Свята ў «маленькай краіне» дзяцінства

Свята ў «маленькай краіне» дзяцінства

 Адрас для многіх знаёмы з маленства: Ракітніца, дзіцячы сад. Ужо мінула 30 гадоў, як ён узнік, і вось 22 мая адсвяткаваў свой дзень нараджэння, дарагі для дарослых і маленькіх ракітчукоў.
Здаецца, на свяце няма месца для слёз. Але ж раптоўна заплакала… “дзіцятка”. Гледачы не адразу і зразумелі — гэта голас падаў… “нованароджаны”. Так раптоўна ўсе перанесліся ўвесну 1983 года. Усё тады адбылося як трэба: “маленькаму” павесілі “бірачку” і далі ласкавае імя “Верасок”. Ад самых пачаткаў садзік трапіў у пяшчотныя рукі першай загадчыцы С.Г.Хілько. Сёння яна завітала на свята разам з калегамі, што 30 гадоў таму былі ля вытокаў установы. Жанчыны не проста прыйшлі, а “прыехалі” на… салодкай машыне (яны трымалі ў руках шыкоўны торт у выглядзе святочнага аўтамабіля). Святлана Георгіеўна з удзячнасцю ўспомніла тагачаснага старшыню калгаса П.С.Грыба. Ягоным клопатам паўстаў садзік у Ракітніцы. Калі ў маладой загадчыцы ўзніклі нейкія сумненні, ці здолее справіцца з адказнай працай, Пётр Сямёнавіч даў свой наказ на дарогу: “Калі дзяцей любіш — значыць, усё атрымаецца!”
З першых дзён тут было ўсё неабходнае для развіцця і росту. Пацяклі садаўскія дні: будні са святамі… Тое, што за дзесяцігоддзі “маленькі” моцна пасталеў ды стаў на ногі, сведчаць шматлікія ўзнагароды, якімі ганарыцца калектыў.
Сёння — гэта сучасная дашкольная ўстанова, дзе створаны патрэбныя ўмовы для выхавання, дзе ў групах існуе развіццёвы асяродак, а да кожнага дзіцяці — індывідуальны падыход, які дазваляе выяўляць ды развіваць таленты. Навокал — адноўленыя харчблок і пральня, новая мэбля ў гульнёвых пакоях ды спальнях, добраўпарадкаваная тэрыторыя, многае іншае, што прыдае ўстанове ўтульны выгляд.
За штодзённую няпростую працу і шчыры клопат аб ракітніцкіх дзетках, якія радуюць прысутных сваімі шчаслівымі ўсмешкамі, дзякаваў калектыў старшыня райвыканкама М.В.Токар. Мікалай Васільевіч уручыў юбіляру ад імя раённага выканаўчага камітэта тэлевізар і нагадаў, што тут займаюцца выхаваннем пакуль маленькіх, але ўжо грамадзян вольнай Беларусі, якім надалей жыць і ўзнімаць нашу краіну.
Да слоў удзячнасці далучыліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк і намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк. Яны падкрэслілі, што ў Ракітніцкім дзіцячым садзе ёсць галоўныя складнікі агульнага поспеху: любоў да дзяцей, узаемапаразуменне ў калектыве, падтрымка бацькоў, а “гэта дазваляе дасягнуць многага дзеля найлепшай з узнагарод — дзіцячых усмешак”.
Галоўнымі дзеючымі асобамі святочнага канцэрта былі, несумненна, маленькія артысты. Трэба было бачыць, з якім замілаваннем дый гарачымі апладысментамі сустракалі гледачы танцы “Рамонак”, “Там за ваколіцай”, “Тупні ножка мая”, “Усходні” ў дзіцячым выкананні, а калі нешта ў вершыках ці песеньках забывалася, уся зала старалася дапамагчы маленькім чытальнікам і спевакам. Да таго ж, моцныя звонкія галасы іх выхавальніц былі для дзетак надзейнай падтрымкай. Яны толькі ўзнімалі святочны настрой. Міжволі падумалася, усё ж наколькі ўдзячная, але й складаная праца “штодня матулю замяняць”… Таму не дзіўна, што выступоўцы не скупіліся на добрыя словы ў адрас кожнай з выхавальніц.
Яшчэ зусім маладзенькімі прыйшлі ў дзіцячы сад Ж.М.Дзенісюк і Г.М.Аніскевіч, што звязалі назаўжды свае лёсы з выхаваннем дзяцей. За бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў Жанна Мікалаеўна і Галіна Мікалаеўна атры-малі падарункі з рук старшыні прафсаюзнай арганізацыі дзіцячага сада Г.А.Ларыёнавай.
У гісторыі “Вераска” памятным стаў 1996 год, калі садзік перастаў быць ведамасным і перайшоў на баланс аддзела адукацыі райвыканкама. Начальнік аддзела Святлана Мікалаеўна Янусік разам з падарункамі і граматамі, якія ўручыла супрацоўніцам Ракітніцкага дзіцячага сада, выказала падзяку за тое, што не баяцца на базе сваёй установы прымаць шматлікія дэлегацыі абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў.
Са словамі-віншаваннямі ад імя сённяшніх бацькоў выступіла Ірына Васільеўна Нікалаюк. За заўсёдныя клопат і падтрымку калектыў-юбіляр удзячны шэфам — ААТ “Ракітніца”, за дапамогу ва ўсялякіх сваіх задумах і пачынаннях — Ракітніцкаму сельвыканкаму. Таму вельмі арганічна прагучалі віншаванні з боку старшыні сельвыканкама Уладзіміра Дземідзюка і эканаміста гаспадаркі Вольгі Гарох. (Дарэчы, яна была сярод першых выпускніц “Вераска”, а зараз і сама штораніцы водзіць дзіця сюды).
Так, сярод шматлікіх прыступак у жыцці, на якія даводзіцца ўзнімацца чалавеку, першай для шматлікіх ракітчукоў стаў менавіта гэты дзіцячы сад. Пра тое згадвала Вольга Міклашэвіч, яшчэ адна з ліку яго першых выпускніц.
Гэтак надарылася, што ў дзень, калі садзік святкаваў свой “дарослы” юбілей, у ягонай цяперашняй загадчыцы В.М.Гацкевіч быў уласны дзень нараджэння. Адзначаная за выдатную творчую працу з дзецьмі Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта, Вольга Мікалаеўна вельмі пранікнёна ад імя калегаў падзякавала ўсім, хто стварыў свята.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: Ракітніцкі дзіцячы сад святкуе юбілей.
Фотакалаж Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*