Свята ў засені Касцюшкавых ліп

Свята ў засені Касцюшкавых ліп

Непадробнай прыгажосцю поўнілася святкаванне ў Жабінкаўскім раённым гіторыка-краязнаўчым музеі Міжнароднага дня музеяў, які традыцыйна адзначаецца ва ўсім свеце штогод 18 мая. У гэтым знакамітым куточку жабінкаўскай зямлі праходзіла спатканне “Надвячоркам у Малых Сяхновічах”, дзе гутарка вялася на адзінай мове, зразумелай кожнаму, — мове народнай песні і танца.
Так, для мастацтва не бывае межаў, для сяброўства — таксама. Гэтая думка неаднойчы гучала ў чароўна-песенную ноч, калі ў засені Касцюшкавых ліп у Малых Сяхновічах ладзілася імпрэза.
Пляцоўка на алеі, па якой некалі скакалі коні самога Тадэвуша Касцюшкі, праз стагоддзі паклікала на сустрэчу не толькі сяхноўцаў, але й вучняў другой і трэцяй гарадскіх школ Жабінкі, гасцей з Брэста і Кобрына. Усе яны сабраліся ў старажытнай вёсцы, каб разам атрымаць асалоду ад сапраўднага, народнага, а можа й міжнароднага песеннага і танцавальнага спаткання.
Яшчэ заставаўся час да канцэрта, і дырэктар музея Сяргей Дзямідаў пазнаёміў гасцей з экспазіцыямі, на якія багатыя музейныя залы. З непадробнай цікавасцю дарослыя і дзеці знаёміліся з побытам продкаў, з біяграфіямі прадстаўнікоў роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, са старонкамі ваеннай гісторыі Жабінкаўшчыны і значнымі момантамі яе сучаснага развіцця.
… І вось а 20-й гадзіне загучалі народныя спевы. Сваё непаўторнае мастацтва гледачам дарылі фальклорныя калектывы, якія прыехалі з краін-суседак — Польшчы, Літвы, Расіі.
Пачыналі канцэрт, як сапраўдныя гасцінныя гаспадары, мясцовыя калектывы. У напамін пра тое, што Сяхновічы ды й увесь наш край моцна паяднаныя з асобаю славутага Т.Касцюшкі, выводзілі свае мелодыі цымбалы ды баян, якія гожа спявалі ў руках Вольгі Супрун і Наталлі Грэцкай. Гэтак у выкананні ансамбля “Тоніка” Жабінкаўскай школы мастацтваў прагучалі паланез, напісаны самім генералам, іншыя творы з тых часоў, калі змагаўся ён “За вольнасць нашу і вашу”.
Не паспелі сцішыцца музычныя гукі, як у ліпавай алеі закружыліся грацыёзныя дзявочыя постаці. “Купалінка” — ад “Цукарынкі”! Гэтак у падарунак ад танцавальнага ансамбля клуба Жабінкаўскага цукровага завода гледачы атрымалі вядомы беларускі танец, у якім “жыве душа народа”.
Фальклорны калектыў “Жэмерва” (назву можна перакласці як “гарэзлівая моладзь”) прыбыў на свята ў Малыя Сяхновічы з Бельска-Падляшскага. Зусім нядаўна, на свята Юр’я, у іх гасцявалі нашы самадзейныя артысты з Хмелева. Прыйшла чарга і падляшукам паказаць сваё майстэрства на жабінкаўскай зямлі. У складзе калектыву — этнічныя беларусы, што беражліва захоўваюць нашу культуру ў Польшчы.
— Сюды мы ехалі праз Каменец, дзе паспявалі ля старажытнай вежы, а потым і да вас завіталі — у месца святое як для беларусаў, так і для палякаў, — гаварыла кіраўнік гурта Аня Фіёнік. — Мы спяшаліся да вас, каб паказаць, наколькі песні Падляшша і Палесся роднасныя. І вы нам, людцы, родныя!
У тым кожны мог упэўніцца, калі пачуў яркае выкананне песень “Там па маёвай росі”, “Цераз наша сэрца”, “Ой, у мяне чорны бровы”. Словамі не перакажаш, як слухала выступленне зала! Бо на вачах адбывалася вяртанне да сапраўдных вытокаў, а для найстарэйшых сяхноўцаў, што сядзелі ў першых радах, — у часы, калі былі яны маладымі. Артысты пачыналі, а прысутныя падхоплівалі прыпеў, бо чулі песні, што спрадвеку гучаць з абодвух бакоў Буга.
Кантакт-дыялог усталяваўся імгненна. Калі спевакі выйшлі басанож, каб станцаваць, нехта захваляваўся:
— Ой, ногі паколеце!
— Дык будзе памятка з Сяхновіч! Карагоды добра вадзіць, каб камарэчу не карміць! — прагучала гарэзлівае ў адказ.
І закружыўся карагод, у які, бы ў вянок, упляталіся ўсё новыя танцоры…
Той моцна памыляецца, хто лічыць, што у Прыбалтыцы жывуць людзі надта павольныя ды нетаропкія. Калектыў “Дзямедзіс”, што прыехаў з горада Марыямпаль, пераканаў у адваротным. Агністыя літоўскія полькі і вясёлыя песенькі вельмі многіх заставілі падхапіцца з месцаў, каб патанцаваць у суправаджэнні народных інструментаў ра-зам з артыстамі, апранутымі ў адмысловыя строі.
Каб патрапіць на спатканне, сямейны гурт “Гарошыны” таксама адмахаў нямала вёрстаў. Спевакі з Расіі выконваюць аўтэнтычныя творы, запісаныя ад старажылаў у вёсках роднай Браншчыны, трымаюцца, як за самае дарагое, народных традыцый.
Прыгожым заканчэннем імпрэзы стаў спеў “Многія лета” ў выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта і гледачоў, што ўзняліся з лавак, каб праспяваць здравіцу разам.
Свята ў Сяхновічах адбылося дзякуючы ўдзельнікам міжнароднага праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”. За гэта шчырую падзяку чулі яны з вуснаў навуковага супрацоўніка музея Таццяны Чапялевіч. Арганізатарка мерапрыемства Ларыса Быцко (яна, дарэчы, вяла канцэрт), са свайго боку, выказала надзею, што й надалей не сціхнуць народныя спевы пад ліпамі Касцюшкавай алеі, і памяць людская, абуджаная гэтай сустрэчай, будзе ствараць шчыры святочны настрой.


Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: запамінальныя моманты святкавання “Ночы музеяў” у Малых Сяхновічах.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Вельмі чароўная, самабытная культура. Калі я ійшла да Хмелева, спадабалася ваша азярцо, з левага боку, адтуль даносіліся нейкія дзіўныя гукі, быццам вада булькала, жаўна крычала, ці то цапля… Камары ды мошкі віліся ля мяне, а потым, таксама з левага боку, напаткала нейкі хутарок, ці мо школа былая, сад там быў вялікі, перд Сенькавічамі… Цудоўныя мясціны, таму і народ тут творчы, самабытны — мясціны спрыяюць захоўваць нашу спадчыну і культуру. Дзякую Анатолю Бензярук за цудоўныя артыкулы. Мы разам з ім былі на с’ездзе пісьменнікаў, я — ад Мінскай абласной арганізацыі СП, пасля з’езду, дадому, да Стоўбцаў, я пад’язжала на Брэскім аўтобусе ( разам з брэскай абласной арганізацыяй СП), слухала вершы, Анатоль мне падарыў сваю кнігу, чытала яго творы, асабліва ў Маладосці №8 мне спадабалася. Вялікі дзякуй, вось такая цікавая сустрэча была, а цяпер і сайт газеты знайшла. Вялікі дзякуй! Вельмі цікавая газета!

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top