Шчасце, падзеленае на сем «Я»

Шчасце, падзеленае на сем «Я»

Чалавек можа мець грошы, быць знакамітым, але заставацца адзінокім… Калі два сэрцы звязваюцца самаю моцнаю ніткаю — каханнем, узнікае шчасце, якое складаецца з сямейнай утульнасці, узаемных клопатаў і перажыванняў, радасцей, надзейнасці і душэўнай цеплыні. Усё гэта падзяляецца пароўну не толькі на “цябе і мяне”, але, часцяком, на сем “Я”…  Каб выгадаваць, паставіць на ногі, навучыць быць сапраўдным чалавекам трое, чацвёра, пяцёра, а то і больш дзяцей, трэба правесці сотні бяссоных начэй, быць цярплівым і чулым чалавекам.
Чатыры шматдзетныя сям’і 23 мая выйшлі на сцэну гарадскога Дома культуры і прынялі ўдзел у конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я”. Прыгожыя і шчаслівыя, а галоўнае — усе разам, яны спраўляліся з заданнямі, якія прапаноўвалі ім вядучыя.
З цёплымі словамі да канкурсантаў, адкрываючы мерапрыемства, звярнуўся старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар. Ён адзначыў, што сёння дзяржава падтрымлівае сем’і, у якіх гадуецца трое і больш дзяцей, і гэта не выпадкова: любая краіна моцная, калі ў ёй моцная і надзейная кожная сям’я.
— З сям’і пачынаецца аснова выхавання падрастаючага пакалення. Вельмі радуе, што ў апошнія гады ў раёне назіраецца павелічэнне нараджальнасці, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Конкурсная праграма пачалася са знаёмства з сем’ямі-канкурсанткамі. У гэтым дапамагла “Візітная картка”. Сям’я Рэзінковых выступіла з вершам-прызнаннем ва ўзаемных шчырых пачуццях. У сям’і 5 чалавек. Галава сям’і, як адзначыла гаспадыня, —  тата, а самае вялікае шчасце — дзеці.
Сапраўды сем “Я” зараз у сям’і Дулевічаў. Аднак хутка шчаслівая сямейка чакае папаўнення. Напэўна, не адну мяне цікавіла пытанне, як Дзмітрый спраўляецца з шасцю жанчынамі ў доме? Канечне, у памочнікі яму патрэбен яшчэ адзін маленькі мужчына.
Як працуюць і адпачываюць у сям’і Гадулька даведаліся ўдзельнікі  мерапрыемства з невялікага відэафільма. Галоўны прынцып тут, дзе падрастае чацвёра дзетак, — дзве дачушкі і два сыны — усё рабіць разам, радасці і праблемы дзяліць пароўну.
Пад гучныя апладысменты сваёй групы падтрымкі з ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” выйшла на сцэну сям’я  Андрасюкоў, у якіх трое таленавітых дзетак.

У жартоўнай манеры прадставілі яны кожнага з сям’і, суправа-джаючы выступленне фота-прэзентацыяй.
Арганізатары мерапры-емства — тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насель-ніцтва і супрацоўнікі гарадскога Дома куль-туры, пастараліся, каб кожная сям’я магла раскрыцца ўсебакова. Хатнім заданнем для кожнай з іх былі конкурсы “Умелыя рукі” і “Сямейны пірог”.
Каваныя падстаўкі, цудоўныя вышытыя карціны, вырабы з бі-серу, мяккія цацкі — у кожнага свае захапленні. Безумоўна, журы было цяжка вырашыць, у каго найлепшыя работы. Усе вырабы заслугоўвалі ўвагі, а апетытныя пірагі так і заклікалі пачаставацца смакатой.
У перапынках па-між конкурсамі залу “запальвалі” ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, у якім, дарэчы, займаецца Кацярына — дачка сям’і Андрасюкоў, ансамблі “Сонейка” і “Фасолька”, Аксана Пракошына і Наталля Сяргеева.
З інтэлектуальнай віктарынай “Самы-самы…” ўсе справіліся паспяхова. Цікавым аказалася заданне, дзе кожнай сям’і прапанавалася паказаць паходку пэўнага чалавека.
Творчы конкурс “Сямейныя таленты” яшчэ раз даказаў, што кожная па-свойму дастойна звацца таленавітай і творчай. Рэзінковы спявалі песню, Дулевічы разам чыталі свае вершы, артыстычныя і тэатральныя здольнасці праяўлялі Гадулькі, калі разыгралі сцэнку. Не менш цікавым было і выступленне сям’і Андрасюкоў.
Конкурсная праграма падышла да свайго завяршэння. “Ну хто, хто?” — чуўся шэпт балельшчыкаў. Каб абвясціць вынікі, на сцэну выйшла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня журы Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк, якая павіншавала сем’і з трыумфам.  
У намінацыі “Самая таленавітая” перамагла сям’я Гадулькаў. Званні “Самая маладая” атрымала вялікая сям’я Дулевічаў, “Самая эрудзіраваная” — Андрасюкоў. А найлепшай шматдзетнай сям’ёй-2013 была названа сям’я Рэзінковых.
Муж і жонка Рэзінковы разам са школьнай парты, нават у музычнай школе адной вучыліся. Іх сямейны стаж — 15 шчаслівых гадоў. Зарэгістравалі шлюб у дату з трыма васьмёркамі (8.08.98), якія абазначаюць бясконцасць, у дадзеным выпадку кахання. У сям’і 3 дзетак. Гэта дочкі Аліна і Надзея, сын Арцём. Дзяўчаты працягваюць бацькоўскія захапленні і таксама наведваюць музычную школу, а Арцём добры футбаліст. Усе яны выдатна вучацца ў школе.
Прыемны момант — уручэнне падарункаў. Іх было шмат. Спонсарамі мерапрыемства сталі рай-кам прафсаюза работнікаў АПК, аддзел у справах моладзі райвыканкама, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Фонд міру.
…Заўсёды прыемна бачыць шчырыя, яскравыя радасныя эмоцыі. Ду-маецца, гэты конкурс, як і падрыхтоўка да яго, яшчэ больш згуртаваў і без таго дружныя сем’і.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у час мерапрыемства.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top