Няма пачэсней справы, як выхаванне юнае душы

Няма пачэсней справы, як выхаванне юнае душы

 Людміла Леановіч з Ганнай Сцяпанаўнай Клімук

Сённяшняя моладзь лічыць, што прафесія настаўніка не прэстыжная. Нізкія прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці, імкненне маладых спецыялістаў праз два гады пасля размеркавання збегчы са школы, на жаль, перасталі быць адзінкавымі з’явамі. Не ведаю адкуль узялося такое меркаванне пра прафесію настаўніка.

Педагогі заўсёды выклікалі асаблівую павагу ў людзей. Сёння яны складаюць большасць інтэлігенцыі; іх намнога больш, чым інжынераў, урачоў. І самае галоўнае — яны вучаць і выхоўваюць дзяцей. Ёсць цэлыя педагагічныя дынастыі, дзе наследаванне працы продкаў, іх адказнага стаўлення да выконваемай справы лічацца непарушнымі, дастойнымі гонару, павагі ў будучых пакаленняў.

Прыкладам з’яўляецца дынастыя Клімукоў, якая сёння ўключае тры пакаленні настаўнікаў. Родапачынальнікам гэтай педагагічнай дынастыі быў Мікалай Аляксеевіч Клімук, які нарадзіўся на Жабінкаўшчыне ў 1934 годзе. Вучыўся ў Жабінцы. Калі заканчваў вучобу, то яго старэйшая сястра Любоў Аляксееўна Смецюх ужо выкладала рускую і беларускую мовы ў Чыжэўшчыне, а затым у пасёлку Ленінскі. Яе муж Канстанцін Георгіевіч быў настаўнікам пачатковых класаў у Чыжэўшчыне.

Як сястра, Мікалай Аляксеевіч вырашыў стаць настаўнікам і паступіў у Брэсцкі педінстытут на спецыяльнасць фізіка і асновы вытворчасці. Пасля вучобы пэўны час працаваў у Ганцавіцкім раёне фізікам, а з 1961 года ў школе-інтэрнаце Жабінкі. У той жа год тут паводле размеркавання з’явілася яго будучая жонка Ганна Сцяпанаўна, настаўніца пачатковых класаў, нараджэнка Камянецкага раёна.

Ганна Сцяпанаўна і Мікалай Аляксеевіч не толькі стварылі новую сям’ю, але і пачалі педагагічную дынастыю. У гэтай школе яны працавалі поплеч да самай пенсіі і выхавалі дзвюх дачок.

Кім давялося працаваць Мікалаю Аляксеевічу? Быў выха-вальнікам, настаўнікам фізікі і электратэхнікі, завучам вытворчага навучання, прафсаюзным актывістам. Адначасова закончыў Ленінградскі інстытут імя А.І.Герцэна і атрымаў спецыяльнасць у тыфлапедагогіцы, двухгадзічны інстытут марксізму-ленінізму. Саракагадовая праца ветэрана адзначана шматлікімі падзякамі, граматамі. Гэта быў сціплы і працавіты чалавек, выдатны настаўнік, надзейны сябар. Вось што сказаў пра яго былы вучань Сяргей Мандрэнка: “Я вельмі паважаў Мікалая Аляксеевіча. Да вучняў ён ставіўся ўважліва, тлумачыў новы матэрыял даступна, любіў свой прадмет, праводзіў цікавыя доследы”.

Яго жонка Ганна Сцяпанаўна працавала выхавальніцай. Спачатку ў школе-інтэрнаце вучыліся дзеткі са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. У адным класе сядзелі каля сарака чалавек. Трэба было заняць усіх карыснай справай, праводзіць мерапрыемствы ў выхаванні самастойнасці, працавітасці, павагі да людзей, адпрацоўваць уласныя рысы характару дзяцей. Пазней у школе-інтэрнаце сталі навучацца хлопчыкі і дзяўчынкі з паслабленым зрокам. Праца выхавальніка патрабавала новых намаганняў. Як сказала былая настаўніца школы Вікторыя Анатольеўна Ліс, Ганна Сцяпанаўна была выхавальніцай ад Бога. Нездарма яна вяла секцыю сваіх калегаў у школе, чытала цыкл лекцый на этычную тэму ў Брэсцкім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Яе выбіралі дэпутатам мясцовага Савета. Адпрацавала з дзеткамі амаль чатыры дзясяткі гадоў. Творчыя набыткі яе, чулыя адносіны да вучняў адзначаны граматамі Міністэрства адукацыі БССР, аблана, рай-ана, шматлікімі падзякамі. Не дзіва, што выпускнікі Ганны Сцяпанаўны падтрымліваюць з ёю сувязь яшчэ і цяпер, прыязджаюць, тэлефануюць, што сведчыць пра яе, як асобу. Сярод яе выпускнікоў — людзі розных прафесій: урачы, архітэктары, настаўнікі, інжынеры…

Дарогаю бацькоў пайшла старэйшая дачка Людміла. Як і тата, яна фізік і матэматык, навучалася ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна. Рознага педагагічнага хлеба паспытала: была старшай піянерважатай у школе-інтэрнаце, выхавальніцай, настаўнікам. З мінулага года яна — намеснік дырэктара ў вучэбнай працы Жабінкаўскай школы-інтэрнат. Два гады таму завочна закончыла Мінскі ўніверсітэт імя М.Танка ў спецыяльнасці тыфлапедагогіка. Як і яе бацькі, Людміла Мікалаеўна Леановіч добрасумленна выконвае свае абавязкі, карыстаецца павагай у вучняў і калег. Яе жыццёвы дэвіз такі: “Калі гарыш сам, запальвай іншых”. Людміла Мікалаеўна здольная абараняць інтарэсы настаўнікаў, агучваць і вырашаць іх праблемы, на сваім прыкладзе паказваць, што настаўніцкая прафесія неабходная і важная, што ў ёй шмат станоўчага, цікавага і прэстыжнага.

Муж яе Міхаіл Маісеевіч настаўнік фізічнай культуры. Дзесяць гадоў працаваў трэнерам ДЮСШ №4 Брэста…

Сын Леановічаў, Максім Міхайлавіч, таксама працягвае сямейную дынастыю. З дзяцінства Максіму падабаліся ўрокі гісторыі, асабліва захапляўся беларускай. З задавальненнем рыхтаваўся да ўрокаў, выкарыстоўваў камп’ютарныя крыніцы. Ягоныя школьныя веды ў гэтым прадмеце былі адзначаны граматай, як выдатныя. Назіраючы за настаўнікамі на ўроках, за працай сваіх бацькоў, дзядулі і бабулі, якія сталі для яго кумірамі ў прафесіі, Максім вырашыў прысвяціць жыццё дзецям. Ён па натуры ўседлівы, працавіты ў любых справах. Гэта садзейнічала таму, што паступіў і закончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна з адзнакай. Кожны год на працягу вучобы наведваў Гродзенскі архіў, супрацоўнічаў з гісторыкамі, калі рыхтаваўся да дыпломнай працы на тэму “Сацыяльна-эканамічнае становішча Жабінкаўшчыны”.

Паводле размеркавання Максім Міхайлавіч прыехаў на маленькую радзіму сваіх дзядулі і матулі і працуе першы год у Ленінскай сярэдняй школе. Ён выкладае гісторыю і з’яўляецца класным кіраўніком. “Праца з дзецьмі, — кажа малады настаўнік, — цяжкая, але цікавая”. Максім Міхайлавіч вельмі ўдзячны дырэктару школы Але Віктараўне Давідзюк, завучу Але Іванаўне Ляшкевіч, настаўнікам гісторыі і ўсяму калектыву за дапамогу, вытрымку і цярпенне да маладога педагога. Спадзяюся, што М.Леановіч будзе таксама выдатным настаўнікам, як і яго продкі.

Ветэраны-педагогі прыкладваюць намаганні, каб сучасныя школьнікі ведалі пра значнасць і высокі сэнс прафесіі настаўніка, якая не дае нам старэць, а ўвесь час падштурхоўвае да дзеянняў інтэлектуальнага развіцця, вымушае чалавека мяняцца. У школе ты ўвесь час застаешся маладым, таму што пастаянна побач з юнымі душамі. Яны перадаюць табе сваё жаданне жыць, рухацца, тварыць. Калі сваё працоўнае жыццё звязваюць з педагогікай, ідуць па параду, са сваімі ідэямі і прапановамі, разумееш, што патрэбен, і гэта прыдае сілы. Сёння ў школе большасць прафесіяналаў-настаўнікаў, што радуе. У любой іншай спецыяльнасці, дзякуючы ім, таксама працуюць прафесіяналы.

Вера МАНДРЭНКА, старшыня раённага савета ветэранаў адукацыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top