Якія таблеткі браць у дарогу

Якія таблеткі браць у дарогу

Наступіла лета — пара адпачынкаў. У любым падарожжы з вамі павінна быць дарожная аптэчка з лекамі для аказання першай дапамогі. Як правільна яе сфарміраваць? Што трэба ўлічваць пры падборы? На гэтыя і іншыя пытанні дапаможа адказаць загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі №27 В.Ф.Гацкевіч.
— Перад тым, як будзеце складваць дарожную сумку, праверце цэласнасць упакоўкі лекаў, тэрміны годнасці, — гаворыць Вольга Фёдараўна. — Аддайце перавагу прэпаратам у зручнай і надзейнай упакоўцы. Браць з сабой патрэбна толькі правераныя лекі, якімі вы заўжды карыстаецеся. Абавязкова складзіце спіс таго, што ў аптэчцы. Не трэба запасацца моцна дзеючымі сродкамі, бо іх нельга прымаць без назначэння ўрача. Не захапляйцеся самалячэннем. Калі недамаганне за дзень-два не праходзіць, неабходна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.
— На што патрэбна звярнуць увагу, калі ў планах адпачынак за мяжой?
— У такім выпадку будзьце асабліва ўважлівыя да фарміравання аптэчкі, каб потым не траціць час на пошук лекаў у незнаёмай краіне. А там без рэцэпта ўрача патрэбныя вам могуць і не прадаць. А калі і адпусцяць безрэцэптурныя лекі, іх кошт будзе значна вышэй, чым у нас. Акрамя таго, прэпарат пад звыклай назвай можаце і не знайсці, бо ён будзе зарэгістраваны пад іншай назвай.
— Што ж уваходзіць у стандартны набор  аптэчкі падарожніка?
— Антысептыкі (ёд, зялёнка, хлоргексідзін, вільготныя сурвэткі), анты-гістамінныя прэпараты, сродкі ад укалыхвання ў транспарце, перавязачны матэрыял (бінт, вата, бактэрыцыдныя пластыры), супрацьпрастудны прэпарат, страўнікава-кішачныя (слабіцельныя, антацыды, ферментныя, ад кішачных інфекцый), абязбольвальныя (пры галаўным, зубным і іншых болях, расцяжэннях звязак і вывіхах). Аматарам адпачынку на прыродзе абавязкова неабходныя рэпеленты — хімічныя сродкі для адпужвання камароў, мошак, кляшчоў, сляпнёў. Не забудзьцеся пра сонцаахоўныя сродкі.
— А калі сям’я едзе на адпачынак з дзіцем?
— Патрэбна пакла-паціцца пра аптэчку больш старанна. Яна павінна ўключаць лекі для лячэння болю ў горле, насмарку, кроплі ў вочы і вушы, прэпараты для лячэння апёкаў і сродкі пасля ўкусаў насякомых. Спатрэбяцца ватныя палачкі і тэрмометр. Аптэчку можна пашырыць, ведаючы “слабыя месцы” маленькіх і дарослых членаў сям’і. Важна падкрэсліць, што ўсе лекі маюць супрацьпаказанні і пабочныя эфекты. Абавязкова пазнаёмцеся з інструкцыяй іх прымянення. Магчыма назапашаныя сродкі вам не спатрэбяцца, але лепей усё ж перастрахавацца. З задавальненнем едзьце ў падарожжа і будзьце здаровыя.
Гутарыла Святлана СВЯТЛОВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top