Адзіная сярод мужчын

Адзіная сярод мужчын

Прафесія манцёра пуці нават у мужчынскім асяродку лічыцца нялёгкай, а што казаць пра “слабы” пол… Такая справа патрабуе вялікіх фізічных намаганняў, вытрымкі і добрага здароўя. Далёка не кожны чалавек зможа ўвесь дзень, у любое надвор’е: і ў снег, і ў дождж, і ў холад, і ў спякоту — знаходзіцца на чыгуначных пуцях, працаваць з цяжкімі інструментамі, што неабходныя для ўхілення непаладак.
Чыгунка, прылады працы з жалеза, жалезны характар — менавіта такі ланцужок асацыяцый усплыў ва ўяўленні перад сустрэчай з Надзеяй Уладзіміраўнай Лапурка, якая 26 гадоў свайго жыцця аддала жабінкаўскай чыгунцы.
Прызнацца, сваю гераіню я ўяўляла некалькі інакш. Манцёрам, паводле майго меркавання, павінна быць дужая, моцная, загарэлая жанчына з мужчынскай выпраўкай. Але на парозе вытворчага ўчастка мяне сустрэла мініяцюрная, спакойная, сціплая жанчына, якую жыццё навучыла быць заўсёды моцнай і заставацца сабой, ніколі не апускаць рукі.
Жанчын-манцёраў пуці ў Беларусі знойдзецца некалькі дзясяткаў. У Жабінкаўскай дыстанцыі пуці адна — Надзея. А неўзабаве прадстаўніц жаночай паловы з падобнай спецыяльнасцю і зусім не сустрэнеш: жанчын на гэтую працу больш не бяруць. А значыць, прафесія манцёра пуці папоўніць спіс выключна мужчынскіх.
— На чыгунку прыйшла працаваць дзяжурнай на пераезд. Работа была не вельмі цяжкай і больш жаночай. Калі мой пераезд ліквідавалі, паўстаў выбар: шукаць іншую працу, ці стаць манцёрам пуці. Ведала, канечне, што будзе нялёгка, але ж цяжкасці не пужалі. Трэба было гадаваць двух дзетак. Дачцэ тады было 3 гады, сыну — 10. Прызнаюся, напачатку было вельмі цяжка, ад стомленасці ледзь дадому прыходзіла. Але ж клопат пра блізкіх дапамагаў перажыць такія моманты. Няпроста было запомніць усе прылады. Але добры калектыў дапамагаў і падказваў. Бывала, што ўвогуле хацела ўсё кінуць, знайсці іншую работу. Але неяк не адважвалася, не хацелася пакідаць калектыў, ды і кіраўніцтва да нас, падначаленых, з павагай ставілася. І ў чыгуначны тэхнікум прапаноўвалі ісці вучыцца. Гэта дазволіла б набыць спецыяльнасць больш лёгкую для жанчыны. Аднак дзяцей не было на каго пакідаць. З часам да ўсяго прывыкла. Здаецца, праца звычайная, нічога асаблівага ў ёй няма, — дзялілася думкамі Надзея Лапурка.
Раней, як успамінала яна, калі жанчына выходзіла працаваць на пуць з ломам, кіркай, рыдлёўкай — гэта лічылася звычайнай справай. Сёння паводле правілаў жанчына не павінна пераносіць рэчы, якія важаць больш 10 кілаграмаў. Сваёй працоўнай настаўніцай Надзея Уладзіміраўна лічыць Марыю Іванаўну Макавецкую, з якой пачынала працаваць. Яна навучала яе азам прафесіі і тым сакрэтам, як “выжываць” сярод жалеза.
— Зрэшты, раней працаваць на чыгуначных пуцях  было значна цяжэй: усё рабілася ўручную. Сёння манцёрам дапамагае тэхніка. Да таго ж самую цяжкую фізічную працу выконваюць калегі-мужчыны. А я атрымліваю больш лёгкія заданні, — заўважала, пара-ўноўваючы мінулае і сёння-шні дзень, манцёр пуці. — У прыватнасці, задзейнічаюць мя-не  сігналістам, зімою на ўборцы снегу працую, змазваю стрэлачныя пераводы, займаюся таксама фарбоўкай, пабелкай пуцявых і сігнальных знакаў.
За 20 гадоў працоўнага жыцця манцёр пуці стала сваёй сярод мужчын. З кожным знойдзе тэму для гутаркі, дапаможа парадай. Яны ж адказваюць на яе шчырасць і дабрыню той жа манетай. Заўсёды дапамагаюць, аберагаюць. Магчыма, дзякуючы такім паважлівым адносінам яна і ў працоўным адзенні — у ватоўцы, у аранжавай камізэльцы, у спяцоўцы — адчувае сябе жанчынай.
     Дар’я КНЯЗЕВА.
     Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top