З клопатам аб зямлі

З клопатам аб зямлі

Любога чалавека, які працуе на зямлі, клапоціцца аб яе добраўпарадкаванні, у некаторым сэнсе можна лічыць меліяратарам. Такую думку выказаў у час нашай гутаркі начальнік перасоўнай механізаванай калоны №19 г.Жабінка дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Брэстводбуд” Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі. І матываваў свае словы тым, што меліярацыя, насуперак масавым меркаванням, — гэта не толькі асушэнне балот, арашэнне зямель, але ж і імкненне палепшыць іх стан, зрабіць больш урадлівымі, а значыць — карыснымі.
Аднак Жабінкаўская ПМК-19 43 гады таму пачынала сваю дзейнасць, менавіта як арганізацыя, арыентаваная выключна на асушэнне балот. Зараз фронт работ пашыраны. Ужо 20 гадоў калектыў выконвае заказы будаўнічай і сельскагаспадарчай галіны. “Таму і колькасць прафесійных святаў павялічылася. Цяпер мы адзначаем і Дзень будаўніка, і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі”, — з усмешкай адзначыў кіраўнік перасоўнай механізаванай калоны. Але самым важным для арганізацыі ўсё ж застаецца Дзень меліяратара.
— Калі ласка, Пётр Уладзіміравіч, раскажыце, на чым сёння спецыялізуецца “Жабінкаўская ПМК-19”?
— Меліярацыйныя работы па выніках мінулага года склалі толькі 23 працэнты ад нашай агульнай дзейнасці. Аднак сёлета аб’ёмы меліярацыйных заказаў выраслі. Увогуле на Жабінкаўшчыне асушана 23 тысячы гектараў зямель, што складае амаль трэць раёна. Дзе былі забалочаныя мясціны, цяпер знаходзяцца ўрадлівыя палі, пабудавана 110 кіламетраў дарог. Займаемся як утрыманнем тых меліярацыйных сістэм, якія ёсць, так і будаўніцтвам новых. Сёння выконваем таксама вертыкальныя плані-роўкі аб’ектаў, будуем сеткі водаправоду і каналізацыі, станцыі абезжалезвання, ачыстныя збудаванні.
— Якая геаграфія дзейнасці арганізацыі? Ці даводзіцца ў пошуках аб’ёмаў выязджаць за межы раёна?
— Сёння і ў раёне нямала спраў, але блізкасць да абласнога цэнтра дазваляе працаваць на аб’ектах Брэста. Раней, калі аб’ёмаў работ не хапала, мы шчыравалі ў Століне, Слоніме, нават у Смаленску. Цяпер іншая сітуацыя, партфель заказаў вялікі.

Па праграме захавання і выкарыстання меліяраваных зямель на 2011-2015 гады зараз працуем на двух аб’ектах — у гаспадарках “Маціевічы” і “Вазнясенскі”. Праводзім рамонт меліярацыйных сістэм “Чорны роў” у СВК “Рагазнянскі”, а таксама займаемся тэхнічным абслугоўваннем меліярацыйнай сеткі. Тры кіламетры водаправоду нам патрэбна пракласці ў мікрараёне “Пралеска” у Жабінцы,акрамя таго, для СВК “Хмелева” пабудаваць сянажную траншэю. У гэтыя дні работнікі ПМК-19 працуюць на адводзе павярховых вод з паўднёва-заходняга і паўднёвага раёнаў Брэста. У тых жа раёнах праводзяцца работы па вертыкальнай планіроўцы, заказчыкам іх з’яўляецца УКБ Брэста. Працягваем будаўніцтва водазабору і ачыстных збудаванняў у СЭЗ “Брэст”. Пракладваем там водаправодныя і каналізацыйныя сеткі. А затым нас чакаюць у Камянцы, дзе будзем узводзіць ачыстныя збудаванні.
— Ці хапае тэхнікі для такіх аб’ёмаў працы?
— За мінулы і бягучы год аднавілі 70 працэнтаў тэхнікі прадпрыемства. Цяпер у нас усе экскаватары новыя, купілі тры бульдозеры. Забяспечыць эфектыўнасць работы з тэхнікай, якая адпрацавала ўжо 30-40 гадоў, вельмі цяжка. Таму па магчымасці аддаем прыярытэт набыццю новай, як беларускай, так і замежнай. Сучасныя машыны з’явіліся і ў аўтамабільным парку. Гэта чатыры МАЗы, а таксама “Газэлі” для перавозкі людзей на аб’екты.
— Што чакаеце ад гэтага года? Як разлічваеце, ці будзе ён больш паспяховым для меліярацыйнай гаспадаркі?
— Сёлета мы ўжо вы-каналі падрадных работ на 9 мільярдаў 550 мільёнаў рублёў. Тэмп росту да мінулага года — 198 працэнтаў, а прадукцыйнасць працы склала 22 мільёны рублёў на аднаго працаўніка. Пакуль справы ідуць нядрэнна. Паступова расце заработная плата. За 4 месяцы гэтага года сярэдняя зарплата ў арганізацыі склала 4 мільёны 377 рублёў. Два гады запар “Жабінкаўская ПМК-19” лідзіруе сярод іншых філіялаў “Брэстводбуд”. Спадзяемся, пераходны сцяг і сёлета застанецца ў нас.
— Гавораць, падабраць добры калектыў — гэта палова паспеху справы. Надзейны, адказны, зладжаны… Гэтыя эпітэты падыходзяць для калектыву ПМК-19?
— Аб нашых працаўніках магу сказаць толькі добрыя словы. Яны — мая апора. Сёння ў калектыве 107 чалавек. Амаль усе механізатары старой загартоўкі. Не баяцца цяжкай працы машыністы экскаватара Сяргей Мазанік і Валерый Федарук, машыністы бульдозера Уладзімір Грэдзель, Мікалай Мартынаў, машыніст аўтакрана Аляксандр Несцярук. Не першы год аддана  працуюць у арганізацыі трактарысты Сяргей Барысюк, Віктар Пахомскі і вадзіцель Аляксей Буснюк, электрагазазваршчык Іван Лемяшэўскі.Сярод інжынерна-тэхнічных работнікаў таксама працуе 4 маладых перспектыўных спецыяліста. Вызначыць хочацца вядучага інжынера Надзею Кірыеўскую, інжынераў Мікалая Манчука, Міхаіла Дземчука.
— Добраўпарадкаваная тэрыторыя прадпры-емства, утульныя пакоі для харчавання і адпачынку працаўнікоў, прыгожыя бытавыя памяшканні і майстэрні гавораць аб гаспадарлівасці. Клопат аб зручнай і бяспечнай працы калектыву — своеасаблівая палітыка прадпрыемства?
— Задача кіраўніка — стварыць для работнікаў добрыя ўмовы працы, захаваць іх здароўе, пакла-паціцца, каб не было выпадкаў траўматызму на працоўных месцах. Два гады таму адрамантавалі бытавыя памяшканні, цяпер робім усё магчымае, каб падтрымліваць там парадак. Добра абсталяваны пакой па ахове працы. Усе ў нас забяспечаны спецадзеннем. На вытворчых участках ёсць перасоўныя вагоны.
Не забываем пра сваіх людзей і ў святы: выдаем прэміі да прафесійнага, жанчын віншуем у Дзень маці і 8 сакавіка. Памятаем і пра ветэранаў, якія многія гады аддалі працы ў ПМК-19.
— Пётр Уладзіміравіч, як падтрымліваеце карпаратыўны дух у сваіх працаўнікоў?
— Штогод у Дзень меліяратара каманда ад нашай арганізацыі прымае ўдзел у спартыўных спабор-ніцтвах сярод філіялаў трэста “Брэстводбуд”. Гэта яднае працаўнікоў і дазва-ляе правесці прафесійнае свята актыўна і весела. Вось і зараз адправімся “пакараць” спартыўныя вяршыні ў Сігневічах, што ў Бярозаўскім раёне.
Зімой нашы меліяратары выязджаюць на рыбалку, а яшчэ для іх арганізоўваюцца розныя экскурсіі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: машыніст аднакаўшовага экскаватара С.С.Мазанік;
у пакоі адпачынку.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top