Жабинка отмечала День Независимости Республики Беларусь

Жабинка отмечала День Независимости Республики Беларусь

Мама, мамуля! Як прыгожа! Зорачкі-аганькі ў неба ляцяць! Рознаколерныя! Іх так многа! Сапраўдны цуд!
Так каменціравала ўбачанае маленькая дзяўчынка, якая апынулася побач. Гэтай прыгажосцю, святочным феерверкам жабінкаўцы любаваліся хвілін дзесяць. Такі быў заключны акорд святкавання Дня Незалежнасці ў Жабінцы.
А пачыналіся святочныя мерапрыемствы, як заўсёды, ля помніка загінулым воінам і партызанам з мітынгу “Пра тых, хто ўжо ніколі не прыйдзе…” Над святым месцам для кожнага з нас разносяцца словы дыктара, у якіх гонар за салдат мінулай вайны, якія выратавалі Айчыну ад фашысцкай навалы. “Хоць усё далей і далей тыя страшныя дні, але мы схіляем галовы перад мужнасцю і стойкасцю нашых дзядоў і прадзедаў, бацькоў”, — чуецца з дынамікаў. Мітынг адкрывае старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк.
З віншавальным словам да ўсіх удзельнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня райвыканкама М.В.Токар, які ў прыватнасці сказаў: “Дзень Незалежнасці — гэта свята адзінства грамадства, міру і стабільнасці, пераемнасці пакаленняў, паважлівасці да традыцый, якія дазваляюць зберагчы і прымножыць усё добрае і каштоўнае, назапашанае старэйшымі пакаленнямі дзеля будучыні, шчасця нашых дзяцей і ўнукаў. Усе мы памятаем, што за свабоду наш народ заплаціў вельмі дорага: няслыханымі ахвярамі і разбурэннямі. Ніколі не згасне з памяці народнай слава воінаў арміі, партызан і падпольшчыкаў, усіх, хто са зброяй у руках змагаўся супраць агрэсара. Шчырая  удзячнасць усім працаўнікам, якія з небыцця і попелу адрадзілі нашу краіну.
Сёння мы з гонарам заяўляем, што Беларусь — самастойная суверэнная дзяржава, жыхары якой прыкладваюць нямала намаганняў для яе моцы і росквіту. Краіна імкнецца, каб талент і здольнасці кожнага чалавека былі запатрабаваныя і ажыццёўлены на карысць Айчыны. А таму ёсць упэўненасць, што адзінства і аптымізм беларускага народа, вера ў будучае дапамогуць пераадолець цяжкасці, якія ўзнікаюць на шляху суверэннай Беларусі, і дасягнуць пастаўленай мэты”.
Са святам гараджан і гасцей павіншавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №4 Н.Ф.Федарук, прадстаўнік раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, падпалкоўнік запасу У.А. Саўчук, галоўны дзяржінспектар ІМПЗ у Жабінкаўскім раёне, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” А.Ю.Прудзялюк. Іх словы былі адрасаваны і ветэранам і моладзі, і сённяшнім воінам, каму наканавана берагчы свабоду і незалежнасць, падараваныя старэйшым пакаленнем. Яны, у прыватнасці, заўважылі, што такое свята знаходзіць водгук у сэрцы кожнага жыхара нашай краіны, таму што прайшло 66 гадоў як нашы прадзеды і дзяды вызвалілі Беларусь ад нямецка-фашысцкай навалы, было атрымана права на свабоду і мірнае шчасце, подзвіг тых, вядомых і безыменных, хто загінуў, і тых, хто вярнуўся з поля бітваў, шануецца ў нашым грамадстве.
Наступны штрых мітынгу засведчыў, што юнае пакаленне зямлі жабінкаўскай захоўвае ў сваёй памяці боль і мукі мінулай вайны. Сёлета Брэсцкая абласная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” аб’явіла конкурс эсэ на тэму “Перамога дзеда — мая Перамога”, у якім удзельнічалі і школьнікі нашага раёна. Дыпломамі Брэсцкага абласнога ГА “Белая Русь” узнагароджаны вучні Соф’я Якушава і Ганна Мяснікова з СШ№3 г.Жабінка, Іван Капкін з Ракітніцкай адзінаццацігодкі. Узнагароды і грашовыя прэміі ад раённай арганізацыі “Белая Русь” уручыў старшыня райвыканкама М.В.Токар.
Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць тых, хто не вярнуўся з поля бітваў, а спачыў у зямлі, застыў у надгроб’і, ускладваюцца вянкі і кветкі да мармуровых плітаў.
Але на гэтым свята не заканчваецца. Яно перамясцілася ў гарадскі дом культуры, дзе выступаў  аркестр духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля, на спартыўныя пляцоўкі, а вечарам — на плошчу, дзе сваім чароўным майстэрствам радавалі танцоры з тэатра “Фантазія” і парадыст Мікалай Каласей з Брэста.
Ужо не першы год у нашай краіне на Дзень Незалежнасці праводзіцца акцыя “Спяём гімн разам”: ва ўсёй краіне гучыць беларускі гімн. Пад час яе згуртоўваецца народ, усе мы, незалежна ад нацыянальнасці, адчуваем сябе грамадзянамі свабоднай і незалежнай краіны. Жабінкаўцы далучыліся да яе сёлета таксама.
Няўмольна бяжыць час. 66 гадоў над Беларуссю мірнае неба. Мы, нашчадкі тых, хто здабыў свабоду і незалежнасць для краіны, памятаем і не забудзем іх ніколі.
Л.КОСЦІНА.
На здымках: у час святкавання Дня Незалежасці ў Жабінцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top