На Днепро-Бугском пути

На Днепро-Бугском пути

4 ліпеня — Дзень работнікаў воднага транспарта
На Днепра-Бугскім шляху
На рацэ Мухавец у Жабінкаўскім раёне функцыянуюць два гідравузлы — №8 каля в.Залуззе і №9 каля Навасадаў, якія належаць рэспубліканскаму ўнітарнаму эксплуатацыйна-будаўнічаму прадпрыемству “Днепра-Бугскі водны шлях”. З чаго складаецца кожны гідравузел? Асноўныя яго збудаванні тры: вадаспуск для рэгулявання ўзроўню вады, плаціна з тым жа прызначэннем, а таксама для пропуску лёду, і непасрэдна суднаходны шлюз, які прапускае водны транспарт. Сучасны стан гэтых двух гідракомплексаў істотна розны. У Навасадах працуе на гідраўлічным прывадзе, а ў Залуззі грунтуецца на механічных лябёдках, састарэў і маральна і фізічна. Апошні, зразумела, патрабуе рэканструкцыі і мадэрнізацыі, падняцця на еўрапейскі ўзровень, на якім і знаходзіцца вузел №9. Перш за ўсё неабходна павялічыць памеры шлюза, які дазваляў бы прапускаць больш габарытныя судны. Пачатак рэканструкцыі плануецца на наступны год.
Рэзкае зніжэнне аб’ёму грузаперавозак на нашым водным шляху звязана акурат не са змяншэннем патрэбнасці ў ім, а ў вялікай ступені з яго нездавальняючым тэхнічным станам. Дастаткова адкрыць адпаведны сайт у інтэрнеце, каб даведацца пра гэта. Напрыклад, чытаем: “Шэраг збудаванняў Днепра-Бугскага канала, што злучае раку Прыпяць з ракой Буг, мае значны знос і не адпавядае сучасным патрабаванням экалагічнай бяспекі”. Таму ажыццяўляецца рэканструкцыя гідратэхнічных збудаванняў канала, у прыватнасці ля таго, каб можна было прапускаць судны даўжынёю ў 110, шырынёю ў 12 метраў і глыбінёй асадкі ў 2,2 метра. Так, у мінулым годзе ў Кобрыне замест двух шлюзоў, што знаходзіліся ў кіламетры адзін ад аднаго, пабудавалі адзін з намнога вышэйшай прапускной здольнасцю.
Патрэбнасць у грузавых, а таксама ў пасажырскіх перавозках водным шляхам, нягледзячы на іх адчувальнае скарачэнне, па ранейшаму ёсць. Выдаткі на іх непараўнана меншыя, чым аўтамабільным і чыгуначным транспартам. Сёлетні навігацыйны сезон Міністэрства транспарта і камунікацый краіны для нас не адмяніла, хоць і мела сумненні ў сувязі з капработамі. Прапускаем баржы, гружаныя жалезабетоннымі плітамі, шчэбенем, пяском ды іншымі будматэрыяламі, прагулачны цеплаход “Гродна”, патокі самых розных вадаплаўных турысцкіх сродкаў (скажам, нядаўна тых, што належалі ўдзельнікам маршруту, прысвечанага пачатку абароны Брэсцкай крэпасці). Шлюзаванняў не больш як 20 у месяц. Аднак працуем, ва ўсялякім разе дзяжурым, кругласутачна. Работнікі ў нас умелыя, вопытныя. На гідравузле ў Навасадах вылучаюцца слесар-электрык Пётр Мікалаевіч Мельнік, суднапрапускнікі Анатоль Аляксандравіч Масальскі, Мікалай Аляксеевіч Пракаповіч, у Залуззі — слесар-электрык Рыгор Паўлавіч Кармановіч, суднапрапускнікі Віктар Міхайлавіч Кавалеўскі, Віталь Раманавіч Івашкавец. Нельга не назваць сярод іх Мікалая Рыгоравіча Уласава. Зараз ён суднапрапускнік, а 24 гады перад тым працаваў начальнікам залуззеўскага гідравузла. Год як перадаў мне гэтую пасаду.
Нашу прафесію наогул пакідаюць неахвотна, бо яна звязана з цікаваю і адказнаю тэхнічнаю працаю, з прыродай, з рамантыкай блакітнай трасы.
М.КАЧАНАЎ, начальнік гідравузла №8, в.а.начальніка гідравузла №9.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top