Ці прадоўжыць справу ўнук

Ці прадоўжыць справу ўнук

Служба ў пагранічных войсках — гэта не рамантыка, а адказная справа. Людзі гэтай прафесіі — твар дзяржавы, якія першымі сустракаюць замежнага грамадзяніна, калі ён прыязджае ў нашу краіну.
Уладзімір Аляксандравіч і Ларыса Аляксееўна Карповічы — былыя пагранічнікі, сустрэліся зімой 1986-га, пад час службы ў пагранічных органах на асобным кантрольна-прапускным пункце “Брэст”. Да гэтага Ларыса Шчарбакова (дзявочае прозвішча) 7 гадоў працавала справавытворцай у палітаддзеле пагранічнага атрада Брэста. Яна трапіла ў першы набор жанчын на службу ў пагранвойсках, была адной з дванаццаці, хто пачаў служыць на АКПП.
— Гэта  было для мяне ганарова і адказна, — успамінае Ларыса Аляксееўна. — Радавалася, што мяне запрасілі ў каманду, дзе знайшла не толькі падтрымку і апору на службе, але і ў жыцці. Пагранічніцы змаглі авалодаць усімі ваеннымі спецыяльнасцямі, паказвалі свае самастойнасць і прафесіяналізм, а ў такіх накірунках, як пагранічны кантроль, занялі дамінуючае месца. Калі апранала форму, старалася добрасумленна выконваць сваю працу.
Уладзімір Аляксандравіч Карповіч у пагранічныя войскі прыйшоў у 1970-ым і ніколькі не пашкадаваў пра свой выбар. На АКПП “Брэст” праслужыў звыш трох пяцігодак. Неўзабаве адбыўся перавод Карповічаў на Львоўшчыну, затым у Мінск, дзе й служылі да выхаду на пенсію. Займалі розныя пасады, даслужыліся да памочніка начальніка аддзялення: спачатку быў Уладзімір Аляксандравіч, а пасля яго выхаду на пенсію прызначылі Ларысу Аляксееўну. Месцам службы былі “Мачулішчы”, аэрапорты “Мінск-1” і “Мінск-2”. Дарэчы, паводле сваёй дзейнасці АКПП “Мінск” знаходзіцца ў скла-дзе пагранічных войскаў і выконвае задачы ў ахове дзяржаўнай мяжы Беларусі.
Сакрэт стабільнасці ў на-дзейнай ахове дзяржаўнай мяжы залежыць ад людзей. Так званы чалавечы фактар адыгрывае галоўную ролю ў нясенні пагранічнай службы. Пра тое, што муж і жонка Карповічы былі прафесіяналамі, поўнасцю аддавалі сябе ратнай справе, сведчаць артыкулы ў друку, якія беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве. Пра невычэрпную энергію і жыццялюбства Уладзіміра Аляксандравіча пісаў усесаюзны часопіс “Савецкі пагранічнік”. 17 сакавіка 1990 года газета Заходняй пагранічнай акругі “Савецкі пагранічнік” змясціла фота-здымак Ларысы Аляксееўны і заметку пра яе.
— Як правіла, першымі ў пунктах пагранічнага пропуску замежных гасцей і нашых суайчыннікаў, якія прыязджаюць з-за мяжы, сустракаюць падцягнутыя хлопцы ў зялёных фуражках. А вось у нацыянальным аэрапорце “Мінск” гасцей сустракаюць сімпатычныя дзяўчаты-супрацоўніцы аддзела пагранічнага кантролю, — расказала Ларыса Аляксееўна. — У нашым падраздзяленні большасць ваеннаслужачых — жанчыны. Другога такога па-драздзялення на беларускай мяжы няма. Відаць, жанчыны-кантралёры больш уважлівыя, адказныя і акуратныя ў рабоце з дакументамі.
Праца Карповічаў адзначана ўрадавымі ўзнагародамі: медалямі “За бездакорную службу” розных ступеняў, юбілейнымі — да 60-70-80-годдзя Узброеных Сіл СССР і Беларусі і нагруднымі знакамі “60 гадоў асобнаму кантрольна-прапускному пункту “Мінск”, інш.
— Работа кантралёра толькі знешне выглядае простай: сядзі сабе ў кабінцы, прымай пашпарты, звярай іх па базе, — тлумачыць Ларыса Карповіч. — Ён, каб выявіць падробку, павінен быць знаёмы з некалькімі сотнямі ўзораў гэтага дакумента. А яшчэ трэба проста любіць сваю працу. Мне мая, а таксама зносіны з калегамі, пасажырамі вельмі падабаліся. Па натуры я не камандзір, а хутчэй выканаўца. Службу несла ў розных відах нарадаў у ахове дзяржаўнай мяжы, праводзіла з маладымі кантралёрамі заняткі, выхавала нямала дастойных спецыялістаў, кантралёраў навучала як арыентавацца ў моры патрэбнай інфармацыі, на што звяртаць увагу, калі бярэш у рукі пашпарт пасажыра.
Сем гадоў служыў у пагранвойсках сын Ларысы Аляксееўны Максім. Ён марыў аб сямейнай дынастыі. Магчыма, яго надзеі спраўдзяцца, таму што падрастае сын Даніла.
— Унук сам зробіць выбар, — разважае Ларыса Карповіч. — Але, калі захоча служыць Айчыне, адгаворваць не буду. Пагранічная служба не для выпадковых людзей.
Адзін з калідораў аддзела АКПП “Мінск” супрацоўнікі называюць “зоркавым”, на яго сценах фотаздымкі пасажыраў, якіх многія ведаюць у твар — вядомых артыстаў, спевакоў, спартсменаў. Асабіста ў Карповічаў ёсць аўтографы Л.Лешчанкі, П.Каас, У.Вінакура і інш. Служба ў аэрапорце дазволіла ім мець прыемныя зносіны з многімі знакамітымі людзьмі, удзельнічаць у афармленні дакументаў на ўрадавыя дэлегацыі.
Чым жа займаюцца Карповічы ў заслужаным адпачынку: працуюць на дачы, ловяць рыбу, Ларыса яшчэ любіць вышываць, шмат чытае, вырошчвае кветкі, а Уладзімір працягвае калекцыяніраваць савецкія значкі (мае 3 тысячы штук), машынкі — аўталегенды СССР.
Лідзія БАРАДЗІНА, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top