“ІПРО” пачала
праектныя работы

У адпаведнасці з Праграмай развіцця цукровай галіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады, у ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” плануецца павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі салодкіх карэнняў. Дзеля гэтага на днях нямецкая фірма “ІПРО” пачала праектныя работы, што дазволіць  у выніку перапрацоўваць да 10 тысяч тон цукровых буракоў у суткі.

Кіраўнік — ганаровы меліяратар,
каманда — моцная ў спорце

Прафесійнае свята жабінкаўскія меліяратары правялі ў калег з ПМК-54 Бярозаўскага раёна, дзе ладзіліся спаборніцтвы сярод васьмі філіялаў УП “Брэстводбуд” у валейболе, кулявой стральбе, міні-футболе, дартсе, перацягванні каната і гіравым спорце.
Прыемны момант быў на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства: начальніку ПМК-19 П.У.Вайноўскаму за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне ўручаны нагрудны знак “Ганаровы меліяратар”. Сярод працаўнікоў калектыву ён чацвёрты, хто яго ўдастоены. Раней такога высокага звання заслужылі былы кіраўнік калоны К.Д.Шаўчук, прараб А.В.Хвядынка і машыніст экскаватара У.А.Ярмолік.
Як паведаміла старшыня прафкама арганізацыі В.М.Ляўчук, спаборніцтвы праходзілі ў напружанай барацьбе. Нашы валейбалісты занялі першае месца сярод васьмі каманд, трэцімі прадстаўнікі ПМК-19 былі ў футболе і гіравым спорце. Трапна стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі Вольга Хвалько і Раіса Галашка. Напал барацьбы за прызавое месца прыйшоўся на заключны від спаборніцтваў — перацягванне каната, дзе праявіліся сіла і спрыт каманд. У выніку — жабінкаўскія меліяратары сталі другімі. Поспех камандзе прынеслі І.Масіевіч, П.Галдобін, В.Пунько, Р.Панядзільнік, М.Манчук і інш. Дэлегацыя балельшчыкаў за ПМК-19 была самая шматлікая. Іх гарачая падтрымка так важная была ў пераломныя моманты барацьбы.

44-ая па ліку

Новы спецыялізаваны магазін, у якім можна набыць прадукцыю Жабінкаўскага камбікормавага завода, адчыніў свае дзверы 31 мая ў г.п.Зэльва. Гэта ўжо 44-ая па ліку гандлёвая кропка прадпрыемства з тых, якія паспяхова працуюць як на Брэстчыне, так і на Гродзеншчыне. З поўным асартыментам камбікармоў, кармоў для катоў і сабак прысутныя змаглі пазнаёміцца пад час прэзентацыі, якую падрыхтавалі спецыялісты аддзела маркетынгу прадпрыемства. З яе жыхары Гродзеншчыны даведаліся аб тым, як правільна і рацыянальна карміць сваіх хатніх гадаванцаў.

Валанцёры “Міласэрнасці” выйшлі на вуліцы

Традыцыйна ў Сусветны дзень без тытуню валанцёрскі атрад “Міла-сэрнасць” гарадскога ліцэя правёў акцыю аб шкодзе курэння. Валанцёры разам са сваім лідарам Кацярынай Сакалоўскай арганізавалі інфармацыйныя гадзіны для ліцэістаў, пад час якіх расказалі як уздзейнічае тытунь на арганізм чалавека і падлетка ў пры-ватнасці.
Гэтым іх прафілак-тычная дзейнасць не закончылася: юнакі і дзяўчаты выйшлі на вуліцы горада і раздавалі жабінкаўцам інфармацыйныя бюлетэні, якія атрымалі ад раённай арганізацыі таварыства “Чырвонага Крыжа”, прапаноўвалі весці здаровы лад жыцця, давалі парады як спыніць сяброўства з тытунём,, каб засцерагчы ад уздзеяння тытуню не толькі сябе, але і навакольных. Тым больш статыстыка сведчыць: тытунёвая эпідэмія штогод прыводзіць да смерці ў свеце каля 6 мільёнаў чалавек, з якіх 600 тысяч некурыльшчыкаў.

Аперацыя “Мак”

З прыходам летніх дзён у раёне распачаўся комплекс мерапрыемстваў спецыяльнай праграмы “Мак”. Ажыццяўляць яе традыцыйна будуць супрацоўнікі райаддзела міліцыі з 1 чэрвеня да 31 жніўня г.г., а таму папярэджваюць жабінкаўцаў устрымацца ад вырошчвання забароненых раслін з-за ўтрымання ў іх наркатычных рэчываў. Непаслухмянства, г.зн. пасеў ці вырошчванне раслін і грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі ці псіхатропныя рэчывы, прыводзіць да адміністрацыйнага пакарання – штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічыняў.
Летась, напрыклад, было складзена супрацоўнікамі міліцыі дзевяць пратаколаў на гаспадароў, на агародах якіх рос мак.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top