Глядзеў не аднойчы ў твар бядзе

Глядзеў не аднойчы ў твар бядзе

Ужо падрасла і састарылася яблыня, што пасадзіў уласнымі рукамі. Дый не дзіўна: ветэрану Вялікай Айчыннай, кавалеру ордэна Славы ІІІ-й ступені Рыгору Аляксеевічу Арапчуку ідзе 89-ы год.
Побач з узнагародамі, што ўсыпалі грудзі, — тры нашыўкі: жоўтая і дзве чырвоныя. Гэта адзнакі ранаў — адной цяжкай, ад якой дасюль не падымаецца левая рука, і дзвюх лёгкіх. Калі папрасілі дапамагчы апрануцца старому чалавеку, ён жвава запратэставаў:
— Не трэба, яшчэ сам здольны за сабою глядзець.
А потым доўга шчыра дзякаваў за тое, што не забываемся, прыязджаем, каб паслухаць пра ягонае жыццё.
Ён жыве спрадвеку ў Панцюхах, свой далёкі паход у Еўропу ажыццявіў вымушана — прызыў паклікаў яго ўлетку векапомнага сорак чацвёртага года.
Першае наша пытанне тычылася таго летняга ранку 1941 года, што змяніла жыццё нашага краю.
— У млосную спакойную ноч на 22 чэрвеня я з бацькам Аляксеем Лукічом уладкаваліся на сенавале ў хляве, — пачаў успамінаць Рыгор Аляксеевіч. — Добра, моцна спалася ў водары сена, прачнуліся разам, бо трэба было гнаць на пашу кароў. Было прыблізна чатыры гадзіны раніцы, рагулі паўсонныя ішлі нетаропка, калі пачуўся незвычайны гук.
Спачатку былі разгубленасць і непаразуменне, бо падалося, што самалёты закрывалі ўсё неба. Неўзабаве на дарозе з Жабінкі з’явіліся групкі людзей: з мястэчка ўцякалі яўрэі, якія, відаць, раней за іншых здагадаліся, якое гора на ўсіх звалілася. Паміж людзьмі спачатку пайшла пагалоска: хутка ўсё гэта павінна скончыцца, не можа вораг доўга таптаць нашу зямлю. Настрой змяніўся, калі пачалі праходзіць паўраспранутыя і дрэнна ўзброеныя чырвонаармейцы. Тут ужо ніхто не казаў пра нейкія манёўры. Кананада, што гучала з боку Брэста, усё часцей прымушала прамаўляць са страхам і адчаем слова “вайна”.
Рыгораў бацька за 53 гады жыцця авалодаў пяццю мовамі, у тым ліку нямецкай і англійскай (за польскім часам двойчы ездзіў на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі). Ад яго і сын патроху набіраўся ведаў, а потым ужо ў войску, меў і “практыку” ў нямецкай. Гэта ў жыцці аказалася карысным.
Праз дзень немцы ўжо занялі Жабінку. Калі вяскоў-цы накіраваліся ў мястэчка, каб прыдбаць нейкія тавары, у дарозе іх перапыніў патрульны.
Аднаго, каго прапусціў, быў мясцовы свяшчэннік. Вярталіся дамоў па-над Мухаўцам. У той дзень на рацэ спыніліся дзве вялізныя баржы, кожная з 320 тонамі збожжа. Успамін пра гэта зерне і цяпер уражвае Рыгора Аляксеевіча:
— Элітнае, вялікае, яго Савецкая краіна прадавала ў Германію. Каб не вайна, пяклі б з яго германскія караваі. У блізкіх вёсках хутка даведаліся пра тыя баржы.
Людзі запрагалі падводы і кошыкамі, мяхамі набіралі збожжа з той “братэрскай дапамогі сяброўскаму нямецкаму народу”.
Мелі Арапчукі жарэбчыка-трохгодку, за тры рэйсы прывезлі да хаты 45 цэнтнераў. Але перад апошняй паездкай трапілі на фашыстаў. Афіцэр запытаўся, колькі кіламетраў да Кобрына і загадаў падвезці. Сялянская знаходлівасць дапамагла збегчы каля Залуззя ў лес. Горш было тым, хто ўратавацца не змог, асабліва яўрэям. Ветэран і цяпер успамінае са скрухай, як гітлераўцы з іх здзекваліся, запрагалі замест коней, каб цягнуць гарматы. Нехта папрасіў вады і пачуў ад канваіра здзеклівае:
— Селядцоў аб’еўся, што піць просіш?! — і гаркнуў грозна:
— Шнэль! Хутчэй!
Каб не трапіць на працу да акупантаў, Рыгор “амаладзіў” сябе на два гады. Яму ішоў дваццаты год, калі Жабінкаўшчыну вызвалілі ад ворага. Улетку сорак чацвёртага сярод іншых тутэйшых ён трапіў на рамонт моста праз Буг, узарванага гітлераўцамі перад адыходам. Толькі вярнуўся дамоў пасля працы, а яго ўжо чакала позва ў ваенкамат. Быў накіраваны ва Усходнюю Прусію ў школу разведчыкаў, дзе навучылі сялянскага хлопца трымаць зброю ў руках, браць “языка”, займацца выбуховымі работамі. А потым — у прарыў, у самае пекла — пад Варшаву.
— Там і біла мяне вайна, і калечыла, — уздыхае ветэран. — Колькі ўжо гадоў мінула, а раны і цяпер не зажываюць, не зацягваюцца, не-не ды згадваюць пра сябе асколкі. Ключыцу, гляньце, разарваў стрэл снайпера. Рана дасюль цячэ, рука ёсць, ды яна ні на што нягодная.
Са свайго ваеннага жыцця былы разведчык згадаў адзін рэйд у тыл да немцаў. Першым, раней за іншых, пабачыў ён ворагаў, атрымаў лёгкае раненне. Разведчыкі трапілі ў засаду. А тоўсты немец неяк нават ласкава, наставіўшы аўтамат, паклікаў:
— Ідзі сюды!
Гэтак “паклікаў” у палон, а ў галаве салдата адна толькі думка: “Калі так, дык не здамся”, — і кінуўся на ворага. Перамог у барацьбе, і немец узмаліўся, ледзь дыхае:
— У мяне трое дзяцей маленькіх.
— Тады злосць у мяне прачнулася яшчэ большая, — гаварыў Рыгор Аляксеевіч. — А хто нашых дзяцей шкадаваў?
А перад вачамі праміль-гнулі карціны фашысцкіх зверстваў, шматлікія аднапалчане, што загінулі на ваенных шляхах-дарогах.
Ён памаўчаў, а потым усё ж дадаў:
— Націснуў я тады на курок. Паводле закону ваеннага часу…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Р.А.Арапчук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top