будучых пакаленняў — стварэнне запаведных тэрыторый. 10 аб’ектаў Беларусі ўваходзяць у еўрапейскую батанічную экалагічную сетку, сярод іх: Налібоцкая пушча і Блакітныя азёры, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Гарадокскае ўзвышша, Палескі заказнік-парк «Прыпяцкі», і, вядома ж, Нацыянальны парк Белавежская пушча. У кнізе «Запаведныя тэрыторыі Беларусі» дадзены кароткія характарыстыкі прыродных умоў 89-ці тэрыторый рэспубліканскага значэння, якія ахоўваюцца. У кнізе 1 120 фотаздымкаў і 89 карт.
Калі вас зацікавілі гэтыя звесткі і вы жадаеце даведацца больш, чакаем вас у Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф раённай бібліятэкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top