У назве гучыць неспакой

Ёсць паблізу Жабінкі, на ўзбярэжжы Мухаўца, урочышча Непакойчыцы. Некалі гэта было люднае паселішча, вядомае з пачатку ХVI стагоддзя; зараз – маляўнічыя мясціны паблізу ракі са старадаўнімі пратэстанцкімі могілкамі, парушанымі гадоў трыццаць таму. Ужо ў стагоддзі ХХІ-м неабыякавыя людзі паклапаціліся, каб абнавіць рэшткі пабураных пахаванняў.

Аднак неспакой прапісаўся ў Непакойчыцах значна раней: у пачатку 90-х гадоў у пошуках панскіх “скарбаў” сюды завіталі вандалы. У вайну тут гінулі бязвінныя людзі. Пра тое сведчаць архіўныя дакументы, створаныя паводле ўспамінаў сведкаў неўзабаве пасля вызвалення краю.

У акце, складзеным 20 лістапада 1944 года, між іншым, пазначалася: “Маёнтак Непакойчыцы. Расстраляны 17 чалавек яўрэяў, прозвішчы якіх не ўдакладнены”.

Але ж былі і тыя, пра каго сведкі згадалі, а ўлады занатавалі 31 студзеня 1945 года. У спісе галоўным чынам прозвішчы ўсходнікаў, як у нашай мясцовасці да вайны і падчас яе звалі жонак і дзяцей савецкіх спецыялістаў, чырвоных камандзіраў і байцоў. Восенню 1942 года ўсходнікаў масава знішчалі карнікі. Спачатку падманліва склікалі ва ўправу, а потым – у яміну, у расход…

Адкрывае мартыралог забітых у Непакойчыцах Клаўдзія Гардзеева (1916 г. н.) з гадавалым сынам Анатолем.

Самай маленькай ахвярай стала Тамара Калеснікава, якая прыйшла на свет у 1942-м. Гэты год стаў для яе першым і апошнім.

У сорак першым, калі пачалося ліхалецце, нарадзіўся Барыс Кузняцоў – сын Параскевы (або, як пазначана ў дакуменце, Апраскі) Кузняцовай (1918 г. н.). Смерць яны падзялілі разам, як некалі дзялілі жыццё.

Наступнымі ў спісе названы 26-гадовая Клаўдзія Лысюк і Алена Міхайлава, якая з’явілася на свет у 1942 годзе. Дзяўчынка не паспела адзначыць і першы дзень нараджэння.

Непакойчыцы сталі месцам агульнай гібелі сям’і Панцялея Першуна (1905 г. н.). Тут абарваліся жыцці не толькі самога гаспадара і яго жонкі Маланні (Меланіі) (1912 г.н.), але і іх малалетніх дзяцей Галіны (1936 г. н.), Міхаіла (1938 г. н.) ды Віктара (1939 г. н.).

Ад варожых куляў загінулі Пётр Падсарыя (1905 г. н.) і яго жонка Ганна (1906 г.н.).

Далей у спісе ідуць Марыя Папкова, народжаная ў 1894 годзе і пяцігадовая Фаіна (Фаня) Папкова.

Раённая кніга “Памяць” згадвае Марыю Сінявіну (1909 г. н.) з мужам Яўгенам (1907 г. н.) ды іх чацвёра неназваных дзяцей. Магчыма адным з тых неназваных з’яўляецца Антон Сінявін, народжаны ў 1940 годзе, які ўнесены ў пералік непакойчыцкіх пакутнікаў.

На тым узбярэжжы знайшла сваю пагібель Еўдакія Чыкіна (1907 г. н.) з дзецьмі Кацярынай (1927 г. н.) ды Аляксандрам (1935 г. н.).

Завяршаюць мартыралог Соф’я Фёдараўна Чубук, якая загінула разам з сынам Рамуальдам і дачкой Святланай. Пра іх агульны няшчасны лёс вядома больш, чым пра астатнія.

У Жабінцы на вуліцы Міру з 1949 года стаіць помнік у памяць пра Соф’ю Чубук і яе дзяцей. На магіле надпіс: “Любимому другу, коммунисту, преданному патриоту Советской Родины, зверски убитой в числе 75 советских граждан 27 октября 1942 г. Софье Фёдоровне Чубук и детям Рену і Светочке от мужа і отца подполковника Чубука Ивана Фёдоровича”.

Гэты надпіс патрабуе ўдакладненняў. У сапраўднасці Соф’ю Чубук звалі Сарай Фраймонтаўнай. Яна нарадзілася ў 1907 годзе, была ленінградскай настаўніцай. Летам сорак першага прыехала з дзецьмі да мужа, які служыў у Брэсцкай крэпасці, на летнія вакацыі. У пачатку вайны Соф’я з дзецьмі не паспела пакінуць горад над Бугам. У жніўні 1941 года, калі акупанты загадалі замяніць савецкія пашпарты на нямецкія, брэсцкія падпольшчыцы засведчылі перад новымі ўладамі, што жонка Івана Чубука руская па нацыянальнасці. Гэткім чынам ёй быў выпісаны аўсвайс на імя Соф’і Чубук. Неўзабаве Соф’я Фёдараўна выехала з Брэста разам з 10-гадовым сынам Рамуальдам (Рэнам) і дачкой Светай, народжанай у 1937 годзе. Яны спадзяваліся, што гэта выратуе іх ад гібелі. Аднак праз некалькі месяцаў прагучалі стрэлы ў Непакойчыцах…

Анатоль РОСТАЎ
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.