Юныя інспектары — за бяспечны рух

Юныя інспектары — за бяспечны рух

Бяспека дзяцей на дарозе — праблема, якая хвалюе кожнага з нас. Як не сумна пра гэта гаварыць, але штогод дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак становяцца ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў. Каб паменшыць дзіцячы траўматызм, неабходныя намаганні не толькі бацькоў, якія павінны закласці ў свядомасці дзіцяці асновы правілаў бяспечнага руху, але і настаўнікаў адукацыйных устаноў, супрацоўнікаў органаў дарожнай аўтамабільнай інспекцыі.
Раённы злёт юных інспектараў дарожнага руху — мерапрыемства традыцыйнае. Але важнасць і актуальнасць яго нельга недаацэньваць. У гульнёвай, спаборніцкай форме дзеці ўспамінаюць правілы бяспечных паводзін на дарозе, знаёмяцца з дзейнасцю іншых атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, знаходзяць новых сяброў па інтарэсах, весела і з карысцю праводзяць вольны час.
Сёлета юныя інспектары сустрэліся на базе ДУА “СШ №3 г. Жабінка”. Удзел у конкурсе прынялі каля 90 вучняў з усіх школ раёна. У двух узроставых катэгорыях (10-12 і 13-15 гадоў) хлопчыкі і дзяўчынкі ў складзе 11 каманд змагаліся за званне лепшых юных інспектараў дарожнага руху, а таксама паказвалі ўменні і веды ў асабістым заліку.
Праграма спаборніцтваў была надзвычай цікавай і разнастайнай, падтрымка каманд надавала дзецям сіл упэўнена ісці да перамогі, а падарункі і ўзнагароды прыемна здзівілі.
Без трывалай тэарэтычнай базы на дарозе не абысціся. Таму ўдзельнікам злёту ў конкурсе “Знаўцы правілаў дарожнага руху” прапанавалася адказаць па білетах на пытанні раздзелаў правілаў дарожнага руху, што рэгламентуюць дзеянні пешаходаў, пасажыраў, вадзіцеляў веласіпедаў, мапедаў, гужавых транспартных сродкаў, а таксама чарговасць праезду скрыжаванняў пры кіраванні веласіпедам. Лепшыя вынікі паказалі ў гэтым конкурсе Ксенія Крупко з першай гарадской, Аляксандра Кіпцэвіч і Яраслаў Ціцік з трэцяй і Алег Цяліпка з Хмелеўскай школ.
Захапляльным і напружаным быў конкурс “Фігурнае кіраванне веласіпедам”, дзе юныя інспектары пераадольвалі трасу з дзесяццю элементамі фігурнага кіравання. Самай майстэрскай тэхнікай, як высветлілася, валодаюць зноў жа Яраслаў Ціцік, Дар’я Румачык, якая прадстаўляла ДУА “Ракітніцкая СШ”, Уладзіслаў Партэй і Аляксандра Мартынчук з першай гарадской школы.
Не разгубіцца ва ўмовах, аналагічных рэальнай дарожнай сітуацыі, трэба было пад час конкурсу “Кіраванне веласіпедам ў аўтагарадку”. Лепшымі тут сталі Ксенія Крупко і трыа з Ракітніцкай школы: Настасся Карнялюк, Ягор Супрунюк і Дзмітрый Калюшык.
Правяралі ўдзельнікаў атрадаў ЮІР і на ўважлівасць і ўменне аказаць першую дапамогу пацярпеламу.
Аб тым, як і чым жывуць атрады юных інспектараў руху паведаміў конкурс-прэзентацыя “Мой атрад”. Тут не было роўных атраду ЮІР ДУА “СШ № 1 г. Жабінка”. Не менш цікавымі былі выступленні агітбрыгад атрадаў юных інспектараў руху. Гумарам, запалам, а таксама добрым адлюстраваннем тэматыкі бяспечных паводзінаў на дарозе парадавала агітбрыгада Крыўлянскай адзінаццацігодкі.
Шляхам арыфметычнага складання ўсіх конкурсных балаў на першую ступень п’едэсталу выйшаў атрад ЮІР трэцяй гарадской школы. Услед за ёй размясцілася ДУА “СШ №1 г. Жабінка”, а трэцяе месца занялі ракітніцкія школьнікі. Не засталіся ў цяні і кіраўнікі атрадаў — настаўнікі, дзякуючы якім дзеці добра ведаюць правілы дарожнага руху. Гэта Вольга Фёдараўна Карпук, Аляксандр Яўгенавіч Булай і Віктар Айгаравіч Цікумс.
Фінансавую падтрымку мерапрыемства ўзялі на сябе 3 прыватныя прадпрыемствы нашага раёна. Гэта ПУТЭП “Севаштранс” Васіля Мікалаевіча Шурубейкі, ТДА “ГеаТранс”, дырэктарам якога Яўген Міхайлавіч Страйсцян, і індывідуальны прадпрымальнік Алег Пятровіч Гумянка. Вялікую ўдзячнасць выказваюць ім арганізатары мерапрыемства і задаволеныя атрыманымі грашовымі прэміямі і падарункамі дзеці.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у дзень правядзення мерапрыемства.
Фота Ірыны ЖУК.    

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro