Вы служыце, мы будзем чакаць

Вы служыце, мы будзем чакаць

Пачатак мая традыцыйна багаты на мерапрыемствы. Ёсць сярод іх і такая ўрачыстасць, як дзень прызыўніка, пад час якой юнакі атрымліваюць позвы на службу ў армію. Хутка сённяшнім 38 прызыўнікам давядзецца са зброяй у руках стаяць на варце спакою Радзімы.
Урачыстасць адбылася ў гарадскім Доме культуры. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя, сябры, прадстаўнікі ўлады Жабінкаўшчыны, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый раёна.
За паўгадзіны да пачатку мерапрыемства прызыўнікі ўшанавалі памяць тых, хто адважна і мужна змагаўся з ворагам, і ўсклалі вянок да помніка загінулым воінам і партызанам.
А на сустрэчы першым слова ўзяў ваенны камісар раёна, падпалкоўнік Андрэй Іосіфавіч Юруць. Ён адзначыў, што служыць Айчыне — святы абавязак, а таксама зачытаў прысутным Указ Прэзідэнта Беларусі аб прызыве на вайсковую службу.
— Вам даверана выконваць важную місію — абараняць сваю краіну. Гэта спакон вякоў лічылася першапачатковай справай сапраўднага мужчыны, — з такімі словамі звярнулася да прызыўнікоў намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк. — Хочацца пажадаць вам, каб тыя веды, што атрымаеце вы пад час службы, ніколі не давялося выкарыстоўваць у вашым жыцці, каб лёс не прымусіў вас стаць удзельнікамі баявых дзеянняў. І памятайце, што дома вас чакаюць, у вас вераць родныя і блізкія людзі. Не забывайце ім пісаць і тэлефанаваць, не расчароўвайце іх. Няхай з вайсковых часцей да нас прыходзяць толькі лісты падзякі за годную службу Радзіме.
Дарэчы, нашы юнакі будуць служыць у пагранічных, сухапутных, ваенна-паветраных і войсках супрацьпаветранай абароны.
Настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка, святар Сергій Петрусевіч блаславіў прызыўнікоў на добрыя справы і паспяховую службу і пажадаў, каб і ў арміі юнакі адчувалі, что побач ідзе Гасподзь. А першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Маісеенка параіла, каб юнакі ў час службы  не забывалі пра грамадскае і культурнае жыццё і прымалі ўдзел у дзейнасці  моладзевых пярвічак, што створаны ў ваенных часцях.
З наказам у дарогу выступіў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Міхайлавіч Шышчыц:
— Армія — гэта жыццё ў парадку і дысцыпліне, час вучобы і сяброўства. Ад тых, хто са зброяй у руках змагаўся за мір і спакой, жадаю вам дастойна прайсці армейскую службу, як гэта рабілі вашы дзяды і прадзеды ў далёкія гады вайны.
Пад дружныя апладысменты юнакі атрымалі позвы з рук запрошаных гасцей, а таксама падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top