«Буду чакаць станоўчага рашэння»

«Буду чакаць станоўчага рашэння»

Такімі словамі за-вяршыў сваю размову з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.І.Пузырэўскім жыхар з Крыўлянаў Фёдар Андрэевіч Балюк. Падобнае спадзяванне неаднойчы гучала ў час чарговага прыёму грамадзян, што праводзіў Уладзімір Іванавіч 5 чэрвеня ў райвыканкаме.
— Першапачаткова было каля паўсотні праблемных пытанняў ад жыхароў Жабінкаўшчыны, зараз засталіся нявырашанымі ўсяго восем, — адзначыў У.І.Пузырэўскі. — Радуе, што гэта значна менш, чым у Камянецкім і Маларыцкім раёнах. Надзвычай прыемна, што знойдзены шляхі вырашэння практычна па ўсіх пытаннях, якія з часам будуць даведзены да лагічнага завяршэння, патрэбнага людзям.
У гэты раз на сустрэчу з дэпутатам жабінкаўцы нярэдка прыходзілі з калектыўнымі зваротамі. Трэба сказаць, што Уладзімір Іванавіч з аднолькавай увагай выслухоўваў любыя пытанні, не зважаючы на тое, ці стаяла пад зваротам ажно 34 подпісы, ці заяўнік прыйшоў адзін са сваёй уласнай просьбай.
Да свайго прадстаўніка ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны 80-гадовага Ф.К.Балюка прывялі крыўда і адчуванне несправядлівасці. Усё жыццё, пачынаючы з 1947 года, адпрацаваў на зямлі, нямала сіл аддаў роднай гаспадарцы, спадзяваўся на дапамогу ў старасці, але ж дасюль не лічыцца “сваім” у СВК “Маціевічы”, да якога зараз адносяцца Крыўляны. Як такое магло адбыцца? Справа ў тым, што ў 1980 годзе з-за сямейных абставінаў крыўлянец вымушаны быў уладкавацца механізатарам у суседні калгас імя Чапаева (зараз СВК “Вазнясенскі”), адкуль і пайшоў на пенсію. Ужо ў пенсійным узросце, на працягу сямі гадоў, ён зноў быў вартаўніком у Крыўлянах. А сёлета звярнуўся з просьбай вылучыць на-дзел для пасадкі бульбы ў СВК “Маціевічы”, дзе яму прапанавалі аплаціць іх не па 12 тысяч рублёў за сотку, як іншым працаўнікам і ветэранам гаспадаркі, а ўтрая даражэй. Вядома, вясковец ад гэтага адмовіўся, у выніку застаўся без сотак. Пры гэтым атрымаў тлумачэнні, што ў іх спісах пенсіянераў гаспадаркі не значыцца, бо пенсію яму афармлялі ў іншым кааператыве. Дэпутат з разуменнем паставіўся да праблемы, абяцаў дапамагчы разабрацца, а ўвосень атрымаць паўтоны бульбы, якую заяўніку прывязуць на падворак па прымальнай цане.
Тамара Васільеўна Крывец і Ала Віктараўна Юзвік на прыёме ўжо не ўпершыню. Іх, як і многіх жыхароў Сцяпанак і Шпіталёў, хвалюе, ці будуць у вызначаныя тэрміны газіфікаваны іх вёскі. У.І.Пузырэўскі супакоіў жанчын — усё ідзе паводле плану: сёлета за дзяржаўны кошт робіцца праект газіфікацыі, а ў наступны год — яго рэалізацыя. У любым выпадку заяўнікі да сярэдзіны студзеня 2014 года атрымаюць адказ, як выконваецца абяцанне ўладаў падвесці “блакітнае паліва” ў названыя населеныя пункты.
Значна больш праб-лематычнымі ўжо не першы год застаюцца пытанні забеспячэння вадой і каналізацыяй кварталаў “Коласаўскі” і “Камсамольскі” ў райцэнтры. У гэты раз яны зноў былі ўзнятыя Т.І.Авярчук, Л.С.Калішук, Н.І.Седлер, Н.А.Марчук, што прыйшлі з калектыўным зваротам ад імя шматлікіх жыхароў гэтага кутка Жабінкі. Сітуацыю, па просьбе дэпутата, патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк. Паводле ягоных слоў, напрыканцы мінулага года быў уведзены ў эксплуатацыю вадавод “Камсамольскі”, на які патрачана ў 2012 годзе практычна 1 мільярд рублёў. Аднак пры ягоным будаўніцтве быў дапушчаны брак — набыты няякасныя злучальныя муфты. За гэта Анатоль Вітальевіч прыносіў асабістае прабачэнне жыхарам. Зараз муфты замененыя, і вадавод дзейнічае ў працоўным рэжыме.
Іншая справа правядзенне каналізацыі квартала “Камсамольскі”. Каштарысны кошт гэтых работ складае значную суму ў 11,5 мільярда рублёў. Каб завяршыць работы ў гэтым квартале, патрэбна здаць суседні “Коласаўскі”, дзе ў рамках праекта будаўніцтва сетак каналізацыі ўжо пабудаваны цэнтральны калектар і каналізацыйна-помпавая станцыя. Усяго ў 2011-2012 гадах на ўзвядзенні каналізацыйных сетак у “Коласаўскім” было асвоена 3,5 мільярда рублёў. Для заканчэння работ патрабуецца яшчэ каля 1,5 мільярда. У.І.Пузырэўскі, са свайго боку, паабяцаў дапамагчы адшукаць гэтыя сродкі, як і 3 мільярды рублёў на пачатак будаўніцтва каналізацыі ў квартале “Камсамольскі”.
Перад дэпутатам узні-малася таксама пытанне наконт руху грамадскага транспатру, прынамсі, так званага “незавершанага рэйса”, як заяўнікі назвалі апошнюю вечаровую паездку гарадскога аўтобуса. У гэты час ён завяршаецца на чыгуначным вакзале, не даходзіць да мікрараёна райбальніцы, а гэта вельмі нязручна для пасажыраў. У.І.Пузырэўскі абяцаў усебакова вывучыць сітуацыю. Аналагічнага ўдумлівага рашэння чакае і праблема рамонту і руху па вуліцы Чыгуначная, узнятая Ганнай Уладзіміраўнай Гаўрысюк.
Жыльцы дома №10 з вуліцы Цэнтральная настойліва прасілі дэпутата дапамагчы ў рамонце даху на іх доме. Раней яны ўжо звярталіся ў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, там абяцалі правесці рамонтныя работы ў сакавіку-красавіку, аднак і ў пачатку лета яны не выкананы. Пазіраючы на фотаздымкі кватэр і пад’езда, што маюць непрыглядны выгляд, асабліва пасля дажджоў, калі дах працякае, Уладзімір Іванавіч згадзіўся: будынак, якому ўжо амаль тры дзясяткі гадоў, мае патрэбу ў капітальным рамонце, ягонае выкананне будзе на кантролі.
У час сустрэчы з гра-мадзянамі нарадзілася ідэя, якую У.І.Пузырэўскі выказаў начальніку аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Янусік: арганізаваць увосень паездку найлепшых школьнікаў раёна ў Мінск — на адно з пасяджэнняў беларускага парламента. Гэта дазволіць жабінкаўскім школьнікам увачавідкі пабачыць і адчуць атмасферу, у якой нараджаюцца законы краіны і дзейнічае адзін з найважнейшых органаў улады.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: прыём грамадзян вядзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.І.Пузырэўскі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top