Праздник, созданный ее руками

Праздник, созданный ее руками

Свята, створанае яе рукамі
Народная майстрыха, клапатлівая маці, цудоўная жонка, чулы чалавек — вось далёка не ўсе “званні”, атрыманыя ад жыцця Марыяй Мікалаеўнай Пармонік, якая сёння святкуе 55-ы дзень свайго нараджэння.
1. Першыя падмосткі
Спявала Марыйка з маленства. Песні былі розныя, як само жыццё: і з усмешкаю, і са слязою.
Неяк ішоў ля хаты, дзе яна жыла, невядомы, пачуў спеў ды сказаў скрушна:
— Гэтую песню табе і спяваць, дзевачка-кветачка.
Дзяўчына не памятала, адкуль упершыню пачула жаласлівыя словы: “Не пой, салавейка, так рана”. Але яны былі, быццам пра яе долю, таму й краналі да слёз.
Маму яе, што доўга пакутавала ад хваробы і лягла пад крыж у 35 гадоў, звалі Марыяй. Бацька Мікалай Цімафеевіч неўзабаве прывёў новую жонку — таксама Марыю. Яны нарадзілі яшчэ дачок Таню, Раю, Валю (сярэдняя, на жаль, памерла маленькаю, а з іншымі зводнымі сёстрамі Марыя Мікалаеўна дасюль сябруе).
Мачаха адносілася да сіраты, як да роднага дзіцяці, толькі не магла Марыйка зваць яе мамаю. З першай сустрэчы звярталася паважана на “вы” і дадавала ласкава: “цёця”.
— Аднойчы так хацелася сырадою, — згадвае Марыя Мікалаеўна, — а як папрасіць? Тады й сказала ўпершыню: “Цёця, дайце малака”. З тае пары і павялося.
Ужо са школьных гадоў маленькая спявачка выступала на клубных вечарынах і канцэртах, што ладзіліся ў роднай Ханевіцкай СШ на Гродзеншчыне. Паўсюль была завадатаркай. Каб змайстраваць сцэну для выступленняў, з усяго сяла зносілі хто дошку, хто калодку.
— Нехта прыцягне саматканае прасцірадла з ложку — вось вам і занавес гатовы! — успамінае Марыя Мікалаеўна. — Затое гледачоў сходзілася з усяго сяла — поўная “зала”. А музыкаў-самавукаў, колькі было! Гаманіла вёска, пляскала ў далоні, падпявала. А ў прыпеўках сваіх часам так лайдака альбо п’яніцу “прапясочым”, што ў таго вушы гараць ад сораму.
Аднаго разу ставілі сцэнку і Марыйка ўзяла без дазволу для ролі бацькаў касцюм. Мікалай Цімафеевіч, які быў на відовішчы, доўга глядзеў на сцэну, пакуль не запытаў жонку:
— Глянь, Маня, гэта быццам мой касцюм ходзіць?
Тая засмяялася :
— Во, дзіва! Твая дачка, дык і касцюм твой.
Трохі насварыўся, бо касцюм цаніўся ў тыя небагатыя гады, а потым дараваў, канечне…
2. Як склалася сям’я
Ёсць на Украіне горад з “салодкай” назвай Ізюм. Марыйка апынулася ў ім у 1972 годзе, адразу пасля апошняга школьнага званка. Уладкавалася на оптыка-механічны завод, дзе год з нечым паліравала лінзы для акуляраў.
У пачатку 1974 года Марыя пабралася шлюбам з Яўгенам. Хлопец, адслужыўшы ў войску, патрапіў у Казахстан і маладую жонку ўзяў з сабою на цалінныя землі.
Часта кажуць: сапраўдная сям’я складаецца з сямі Я. У Пармонікаў менавіта так і адбылося. Першай нарадзілася Марына.
— Цяпер яна працуе швачкай на фірме “Злата” ў Брэсце, — з гонарам гаворыць маці. — Працуе на фірме “Злата”. У Марыны сапраўды рукі залатыя! Праз чатыры гады нарадзілася другая дачка Таня, зараз таксама швачка.
Год 1980-ы толькі пачынаўся, калі з’явілася на свет Валянціна, затым вясной 81-га — Алена, а ўлетку наступнага — доўгачаканы Мікола.
Пра сына Марыя Мікалаеўна гаворыць асобна:
— Яго назвалі ў гонар майго бацькі. У таго былі адны дзяўчаты. Сын жыве і працуе механізатарам на Кобрыншчыне ў вядомай гаспадарцы “Стрыгава”. У яго ажно чатыры сыны: трое школьнікі (скончылі першы, другі, трэці класы), хутка й найменшы пойдзе.
Незаўважна дзеці выраслі, па сваіх сем’ях разбегліся. Радасна, калі збіраюцца па святах.
3. У Азятах добра і багата
Шмат гадоў адпрацаваўшы даяркаю на ферме, у сорак тры Марыя Мікалаеўна выйшла на пенсію. На той час Пармонікі ўжо даўно жылі на Жабінкаўшчыне. Спачатку з казахстанскіх стэпаў вярнуліся ў лясістую Беларусь, аселі на Гродзеншчыне, дзе адно за адным і нарадзіліся малодшыя дзеці. Неяк маці-гераіня паехала ў санаторый “Бярэсце”, там у пакоі жыла з Агрыпінай Саўчук з Азятаў. Жанчыны хутка пасябравалі і Агрыпіна паклікала:
— Прыязджайце да нас у Азяты, у нас добра і багата.
Прыехалі. Тагачасны калгасны старшыня Уладзімір Свірыдаў прапанаваў вялікай працавітай сям’і пабудаваць дом. За год яго ўзвялі і ў 1987 годзе, па старадаўнім звычаі, рабенькі каток Мурзік першым перабег праз парог новай хаты.
Пармонікавы дзеці скончылі Азяцкую школу. Калі пагартаць яе летапіс, што вядзецца ўжо паўстагоддзя, можна іх знайсці ўсіх, зараз 9 клас закончыла і ўнучка Кацярына.
— Са сваім прозвішчам за доўгія гады я звыклася, а вось людзі часам блытаюцца: завуць то Парамонікамі, то… Гармонікамі, — весела расказвае Марыя Мікалаеўна. — Я не крыўдую, імя-мянушка падыходзіць. Бо апошнім часам я зноў спяваю ў мастацкай самадзейнасці.
4. Перамены ў жыцці
У 2006 годзе ў яе жыцці адбылася перамена. Марыя Мікалаеўна зрабіла сваёй новай прафесіяй працу ў вясковым клубе.
Маленькія Баранцы праславіла яе папярэдніца, таленавітая і няўрымслівая Соф’я Рыгораўна Карась. Кулінарныя вырабы баранцоўскай каравайніцы радавалі людзей “ад Масквы да самых да ўскраін”. І вось на месца такога незвычайнага чалавека прыйшла Марыя Пармонік. Людзі прынялі новую загадчыцу клуба. Спраў шмат: працягваць ранейшыя традыцыі, рыхтавацца да раённых, абласных святаў… Галасы баранцоўскіх жанчын ужо чулі ў Іванаве, Астрамечаве, пад Пінскам ды ў іншых месцах.
Не за грошы, а дзеля радасці рука Марыі кранае даматканы ручнік, пакідаючы прыгожы ўзор на ім. Вымалёўваецца на белым палатне кветкі, фігуры, птушак, людзей… Часам нараджаюцца сапраўдныя карціны. А калі пажадаюць унукі Каця і Ягор, на стале з’яўляюцца і бабуліны прысмакі.
—  Ласуйцеся, — просіць яна, — хай будзе жыццё слодычам!
Зараз спраў у культработніка прыбавілася: з гэтага года жанчына яшчэ й мастацкі кіраўнік у Азятах. Таленты Марыі Мікалаеўны дазволілі ёй весці гурткі “Гаспадынька”, “Калінка” ды іншыя. Добрымі яе памочніцамі сталі Марыя Яшчук, Алена Хамук, Ганна ды Іна Шкарупы.
Калі Марыя Пармонік ідзе па старажытнай вёсцы, што год ад году аднаўляецца, бачыць добрыя ўсмешкі.
Марыя Пармонік лічыць:
— Трэба быць ва ўсім прафесіяналам. Раней мне не давялося атрымаць належную адукацыю, таму сёння адчула ў ёй неабходнасць.
Нехта здзіўляецца, а большасць радуецца за жанчыну, якая нядаўна стала студэнткаю Пінскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў. Яна самая старэйшая на курсе, а таму карыстаецца асабліваю павагаю сярод аднагрупнікаў.
Падтрымалі матулю дзеці, усе пяцёра.
— … і зяць Алежка — шосты, — дадае з усмешкаю. — Вось так раптам стала я цягнуцца да “вяршыняў навук”.
— А што вы яшчэ чакаеце ад жыцця? — задалі мы простае пытанне.
І атрымалі просты вясёлы адказ:
— Здароўя. Каб было сіл людзям памагаць і полечку на чатыры бокі скакаць!
Напрыканцы — трошкі жыццёвай арыфметыкі. Сёння Марыі Мікалаеўне Пармонік пяцьдзесят пяць. Яна сапраўдная выдатніца па жыцці: 5 дзяцей прынеслі 7 унукаў (і гэта яшчэ, верыць жанчына, не канец!). Дай Бог дачакацца і праўнукаў.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Марыя Мікалаеўна Пармонік.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top