Пашана і медаль – за працоўныя заслугі

Павышаная ўвага з боку калег, знаёмых, сяброў дый прадстаўнікоў прэсы крыху бянтэжыць аператара машыннага даення ААТ “Жабінкаўскі” Марыю Чарэўка. Гэтая сціплая жанчына-руплівіца старанна выконвае сваю любімую справу і не імкнецца быць у цэнтры ўвагі.

А як тут не будзеш, калі сёлета паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Марыю Пятроўну, як лідара і перадавіка жывёлагадоўчай галіны, узнагародзілі медалём “За працоўныя заслугі”. Уганараванне лепшых рупліўцаў-аграрыяў Брэстчыны адбылося на пасяджэнні аблвыканкама. Медаль Марыі Чарэўка асабіста ўручыў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык (на здымку).

Працоўны стаж нашай гераіні – больш за трыццаць пяць гадоў. І ўвесь гэты час яна шчыруе ў адным і тым жа калектыве на малочнатаварнай ферме “Якаўчыцы”.

Жабінкаўская зямля даўно стала роднай для нараджэнкі ўкраінскіх Карпатаў і яе сям’і. У 1986 годзе, азмрочаным чарнобыльскай бядой, Чарэўкі пераехалі ў Беларусь і прыкіпелі да Сінявокай сэрцам і душой.

Калі сёлета Марыя Пятроўна на свяце дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь мела гонар разам з Васілём Платонавым, таксама ўзнагароджаным медалём “За працоўныя заслугі”, узняць наш дзяржаўны сцяг пад гукі дзяржаўнага гімна, у яе галаве мільганула думка, што яна адчувае сябе паўнавартаснай беларускай.

– Я ўдзячная лёсу, што сустракаю на жыццёвым шляху добрых людзей ды маю працу, якая прыносіць задавальненне, – дзеліцца наша гераіня. – Я шчаслівая, што маю клапатлівага мужа, трох харошых дачок і ўжо сямёра ўнукаў.

Калісьці бабуля ласкава назвала Марыю Мар’яначкай. І цяпер самыя блізкія людзі яе так і завуць.

Мабыць, гэтаксама, а мо і яшчэ ласкавей называлі б Марыю Пятроўну яе гадаванцы – рагулі ды цяляты, калі б маглі гаварыць. А так толькі “му” ды “му”. Але яна цудоўна разумее гэтую жывую “жывёльную” мову. Вось і размаўляе – такое бывае! – са сваімі Маруськамі, Зорачкамі ды Бярозкамі, каб тыя добрыя надоі давалі ды ў вазе прыбаўлялі.

На нагах Марыя Чарэўка з чатырох гадзін (раніцы, вядома). Трэба некалькі разоў на дзень кароў падаіць, а пры вытворчай неабходнасці і цялят пакарміць.

– Зараз працаваць нашмат лягчэй, чым трыццаць гадоў назад, – кажа вопытная працаўніца. – Калісьці мы даілі рагуль у вёдры, цяпер на нашай ферме ўстаноўлена сучасная сістэма даення “карусель”.

Мадэрнізацыя паспрыяла павелічэнню надояў у роднай гаспадарцы. Вось колькі лічбаў, да з’яўлення якіх маюць непасрэднае дачыненне такія рупліўцы, як наша гераіня. Валавая вытворчасць малака за мінулы год вырасла на 28 працэнтаў і склала 4174 тоны. Сярэдні надой на карову на МТФ “Якаўчыцы” – 7676 кілаграмаў. Да слова, гэта самы высокі паказчык у ААТ “Жабінкаўскі”. Пра ўсё гэта з задавальненнем паведаміла галоўны заатэхнік сельгаставарыства Аксана Шлык.

– Марыя Пятроўна – гонар нашай гаспадаркі, прыклад для іншых, – кажа Аксана Міхайлаўна. – Яна штогод дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў, бо адказная, старанная ды ініцыятыўная, пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, ахвотна перадае вопыт і веды маладым.

Побач з бабуляй рупіцца ўнучка Валянціна. Яна ветфельчар, і, дарэчы, Марыі Пятроўне таксама ёсць чаму павучыцца ў маладых. Тэхналогіі ж не стаяць на месцы, а юныя ўсё хапаюць на ляту.

Віншуем руплівіцу з высокім уганараваннем яе працоўных заслуг. Жадаем здароўя, сямейнага шчасця, далейшых поспехаў у працы!

Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.