Прадоўжыла справу бацькоў

Прадоўжыла справу бацькоў

З 11 гадоў Аксана Шут ведала, што будзе цукраварам. На яе выбар паўплывалі бацькі Раіса Арцёмаўна  і  Мікалай Антонавіч, якія працавалі на цукровым заводзе.
У канцы 80-ых дзяўчынка разам з бацькамі наведала сталіцу Украіны, куды тыя прыехалі на традыцыйную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага тэхналагічнага інстытута харчовай прамысловасці.Аксана хадзіла па шырокіх калідорах установы, заглядвала ў аўдыторыі, на ўсё жыццё запомніла прыгожую актавую залу, у якой ладзілася ўрачыстасць. Пасля знаёмства з Кіевам дзяўчынка вырашыла канчаткова: “Буду вучыцца толькі тут — у горадзе прыгожых каштанаў і ліп, дзе набывалі спецыяльнасць мама і тата”.
Хутка мара Аксаны Шут збылася. Яна стала студэнткай Кіеўскага тэхналагічнага інстытута харчовай прамысловасці, абрала спецыяльнасць “тэхналогія цукрыстых рэчываў”.
— Гады вучобы — гэта цікавыя лекцыі, складаныя сесіі, вясёлыя практыкі і шчырае сяброўства, — гаворыць Аксана Мікалаеўна. — Добра памятаю першую практыку, якую мы праходзілі ў якасці лабарантаў на Оржыцкім цукровым заводзе ў Палтаўскай вобласці. Хадзілі ў змены, да працы ставіліся сур’ёзна, з адказнасцю, перажывалі, калі нешта не атрымлівалася. Нас любілі, лічылі сваімі, ва ўсім дапамагалі. Нягледзячы на складанасці, ніхто не пашкадаваў аб тым, што менавіта такую спецыяльнасць выбраў.
Пасля заканчэння інстытута ў 1990 годзе Аксана Мікалаеўна вярнулася на Жабінкаўшчыну. Маладога спецыяліста цёпла сустрэла тагачаснае кіраўніцтва завода: дырэктар Генадзь Іванавіч Вялько, галоўны тэхнолаг Надзея Барысаўна Шастак, начальнік вытворчай лабараторыі Галіна Міхайлаўна Адзінец.
— Я з уважлівасцю адносілася да падказак і дапамогі старэйшых калегаў, заўсёды адчувала іх падтрымку, — гаворыць яна. — Сёння з удзячнасцю ўспамінаю Аляксандра Пятровіча і Тамару Адольфаўну Брынцавых, Пятра Іванавіча Чэчалева, Мікалая Дзмітрыевіча Фалеўку і іншых, якія многаму мяне навучылі. І зараз мой калектыў — гэта мая сям’я. Я ўпэўнена: толькі разам можна дасягнуць пастаўленай мэты, дабіцца пэўнага выніку.
Аксана Мікалаеўна пачынала працу як інжынер-тэхнолаг, зараз яна — галоўны тэхнолаг завода. На гэтай пасадзе 16-ы год. “Быць галоўным тэхнолагам прадпрыемства вельмі адказна, — гаворыць мая суразмоўніца. — Кантралюю тэхналогію выпуску прадукцыі і ўдзельнічаю ў распрацоўцы новых яе відаў, сачу за якасцю, а таксама выконваю многа іншых абавязкаў. Бураковы сезон плануем пачаць 1 верасня. Спадзяемся, што да гэтага часу ўсе рамонтныя работы на заводзе закончацца”.
“Адказная, ініцыятыўная, патрабавальная, — так характарызуюць галоўнага тэхнолага калегі. — Высокакваліфікаваны спецыяліст,  чалавек на сваім месцы, любіць справу, якой займаецца, хвалюецца за яе вынік”. За добрасумленную працу прозвішча А.М.Сідо занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна.
А яшчэ яна — цікавая суразмоўніца і проста матуля, якая, было відаць, засумавала ў чаканні сына і дачкі — даўно не бачыліся. Алеся заканчвае другі курс Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Арцём жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, абяцаў наведаць радзіму гэтым летам.
“Калі жывеш у горадзе, дзе нарадзіўся і вырас, калі дзеці радуюць сваімі поспехамі, калі ёсць любімая праца, а побач матуля і верныя сябры, — хіба гэта не шчасце?” — заўважыла напрыканцы размовы Аксана Мікалаеўна.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: галоўны  тэхнолаг цукровага завода Аксана Мікалаеўна Сідо.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top