Часопісу «Маладосць» — 60

У апошні красавіцкі дзень райбібліятэку наведалі ліцэісты, каб пазнаёміцца з гісторыяй і сённяшнім днём часопіса “Маладосць”, якому 60 гадоў. Хоць выданне і мае “дарослы” ўзрост, але ж з першага дня стваралася для маладых, адкрываючы новыя імёны ў беларускай літаратуры.
Часопіс створаны вясной 1953 года з ініцыятывы тагачаснага кіраўніка беларускага камсамола П.М.Машэрава, першым рэдактарам стаў вядомы празаік Аляксей Кулакоўскі. У рэдакцыі працавалі Янка Брыль, Мікола Аўрамчык, Павел Дайнека, Янка Сіпакоў, іншыя слынныя пісьменнікі. На старонках “Маладосці” можна было сустрэцца з новымі творамі Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, пачытаць аналітычныя водгукі Вячаслава Рагойшы, Рыгора Бярозкіна. Зараз старонкі выдання аддадзены паэзіі, прозе, крытыцы, літаратуразнаўству, што фарміруюць у чытачоў мастацкі густ, а гэта не дазваляе друкаваць творы нізкай якасці.
“Маладосць” па-ранейшаму запатрабаваная чытачом, мае сваё аблічча, шукае і знаходзіць новых аўтараў, упэўнена асвойвае сучасную тэматыку.
Адзначу, што пад вокладкай “Маладосці” цяпер выходзіць і часопіс для падлеткаў “Бярозка” з цікавымі ўзорамі творчасці юных ды захапляльнымі моладзевымі праектамі, такімі як калектыўная праца школьнікаў з Гро-дзенскай вобласці, прысвечаная Янку Купалу і Якубу Коласу. Яшчэ мне падабаецца асабістая повязь “Маладосці” з імем іншага класіка — Максіма Багдановіча. Нездарма зараз кожны артыкул упрыгожвае выява яго васілька, які стаў сімвалам часопіса.
На працягу многіх гадоў з “Маладосцю” ў творчым сяброўстве і нашы пісьменнікі-землякі. Тут з’яўляліся яскравыя і ўдумлівыя вершы Алеся Каско, Васіля Сахарчука, Ірыны Поўх. На старонках часопіса друкавалася таксама рэцэнзія Ніны Мацяш на калектыўны зборнік лірыкі “Трохперсце” М.Пракаповіча, М.Рудкоўскага і А.Каско. Гэта кніга адзначана літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка.
У 2009 годзе гэтак уганаравана і  кніга для дзяцей “Свята для сэрца” Анатоля Бензерука. Вынятка з яе пад назвай “Брэстчына — часцінка Беларусі” друкавалася ў “Маладосці”, як і новая аповесць аўтара “Я цябе бачу”, што складаецца з трох апавяданняў. Аўтар завітаў на мерапрыемства ў бібліятэку, дзе падзяліўся сваімі ўражаннямі ад моладзевага выдання, згадаў пра сваё першае знаёмства з “Маладосцю” і яе супрацоўнікамі, асобна расказаў навучэнцам ліцэя аб працы журналістаў раённай газеты.
Зараз у рэдакцыі часопіса “Маладосць” праводзіцца дабрачынная акцыя. Чытачы, якія аформяць падпіску на выданне ў другім паўгоддзі, атрымаюць у падарунак часопіс з аўтографамі вядомых айчынных пісьменнікаў. Творчасць калектыву, які цяпер узначальвае Святлана Дзянісава, працягваецца.  Выданне шмат робіць для захавання і ўмацавання нацыянальнай літаратуры, культуры, высокай чалавечай духоўнасці. Прыходзьце ў бібліятэку, знаёмцеся з новымі нумарамі “Маладосці”, заставайцеся надоўга прыхільнікамі яе!
Валянціна СЛАВУЦІЧ, бібліятэкар чытальнай залы Жабінкаўскай раённай бібліятэкі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*