«Ёсць жаданне — людзям дапамагаць»

«Ёсць жаданне — людзям дапамагаць»

Чалавека, асабліва маладога, які толькі выбірае шлях у жыцці і хвалюецца, каб у выбары сваім не памыліцца, рухаюць наперад нейкае наканаванне і падказка ад больш сталых людзей. Так было і ў лёсе Галіны Мікалаеўны Курак, хірурга, якая ўжо другі год працуе ў Жабінкаўскай райбальніцы. Аднойчы сутыкнулася ў жыцці з чужым болем і прыняла яго, быццам свой.

На ўсходзе і захадзе Брэстчыны месцяцца самы вялікі і самы малы раёны краіны — Столінскі і Жабінкаўскі. У біяграфіі Галіны Мікалаеўны абодва яны пакінулі прыкметны след: на Століншчыне яна нарадзілася, атрымала першыя веды, на Жабінкаўшчыне ўладкавалася на працу, якая дазваляе набытыя веды прымяняць і ўзбагачаць практычна.
Першыя самастойныя крокі, што прывялі ў прафесію, пра якую марыла, яна зрабіла ў роднай Глінкаўскай адзінаццацігодцы. У школьныя гады захапілася хіміяй і біялогіяй. Ужо тады дзяўчына з задавальненнем адчувала, што хімічныя формулы і пранікненне ў загадкавы свет жыцця, якое складаецца з малекул і атамаў, робіцца для яе зразумелым і цікавым. Захапленне Галіны падтрымала любімая настаўніца хіміі і біялогіі Лізавета Сцяпанаўна Лецка.
Калі нехта з аднакласнікаў да выпускнога званка вагаўся, куды далей пайсці вучыцца, дык Галіна свой выбар зрабіла яшчэ за школьнай партай.
Заўсёды сур’ёзная, калі справы тычыліся адказных жыццёвых рашэнняў, аднойчы бацькам аб’явіла:
— Хачу быць медыцынскім работнікам!
І свой выбар патлумачыла перш-наперш для самой сябе:
— Бо ёсць жаданне — людзям дапамагаць…
Бацькі Мікалай Сцяпанавіч і Любоў Мікалаеўна словамі дачкі былі задаволеныя. Тым больш, што прыклад ужо быў: родная цёця Марыя Мікалаеўна Дзябелая дасюль працуе ўрачом-гінеколагам ва Украіне.
У год, калі Галіна скончыла школу, у Беларусі ўпершыню пачалі практыкаваць для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы цэн-тралізаванае тэсціраванне. Свае веды ў любімых прадметах і роднай мове  дзяўчына паспяхова пацвердзіла і была залічана на лячэбны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Зараз Галіна Мікалаеўна з цеплынёй згадвае гады вучобы, складаныя, але насычаныя надзвычай прыемнымі ўспамінамі, знаёмствам з асновамі і складанасцямі будучай прафесіі, з цудоўнымі прафесарамі і выкладчыкамі, якія ўводзілі студэнтаў у свет медыцынскіх ведаў.
Усялякая медыцынская галіна адказная, займае шмат сіл, вымагае не толькі ведаў, але і спецыфічнага прадчування. Для Галіны Мікалаеўны медыцына — надзвычай сур’ёзны занятак: спалучэнне навукі, практыкі і наканавання.
У ёй кожнаму патрэбна выбіраць той напрамак, які больш па душы. Ад самых пачаткаў вучобы Г.М.Курак ведала, што будзе хірургам. Усе гады напружаных заняткаў ішла да мэты, пастаўленай перад сабою, каб на шостым курсе патрапіць на субардынатуру ў хірургіі. Там займаліся каля паўсотні суіскальнікаў. І што цікава, сярод іх большасць складалі дзяўчаты. Як для мяне ўласна, гэты факт, агучаны суразмоўніцай, быў цалкам неспадзяваным, паколькі дасюль меў уяўленне, што хірургія амаль выключна “мужчынская” спецыяльнасць. Аднак, відаць, прыйшоў час, калі жанчынам пад сілу масава замяніць мужчын і за аперацыйным сталом…
Пасля заканчэння ўні-версітэта Галіну Мікалаеўну чакала інтэрнатура ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы пад кіраўніцтвам загадчыка першага хірур-гічнага аддзялення Юрыя Уладзіміравіча Носаля. Пры ім пакрысе тэарэтычныя веды, атрыманыя за студэнцкай лавай, “накладаліся” на практыку.
— Спачатку патрабавалася ўнікнуць у працу, стаць памочніцай пры кіраўніку, які праводзіў аперацыі, — расказвала малады хірург. — Гэта быў неацэнны вопыт, у выніку пакрысе адточваліся практычныя навыкі, узнікала ўпэўненасць у сваіх сілах.
Улетку 2012 года яе чакала Жабінка. Калі ехала да месца працы, даведалася, што адначасова, пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, на Жабінкаўшчыну размеркаваўся і яе малодшы брат Аляксандр, які ўладкаваўся ветурачом у ААТ “Ракітніца”. Бываюць жа такія добрыя супадзенні, калі далёка ад роднага парога нечакана сустрэнешся з блізкім чалавекам…
А яшчэ надзвычай прыемна, калі калектыў, у які ўліваешся, прымае цябе з павагаю і разуменнем. Спачатку Галіна Курак працавала ў паліклініцы, дзе прымала пацыентаў разам з Уладзімірам Мікалаевічам Каляснёвым. Зараз адчувае заўсёдную патрымку з боку вопытных хірургаў Аляксандра Васільевіча Дарагакупца і Аляксандра Мікалаевіча Людыны. За гэта выказвае шчырую падзяку калегам.
Пра сваю працу Галіна Мікалаеўна гаворыць раз-важліва, з задуменным спакоем:
— Штодня перад вачамі мноства цікавых урачэбных выпадкаў. Нагрузка вялікая — каля сотні чалавек у дзень прыходзяць на прыём са сваімі праблемамі. І кожнаму патрэбны ўвага ды кампетэнтная дапамога. Заўжды шчаслівая, калі здольная суняць чужы боль.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: хірург Галіна Мікалаеўна Курак.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top