І ляціць дабрыня

І ляціць дабрыня

 

Штогод ў майскія дні паўсюль у свеце ладзяцца акцыі, карысных спраў таварыствам Чырвонага Крыжа. 22 мая ягоныя валанцёры з трэцяй гарадской школы і ліцэя — стваральнікі праекта “Добрае сэрца” — разам з сябрамі моладзевага праваслаўнага брацтва імя Кірылы Тураўскага наведалі з сяброўскім візітам Жабінкаўскую спецыяльную школу-інтэрнат.
Госці завіталі з падарункам — вялікім дабрачынным канцэртам, які назвалі “Ад сэрца да сэрца”. Гэтым радком пачынаўся адзін з вершаў, прачытаных на вечарыне. Такім цудоўным шляхам — цераз сэрцы, здольныя адчуць чужы боль і суперажываць, — развіваліся падзеі на канцэртнай сцэне, што захапілі гледачоў ад самага пачатку. І не дзіўна, паколькі юныя актывісты Чырвонага Крыжа размаўлялі на мове мастацтва, якая зразумелая нават без перакладу.
У тым кожны мог пераканацца. Для прыкладу, жартаўлівую сцэнку “Як дзядзечка Поджар вешаў карціну”, напісаную ў ХІХ стагоддзі вядомым англійскім гумарыстам К.Джэромам, юныя артысты выканалі на мове… арыгіналу. Але ж дзеці сачылі за падзеямі на сцэне з такой цікавасцю, быццам разумелі кожнае слова! Альбо з дапамогаю ліцэістаў гледачы перагарнулі некалькі старонак неўміручага рамана “Людзі на балоце”, і літаральна з першых радкоў настолькі ўпадабалі дыялогі герояў, што апладзіравалі аматарам, нібыта сапраўдным акцёрам.
Вельмі хораша паказалі свае здольнасці ўдзельнікі канцэрта ў ягонай паэтычна-песеннай частцы. Лейтматывам яе стаў агульны пошук “чароўнай планеты любові, дзе жывуць закаханыя і міласцівыя сэрцы”. Таму надзвычай выразна гучала з вуснаў вучаніцы трэцяй гарадской школы Хрысціны Кір’янавай песня “Надзея”. Глыбока кранулі слухачоў, заставілі сцішыцца і задумацца словы верша “Малітва”, прачытанага Ганнай Мясніковай. Аліна Новік і Даша Войцік песнямі “Мама-матулечка” і “Матуліны рукі” здолелі выказаць падзяку найдаражэйшым людзям на зямлі. Бадзёра і жыццярадасна выканала песню “Мой родны горад” Ірына Шалонік. А Валерыя Дзмітрук і Яўгенія Грыгарчук песняю “Хмары ў блакітным” на імгненні абудзілі памяць прысутных аб суровай ваеннай пары. Выразным заклікам да кожнага стала песня “Жыві”, якую выканаў дуэт ліцэістак Аліны Новік і Кацярыны Сакалоўскай. І не аднойчы паўтараўся песенны заклік: “Абыякавых не можа быць між намі!”
Выканаўцы пачулі словы ўдзячнасці ад дырэктара школы-інтэрната А.А.Кавальчука. Аляксандр Андрэевіч прапанаваў і надалей мацаваць сувязі паміж навучальнымі ўстановамі і пры нагодзе арганізаваць выступленне сваіх выхаванцаў, бо і ў інтэрнаце нямала здольных дзяцей.
Надзвычай важны момант адбыўся напрыканцы канцэрта: на сцэну былі запрошаны два дзясяткі сірот і дзяцей са шматдзетных сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным стане, або выхоўваюцца ў школе-інтэрнаце ці раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Кожны з іх атрымаў памятныя падарункі з рук старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяны Мікалаеўны Пархімовіч.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: акцыя Чырвонага Крыжа надоўга застанецца ў памяці вучняў спецшколы-інтэрната; падарунак ад валанцёра для выхаванца цэнтра  карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Юрыя Цуркана.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top