Год запаліў яркія зорачкі

Год запаліў яркія зорачкі

Традыцыйна напрыканцы навучальнага года ў раёне адбываецца ўганараванне адораных і таленавітых вучняў, што сваімі поспехамі ў прадметных алімпіядах і творчых конкурсах з году ў год даказваюць, наколькі багатая на  разнастайныя таленты Жабінкаўшчына. Нездарма так часта на свяце гучалі словы “нашы зорачкі”! Давайце іх прыгадаем, бо праз час многія з іх ператворацца ў яркія зоркі, але ўжо зараз яны складаюць “сапраўднае багацце нацыі”.

Шлях па чырвонай дарожцы

Сцэна ледзь магла ўмясціць усіх удзельнікаў алімпіяд, што адстойвалі гонар Жабінкаўшчыны на абласных этапах. Каля двух дзясяткаў найлепшых узнімаліся пад апладысменты залы па чырвонай дарожцы і прыкметна хваляваліся. Яны дзякавалі бацькам, што дапамагалі на шляху да перамогі, гаварылі пра любоў да роднай школы, дзе іх таленты заўважылі і развілі настаўнікі.
У беларускай мове і літа-ратуры вызначыліся сёлета Марыя Панасюк (з першай гарадской школы) і ліцэістка Таццяна Даманская. Да-казалі патрабавальнаму журы глыбіню сваіх ведаў у нямецкай мове вучаніцы Ленінскай школы Ніна Сцепанюк і Таццяна Філіманюк, а ў любові да англійскай шчыра прызнаваліся Карына Барысюк (СШ №3) і вучаніца 10 класа ліцэя г.Жабінка Дар’я Масяйчук (яе поспех адзначаны ў Брэсце дыпломам ІІ ступені). Сённяшняя выпускніца гэтай навучальнай установы Кацярына Сакалоўская выдатна паказала сябе ў рускай мове і літаратуры.
Прадстаўніцы трэцяй гарадской школы Вольга Дарошка і Ангеліна Булыга, лепшыя ў раёне ў грамадазнаўстве, прадстаўлялі гэты прадмет на абласной алімпіядзе, а ліцэістка Насця Капусціна сапернічала з найлепшымі вучнямі-біёлагамі Брэстчыны.
Саша Мартынюк з другой гарадской адзінаццацігодкі лічыць, што будучыня за інфарматыкай, гэтым тлумачыцца ягоная зацікаў-ленасць, і як вынік — поспех у алімпіядзе.
Вадзім Мелікаў і Ула-дзіслаў Здаравец абаранялі ў вобласці гонар першай і трэцяй гарадскіх школ у тэхнічнай працы. Каця Федаш таксама вучыцца ў СШ №2, і хоць заканчвае толькі 8 клас, ужо на роўных пазмагалася са старшакласнікамі ў абслуговай працы, атрымала ў вобласці дыплом І ступені, а ў рэспубліцы — Падзячны водгук. А дзесяцікласніца першай гарадской школы Юлія Вярэніч у гэтым самым прадмеце пасля поспеху на абласным этапе алімпіяды здолела выдатна выступіць і на рэспуб-ліканскім, дзе ўгана-равана дыпломам ІІ ступені.
Чароўныя пераўтварэнні, на якія здольная хімія, вабяць ліцэіста Канстанціна Верамеюка. Непаўторнай прыгажосцю няпростых матэматычных рашэнняў захапляюцца Алена Ігнацюк з Ракітніцкай СШ, Валянціна Ястрабкова (СШ №1), Сяргей Брэнька з ліцэя г.Жабінка, які ўганараваны дыпломам трэцяй ступені.
Надзвычай паспяховым стаў гэты навучальны год для ліцэісткі-дзесяцікласніцы Настассі Сідорка. Яна не толькі перамагла на абласным этапе алімпіяды ў рускай мове і літаратуры, але і годна прадставіла Жабінкаўшчыну ў рэспубліцы, дзе абвешчана прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў і атрымала дыплом ІІІ ступені. Да таго ж дзяўчына сёлета стала аўтарам сваёй першай паэтычнай кнігі.

Юнымі талентамі край наш багаты

Сучасныя школьнікі не толькі паспяхова авалодваюць асновамі ды вяршынямі розных навук, але й актыўна вывучаюць родны край, зай-маюцца канструяваннем і нават ставяць вопыты. Для іх заснавана новая намінацыя “За дасягненні ў даследчай дзейнасці”. Першымі зорачкамі-даследчыцамі сталі чацвёртакласніцы СШ №2 Ульяна Новік і Соф’я Санюк, вучаніца Ленінскай школы Вольга Сідарэвіч. Яны — дыпламанты абласной канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Шматграннасцю та-лентаў вызначаецца і дзевяцікласніца першай гарадской школы Саша Мартынчук. Не аднойчы яна ўзнімалася на сцэну — і не толькі як пераможца алімпіяд па рускай мове, але й у якасці спявачкі ансамбля “Сонейка”, што існуе пры раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
З энтузіязмам сустракалі прысутныя пераможцаў ІХ абласной выстаўкі мяккай цацкі, дыпламантаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Юныя таленты Беларусі” Ксенію Уласюк і Кацю Дулевіч; дыпламантку гэтага конкурсу, уладальніцу “Крышталёвага зубра” Нацыянальнага аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Наташу Гуц; дыпламантку V Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей” Ірыну Мецялёву. Не былі забытымі спартыўныя дасягненні Паўла Пахомскага, Юліі Актысюк, Сяргея Дзятлава, Сяргея Міхайлоўскага, Вадзіма Якавука. Са сцэны гучалі імёны таленавітых юных спевакоў, мастакоў, танцораў Насці Калячка, Ганны Кір’янавай, Алены Ранцэвіч, Аляксандра Пінчука, хмелеўскіх дзяцей, што 18 мая сталі пераможцамі абласнога фестывалю “Радавод”, — усіх тых, хто сваёй творчасцю славіць нашу родную зямлю.
Для кожнага знайшліся добрыя словы-пажаданні: ў намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, кандыдата псіхалагічных навук К.М.Сіда, начальніка аддзела ў справах моладзі райвыканкама В.У.Бортнік, першага сакратара РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз мо-ладзі” М.С.Маісеенка, што ўручылі граматы пераможцам алімпіяд у здаровым ладзе жыцця і прававых ведах, актывістам “БРСМ” за дапамогу ў рэалізацыі моладзевай палітыкі ў раёне.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: пад час уганаравання здольных вучняў раёна.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top