Касавіца ў маі царыца

Сярод шматлікіх сельскагаспадарчых работ у веснавую пару асаблівая ўвага – нарыхтоўцы азімага жыта і сакавітых траў на сянаж. Таму без перабольшвання можна вобразна майскую касавіцу параўноўваць з царыцай, да якой земляроб адносіцца з павагай ды клопатам.

Жабінкаўскія аграрыі распачалі касавіцу аднымі з першых у вобласці.

Ужо 5 мая ў ААТ “Рагазнянскі” адбыўся выязны выканкам пад кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Кузьміча. На нараду, прысвечаную надзвычай значнай справе, былі запрошаны члены выканкама і кіраўнікі ды спецыялісты гаспадарак Жабінкаўшчыны. Акрамя таго, у мерапрыемстве паўдзельнічалі прадстаўнікі ветэрынарнай службы і “Савушкавага прадукта” – значнага партнёра нашага раёна ў аграпрамысловай галіне. Падкрэслівалася важнасць своечасовай і якаснай нарыхтоўкі азімага жыта і траў на сянаж. Старт касавіцы дадзены менавіта рагазнянцамі, таму на прыкладзе іх сельгаспрадпрыемства і былі прадэманстраваны асаблівасці нарыхтоўкі азімага жыта на сянаж.

Гэтыя працы распачаліся ва ўсіх без выключэння сельгаспрадпрыемствах раёна і хутка прынеслі належны плён. На 16 мая, паводле слоў першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Рыгора Панасюка, нарыхтоўка азімага жыта была цалкам завершана аграрыямі Жабінкаўшчыны. Што важна: разумеючы сваю адказнасць, яны паспелі справіцца да дажджоў, на якія часам бывае багаты май.

У выніку атрымалася нарыхтаваць больш за 4400 тон сенажу. Аднак у працаўнікоў сяла няма часу спыняцца на дасягнутым. Цяпер на парадку дня наступны важны крок: нарыхтоўка сенажу са шматгадовых траў першага ўкосу. Разуменне значнасці гэтай справы прысутнічае ў кожнага, хто звязаны з АПК, таму ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна ўжо актыўна ўключыліся, так бы мовіць, у другі раўнд касавіцы.

Рыгор Адамавіч даводзіць, што сёлета плануецца скасіць травы з сямі з паловаю тысяч гектараў. Найбольшыя плошчы ў раёне адведзены ў ААТ “Жабінкаўскі” і “Хмелева”, дзе травы першага ўкосу займаюць па 1400 гектараў.

Падкрэслім: нашы гаспадаркі належна падрыхтаваліся. Своечасова была адрамантавана тэхніка, у ААТ “Ракітніца” сёлета набылі кормаўборачны камбайн, прыдбаныя таксама новыя касілкі ў “Ракітніцы” і “Мацеевічах”. А галоўнае – ёсць добры настрой у працаўнікоў, якія шчыруюць на зямлі дзеля агульнага станоўчага выніку. Спраў у аграрыяў шмат: не паспее касавіца пабываць у ролі царыцы, а ўжо не за гарамі, як і “царскае” жніво надыдзе… Таму расслабляцца часу няма – кліча вясна, заве родная зямля!

Вядома, вяскоўцы спадзяюцца, што надвор’е паспрыяе ў іх справах. Аднак, калі паназіраць, як шчыруюць камбайнеры ды вадзіцелі ў полі, міжволі прыходзіш да высновы: жывуць працаўнікі сяла не толькі надзеяй на знешнюю дапамогу, але і робяць усё магчымае, каб касавіца ды іншыя вясковыя справы былі выкананы ў тэрміны і належным чынам.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.