Яе радаслоўнае дрэва

Яе радаслоўнае дрэва

У кожнага чалавека, мабыць, ёсць тая пара, калі хочацца азірнуцца назад і вызначыць сваё месца ў непарыўным “ланцугу” пакаленняў. Надышоў такі час і для Вольгі Сямёнаўны Шапяцюк з вуліцы Базанавай, якая пазваніла і папрасіла прыйсці і паслухаць аповед пра сябе і сваіх блізкіх.
Меў рацыю Уладзімір Калеснік, сцвярджаючы, што “ў большасці сялянскіх сем’яў у старой Беларусі радаводы запаміналіся да трэцяга, радзей чацвёртага калена”. І на гэты раз гаворка ішла вакол дзеда-прадзеда, словам пачынаючы з ХХ стагоддзя.

Зямельнае пытанне

Вольга Сямёнаўна родам з вёскі Арэпічы. Калі больш дакладна, з хутара Антанін, які даўно ўжо далучыўся да вёскі. Тут парабкаваў брат бабулі Лізы Севасцьян Горбіч. Пан аказаўся заўзятым гульцом у карты і, калі прайграўся ўшчэнт, пачаў распрадаваць землі. Так былы парабак набыў сабе сем гектараў ворыва і сам стаў гаспадаром.
У гэты час сястра Лізавета пай-шла замуж у Жыцін за Васіля Дземчука. Перад Першай сусветнай вайной у сям’і нарадзіўся сын Сёмка. Неўзабаве мужа забралі ў войска. Ён трапіў на перадавую.
Не паспеў разжыцца і Севасцьян, як баі падышлі блізка да Арэпічаў, і казакі зганялі ўсіх з наседжаных месцаў, каб ехалі ў бежанцы. Вайна раскідала людзей па свеце, як вецер салому. Лізавета з сынам аказаліся ў Маскве, жылі ў бараку, аж пакуль новая ўлада не стала высяляць бежанцаў са сталіцы.
Севасцьян не схацеў вяртацца дадому і паехаў у Казахстан, а Лізавета Цімафееўна з Сёмкам у 1921 годзе вярнуліся ў Жыцін — на тэрыторыю, якая адносілася да Польшчы.
Аднак арэпіцкі мужык Варфаламей Казёл абхітрыў усіх. Калі аднавяскоўцы ехалі ў бежанцы, ён пераседзеў, пакуль казакі палілі хаты, і вярнуўся назад. Зараз Варфаламей спакойна абрабляў Севасцьянаву зямлю. Болей таго, ён быў гатовы біцца ў кроў, каб гэтыя палі засталіся за ім, і кулакамі адстойваў зямлю ад любога замаху на яе.
Лізавета Цімафееўна, маючы на руках “купчую”, хацела вырашыць пытанне праз суд. Сем гадоў судзілася яна з Варфаламеем.
Аднойчы, вяртаючыся, стомленая, пасля чарговага пасяджэння суда, ледзь не замерзла ў дарозе. Добра, што ў хуткасці ехала паштовая карэта, паштар ўбачыў жанчыну, што сядзела ў снезе, раскатурхаў яе і давёз дадому.
Лізавета патрабавала, каб быў выязны суд і вяскоўцы маглі сказаць, каму належыць зямля. І быў такі суд. Людзі клалі руку на Евангелле і гаварылі, што гэтая зямля належала Севасцьяну Горбічу і, пакуль яго няма, права абрабляць мае сястра.
Праўда нарэшце перамагла. Дземчукі перавезлі хату ў Антанін і сталі жыць на хутары.

Чырвоная хустка

У 1939 годзе, якраз перад далучэннем заходніх земляў да Беларусі, ажаніўся Сямён Дзямчук. Ён узяў сабе ў жонкі Валянціну Будзько з Арэпічаў, з якой пасля дружна вырашалі і гаспадарчыя, і сямейныя пытанні.
У вайну хутар Антанін падзяліла мяжа паміж Украінай і Прусіяй, стаяла будка, вартавалі пагранічнікі. Людзі, хто ведаў нямецкую мову (я маю на ўвазе мясцовага настаўніка Цімафея Лася), зналі яшчэ да таго, як прыспусцяць сцягі з прымацаванай чорнай стужкай, аб паражэнні нямецкіх войскаў у Сталінградзе. Нічога гэтага не ведала Валянціна Дзямчук, збіраючыся ў царкву.
У час службы дзверы рэзка расчыніліся, уляцеў немец. Толькі хвіліну ён аглядаў вернікаў, затым падскочыў да Валянціны і злосна сарваў з яе галавы чырвоную хустку. Калі ўбачыў, што жанчына цяжарная, біць не стаў, а шпурнуў хустку і раз’юшана пачаў таптаць нагамі. Калі немец пакінуў царкву, Валя абтрэсла пясок. Дома старанна памыла яе і схавала ў куфар. Меней як праз дзесяць дзён Валянціна Лазараўна нарадзіла дачку Вольгу. Жанчына да апошняга берагла “гістарычную” хустку-шынялёўку, і ў 2011 годзе яе завязалі на галаву нябожчыцы Валянціны.

“Сваю дарогу выбрала сама…”

Маленства Вольгі Дзямчук было такое ж, як ва ўсіх арэпіцкіх дзяцей. Яна з цеплынёй і радасцю ўспамінае сваю школу і настаўнікаў, якія давалі такія глыбокія веды, што ім пасля былі пад сілу і вучоная кафедра, і генеральскія пагоны… А колькі выйшла настаўнікаў ды ўрачоў, вядомых не толькі ў Беларусі!
— Сваю дарогу я выбрала са-ма, — расказвае Вольга Сямёнаў-на. — Яна самая зямная: пасля заканчэння Арэпіцкай сярэдняй школы паступіла на агранамічнае аддзяленне Пружанскага саўгаса-тэхнікума, каб усё астатняе жыццё вырошчваць расліны.
Па размеркаванні Вольга Дзямчук трапіла ў калгас “Чырвоная зорка” Кобрынскага раёна. Малады аграном усю сябе аддавала працы ў полі. Старанне людзей і агранамічныя веды далі свой плён: калгас “Чырвоная зорка” цяпер часта называлі ў ліку лепшых гаспадарак. Асабліва па ўраджайнасці.
Да дзяўчыны прыйшло шчырае каханне. Заўважыў яе механізатар з Лелікава Міхаіл Шапяцюк — чалавек разумны і працавіты, і дзявочая душа пацягнулася да яго. Маладыя людзі сустракаліся часта і ўжо марылі пра вяселле, ды нечакана памёр малодшы яе брат Валера — студэнт інстытута. Вяселле адклалі на год.
А тым часам у жыцці адбылося нямала падзей. У 1966 годзе адрадзіўся Жабінкаўскі раён. Сталі падбіраць кадры. Выбар паў і на Вольгу Дзямчук. Дзяўчыне прапанавалі працаваць аграномам-аналітыкам у насеннай лабараторыі ў Жабінцы.
За тры з паловай дзясяткі гадоў колькі разоў бралі яе рукі залатыя зярняты! Часам пасля аналізу прыходзілася пісаць: “насенне нестандартнае”, каб у гаспадарцы далей займаліся дапрацоўкай зерня і ўрэшце выйшлі ў поле з чыстым насеннем добрай усходжасці. Словам, лабараторыя працавала на ўраджай, і ён павышаўся.
Вяселле згулялі. Бацькоўскі дом перавезлі з Антаніна ў Жабінку. Зяць быў працавітым, добрым, памяркоўным, любіў цесця з цешчай, як родных, і разам дагледзелі старых да смерці. Як і павінна быць у любой сям’і.

Дзеці ідуць далей

Нехта з вялікіх адзначаў, што кожнае новае пакаленне абавязана зрабіць крок-два наперад, бо ўлічвае вопыт папярэднікаў. У сям’і Шапецюкоў выраслі дзве дачкі: Валерыя і Тамара. Кожная атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю, і сёння Валерыя Міхайлаўна Русальчук выкладае ў сярэдняй школе №1 англійскую мову.
Дочкі маюць свае сем’і, сыноў. Дзед з бабуляй жадаюць, каб унукі гэтак жа любілі зямлю, як яны, а тыя болей захапляюцца сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Так ці інакш, а сваё лецішча бабуля Вольга перапісала на ўнука Сашу, хоць, пакуль ёсць сілы, часцей на лецішчы можна бачыць яе.
… Вольга Сямёнаўна марыць дажыць да той пары, калі зможа патрымаць на руках свайго праўнука. Няхай доўжацца яе дні!..
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: Вольга Сямёнаўна Шапяцюк.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top