Звездный час жабинковских «мистеров»

Звездный час жабинковских «мистеров»

Зорны час містэраў
Дзень моладзі ў Жабінцы напачатку нічым не адрозніваўся ад іншых народных гулянняў. У парку і на гарадской плошчы гулялі дарослыя, а малыя скакалі на батуце, ласаваліся поп-корнам і саладосцямі, забаўляліся на танцпляцоўцы.
Моладзь заварушылася бліжэй да пяці гадзін вечара, калі павінен быў пачацца ў ГДК конкурс “Містэр горада-2010”. Паглядзець на сімпатычных эрудзіраваных юнакоў сабралася амаль поўная зала.
І вось яны, элегантна апранутыя, з’яўляюцца на сцэне. Юра Барысюк захапляецца музыкай і матацыкламі, асвойвае прафесію чыгуначніка. Слава Мядзведзь любіць корпацца ў аўтамабілі. Захапленне можа перарасці ў сэнс жыцця, бо марыць адкрыць уласную станцыю тэхабслугоўвання. А яшчэ ён здзівіў журы і гледачоў віртуознай ігрой на саксафоне. Аляксандр Жмінько чытае рэп і нават выступіў на сцэне са сваёй сяброўкай з Брэста. Антон Сінішын займаецца спортам, іграе на гітары. Ілля Кірылаў стыльны хлопец. Яўген Паўловіч займаецца стылістыкай, баявым мастацтвам і дызайнерствам. Уладзімір Масальскі слухае электрахаўс, любіць маляваць.
Хлопцы выходзілі на сцэну ў самых розных вобразах. У конкурсе “Лета-2010”, яны мала чым адрозніваліся — адзін ад аднаго: у джынсах і амаль аднолькавых футболках. А вось у “Хобі” кідка праявілі сябе: былі тут спартсмен, маляр, аўтаслесар, рыцар і нават — лавелас у акружэнні сімпатычных дзяўчатак. У конкурсе “Прама з дзяцінства — на сцэну” вялікаўзроставыя хлопцы ў слюняўчыках, паўзунках, кароценькіх, у абліпку штоніках, глядзеліся смешна, чым добра павесялілі дзяўчатак ў зале.
Канкурсанты паспрабавалі сябе ў ролі падтанцоўкі ў салістак студыі “Золак”, а таксама самі пераапраналіся, і “спявалі” галасамі Барыса Маісеева, Алы Пугачовай, Веркі Сярдзючкі і інш. А два “містэры” дзеля перамогі адважыліся і выдатна ўліліся ў жаночыя вобразы групы “Глюкоза”.
Нарэшце, конкурс падышоў да свайго лагічнага завяршэння. Гледачы, магчыма, чакалі відэаролікі пра канкурсантаў, каб лепш даведацца пра іх захапленні. “Містэра” выбіраюць жа не толькі па фігуры і ўменні рухацца на сцэне, але, напрыклад, уменні прыгожа гаварыць. Аднак такой магчымасці хлопцам не прапанавалі.
Журы вызначыла пераможцаў, і на кожным удзельніку з’явілася стужка з надпісамі “Містэр-абаяльнасць”, “арыгінальнасць”, “элегантнасць”, “галантнасць”, “рамантык”. “Віцэ-містэрам-2010” стаў Уладзімір Масальскі. А вось меркаванні наконт пераможцы ў гледачоў і журы, на дзіва, супалі. Тытулы “Містэр глядацкіх сімпатый” і “Містэр горада-2010” заслужана дасталіся Уладзіславу Мядзведзю. Удзельнікі конкурсу з падарункамі і сябрамі працягвалі святкаваць на танцпляцоўцы, дзе прапаноўвалася цікавая музычная праграма, галоўнымі выканаўцамі якой былі маладзёжныя рок-гурты.
С.КІСЛАЯ.
На здымку: пад час конкурсу “Містэр горада-2010”.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top