Каб выглядаць годна ва ўмовах канкурэнцыі

Каб выглядаць годна ва ўмовах канкурэнцыі

Сённяшні наш суразмоўнік — старшыня раённага спажывецкага таварыства І.У.Шэйка, якая згадзілася расказаць пра вынікі дзейнасці прадпрыемства і задачы на перспектыву.
— Ірына Уладзіміраўна,  стала добрай традыцыяй, калі раённае спажывецкае таварыства абнаўляе гандлёвыя кропкі. Чаму вы гэта робіце, хоць магазіны не адразу выходзяць на самаакупнасць?
— Пяць гадоў таму, калі я толькі прыйшла на пасаду старшыні, бачыла, наколькі непрывабны выгляд у большасці жабінкаўскіх магазінаў. Паспяхова гандляваць у новых умовах, пры канкурэнцыі яны не маглі. Таму мэтанакіравана пайшлі шляхам абнаўлення. За апошнія гады прыкметна “амаладзіліся” магазіны ў Булькове (з яго ўсё пачыналася), Маціевічах, Крыўлянах, Пшанаях, Азятах, Агародніках, Сцяпанках (там была адрамантавана гандлёвая кропка з буфетам грамадскага харчавання). Прывабная светлавая рэклама ў Федзькавічах запрашае спыніцца ля магазіна №70, дзе ёсць усё патрэбнае для спадарожных аўтастрады…
Не менш спраў было і ў самім райцэнтры. Адрамантаваныя магазіны №15 і №83 (“Пралеска”) акупіліся амаль імгненна. Сёлета адчыніўся для наведвальнікаў магазін №13 на вуліцы Калгасная. Змены заўважылі і станоўча ацанілі пакупнікі, якія ўдзячныя нам за гэта. Канечне, і надалей мы прадоўжым абнаўленне: на 2013-ы запланаваны рамонтныя работы ў Старым Сяле і аграгарадку Ленінскі, чакаецца і новабудоўля — магазін у вёсцы Шчэглікі.
— Вясковы пакупнік заўсёды знаходзіцца ў полі вашага зроку. Што робіцца ў гэтым накірунку?
— Вылучу дзейнасць аўтамагазінаў (іх у народзе часцей называюць аўталаўкамі). Яны надзвычай патрэбныя ў раёне, дзе шмат дробных населеных пунктаў да некалькіх дзясяткаў чалавек (гэта, у асноўным, пажылыя людзі). Для іх падвозім неабходныя тавары, у тым ліку і тыя, што самі жыхары занатоўваюць у кнізе папярэдняга запісу. Стараемся як мага аператыўней выконваць гэтыя заказы. Штогод у час пасяўной і жніва абслугоўваем працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
— Якімі яшчэ крокамі плануе ісці раённае спажыўтаварыства, каб выглядаць годна на хвалях пераменлівага часу, у якім важную скрыпку іграе рынак?
— Дзеля больш поўнага задавальнення попыту насельніцтва будзем ладзіць актыўную рэкламную кампанію, у тым ліку інфармаваць спажыўца аб разнастайных магчымасцях правядзення вяселляў, юбілеяў, банкетаў у рэстаране “Вясёлка” і кафэ “Моладзевае”. Іх інтэр’еры і знешні выгляд таксама перажывуць змены да лепшага. І калі ў рэстаране чакаецца бягучы рамонт, дык у кафэ — больш значныя змены. Райспажыўтаварыства ідзе на гэта, хоць спатрэбіцца ўкласці прыблізна 400 мільёнаў рублёў на будаўніча-мантажныя работы, яшчэ 300 мільёнаў — на новае абсталяванне. Аднак у выніку атрымаем кафэ, куды жабінкаўцам і гасцям нашага горада будзе не сорамна прыйсці, каб адпачыць і падсілкавацца.
Каб забяспечыць план у рознічным тавараабароце неабходна будзе пашыраць рынкі збыту прадукцыі ўласных вытворцаў, у тым ліку за кошт міжраённага опту і індывідуальных прад-прымальнікаў. Будзем і надалей супрацоўнічаць з прыватным ўнітарным прадпрыемствам “Бяроза-гандаль”, прадаваць жабінкаўскія вырабы ў Маларыцкім і Брэсцкім раёнах, што дазволіць атрымаць да 200 мільёнаў рублёў у рознічным тавараабароце. Рэалізацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў школам і дзіцячым садам Жабінкаўшчыны дапоўніць суму абароту да 380 мільёнаў.
Плануем таксама правесці каля паўсотні выставак-продажаў, у тым ліку 14 у кулінарыі рэстарана ад майстра-повара. Гэта дазволіць атрымаць дадаткова 100 мільёнаў рублёў.
Пашыраем сетку пастаўшчыкоў, з якімі працуем непасрэдна. Такім чынам, мінуючы лішнія звёны, тавар ідзе ў нашы гандлёвыя кропкі без пасрэднікаў, а адтуль — адразу да пакупніка.
Перспектыўным бачыцца і шлях супрацоўніцтва з віцебскай турыстычнай фірмай “Ілма”, арганізацыя харчавання турыстаў будзе прыносіць у сярэднім штомесяц да 50 мільёнаў рублёў.
— Планы супрацоўніцтва з віцяблянамі сведчаць, наколькі шырокае кола інтарэсаў у райспажыўтаварыстве. Аднак, ведаю, што ваш гандаль не абмяжоўваецца выключна Брэстчынай ды іншымі рэгіёнамі Беларусі. Якія вынікі дзейнасці арганізацыі на знешнім рынку?
— Тэмпы росту экспарту склалі летась 100 працэнтаў. Райспажыўтаварыства ахвотна ўдзельнічала ў міжнародных кірмашах, найперш у Санкт-Пецярбурзе, дзе асаблівым попытам карыстаецца пячэнне нашага грамадскага харчавання. Канечне, ніхто не жадае гандляваць са стратамі. У мінулым годзе ў Расійскай Федэрацыі былі надта нізкія цэны на бульбу, затое ўжо сёлета адгрузілі 120 тон бульбы ў Растоўскую вобласць, гатовыя развіваць гэтае супрацоўніцтва і надалей. Прычым, патрабаванні да “другога хлеба” у фірмы з Волгадонска, якой прадаем гэтую прадукцыю, вельмі строгія. І тое, што расійскія спажыўцы задаволены нашымі пастаўкамі, добры знак.
Экспарт будзем развіваць. Прагнозны паказчык у знешнім гандлі на 2013 год вырас удвая ў параўнанні з мінулагоднім і павінен скласці 62 тысячы долараў ЗША.
— Зараз у Жабінцы шпарка будуецца 14 па ліку на Брэстчыне магазін гандлёвай сеткі “Еўраопт”. Улетку ён павінен адчыніць свае дзверы для пакупнікоў. Як плануеце працаваць ва ўмовах большай канкурэнцыі?
— Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Еўрагандаль”, якому належаць магазіны “Еўраопт”, ужо з лютага арганізавала выезды ў маланаселеныя пункты Жабінкаўшчыны сваіх аўтамагазінаў. Тры разы ў тыдзень у гэтыя вёскі ез-дзяць машыны “Еўраопта”, а ў іншыя дні — аўталаўкі спажыўтаварыства. Лічу, гэта патрэбны кампраміс, які ва ўмовах роўнай канкурэнцыі дазволіць развіваць і ўдасканальваць гандаль. Са свайго боку, у новых умовах мы будзем працягваць мадэрнізацыю гандлёвай сеткі. Канкурэнцыя вымушае працаваць з большай якасцю. Дарэчы, у студзені спецыялісты Дзяржкантролю правяралі тэрміны захоўвання тавараў. Парушэнняў у нашых магазінах не выяўлена. Будзем часцей праводзіць акцыі, у тым ліку на зніжэнне гандлёвых надбавак (прычым, не толькі ў двух пастаянна дзеючых аддзелах “Распродаж”, што ва ўнівермазе і магазіне “Абутак”). На кірмашах і выстаўках плануем арганізоўваць продаж сезонных непрадуктовых тавараў, з памяншэннем гандлёвай надбаўкі, са скідкамі, правядзенне святочных акцый, дэгустацый, прэзентацый з шырокім інфармаваннем насельніцтва ў мясцовым друку. Адным словам, у нас ёсць жаданне і магчымасці, каб выглядаць годна ў вачах пакупнікоў!
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro