У райвыканкаме

У райвыканкаме

21 чэрвеня прайшло пасяджэнне райвыканкама, якое вёў кіраўнік раёна М.В.Токар. Удзел у рабоце прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі №8 У.І.Пузырэўскі.
Аб гатоўнасці сельгасарганізацый раёна да ўборкі ўраджаю зерневых і зернебабовых культур далажылі галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу — аграном А.А.Якімчук і інжынер А.У.Чэрнік. Сёлета ўборачная плошча складае 15345 га. Сярэдняя нагрузка на адзін зернеўборачны камбайн у раёне 229 гектараў. Мінімальная яна ў СВК “Арэпічы” (156 га), максімальная ў СВК “Рагазнянскі” (256 га). Выканкам даручыў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў да 1 ліпеня забяспечыць поўную гатоўнасць зернеўборачных камбайнаў, зернесушыльных комплексаў і іншай тэхнікі, якую плануецца задзейнічаць на жніве, укамплектаваць уборачныя звенні сродкамі пажаратушэння і мабільнай сувязі, а таксама брыгадамі-рамонтнікаў у палявых умовах.
Дэтальна было абмеркавана, як аснашчана тэхнікай кожная гаспадарка і яе гатоўнасць. Было прапанавана задзейнічаць на жніве кадры з іншых арганізацый і прадпрыемстваў.
Зусім хутка прыйдзе найважнейшая кампанія ў жыцці вяскоўцаў — уборка хлеба, падкрэсліў старшыня райвыканкама М.В.Токар. Раёну патрэбна сабраць 63 тыс. тон збожжа і 5800 тон алейнага насення рапсу і выканаць дзяржзаказ здачы, які складае адпаведна 11950 і 3000 тон.
Актыўная гаворка вялася і па другім пытанні — аб эфектыўнасці мераў у прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Як адзначыў дакладчык — галоўны ўрач УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” А.І.Лаўрукевіч, мэтанакіраваную работу ў гэтым накірунку праводзіць і мясцовая ўлада, і грамадскія арганізацыі, няма па-сутнасці раўнадушных да гэтай сур’ёзнай праблемы ў працоўных калектывах, грамадстве ўвогуле. Кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання больш прынцыпова падыходзяць да парушальнікаў: за прагулы і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, у тым ліку за распіццё спіртных напояў летась было звольнена 154 работнікі (у 2011-ым — 48). На працягу апошніх чатырох гадоў адзначаецца станоўчая дынаміка зніжэння колькасці злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення з 30 у 2010 годзе да 17 у 2012-ым. Як заўважыў начальнік РАУС У.Ц.Барысюк, непакоіць, што расце колькасць вадзіцеляў, якія сядаюць за руль у нецвярозым стане з 48 у мінулым годзе, сёлета іх ужо 59.
На пасяджэнні выказваліся розныя меркаванні: наколькі эфектыўныя забаронныя меры на алкаголь, ці ёсць карысць ад абмежавання продажу спіртных напіткаў; ці патрэбныя “начныя” магазіны; выхаванне культуры піцця і іншыя. Але ў адным пазіцыя ўсіх сыходзілася, што і надалей неабходныя прафілактыка гэтай заганнай з’явы, фарміраванне негатыўных адносін да п’янства, падтрымка здаровых традыцый.
Аб рабоце назіральнай камісіі праінфармавала намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк. Як адзначалася, у прыватнасці, камісія і надалей будзе наведваць прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць асобы, асуджаныя да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, праводзіць выязныя пасяджэнні, запрашаць на іх кіраўнікоў арганізацый у мэтах аказання садзейнічання ў працаўладкаванні тых, хто стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
За кошт броні, устаноўленай на 2013 г. працаўладкавана 2 чалавекі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Адмоў наймальнікаў у прыёме на працу асобаў гэтай катэгорыі не было.
Выканкам прыняў рашэнні па ўсіх абмеркаваных пытаннях, назначыў адказных за іх выкананне.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top