Глядзіцца свята ў акенца

Глядзіцца свята ў акенца

Даўно заўважана, шчаслівыя сем’і падобныя паміж сабою. Бо злучаюць іх павага, вернасць і каханне, а мацуюць бацькоўскую радасць гарэзлівыя дзеці. Давялося напярэдадні Дня сям’і завітаць да Васіля Васільевіча і Таццяны Дзмітрыеўны Шайко, каб у гэтым упэўніцца ў чарговы раз.

Каля плошчы, на Савецкай

За што нам падабаюцца казкі? Найперш за шчаслівы фінал, дзе дабрыня заўжды перамагае. У сям’і Шайко, якая жыве амаль у цэнтры Жабінкі, на вуліцы Савецкая, і дарослыя, і малыя вельмі любяць казкі ды вершы. Асабліва верш Сяргея Міхалкова, дзе згадваецца пра акенца, з якога “площадь Красная видна…”. Чаму твор падабаецца? Мо таму, што атрымалася ў гэтай сям’і прыблізна, як у Міхалкова…
— Хоць мы і не ў Маскве, але ж і з нашых вокнаў шмат цікавага бачна, — заўсміхаўся гаспадар: — І не дзіва, бо насупраць — галоўная гарадская плошча, а на ёй — чаго толькі не адбываецца! Як вясёлая музыка на плошчы зайграе, дзеці ўжо хуценька апранаюцца: “Тата, мама, зноў у нас свята!” Як жа тут у кватэры ўседзець?!
Вось і спяшаюцца ўсёй вялікай сям’ёй да навагодняй ялінкі — “у госці да Дзеда Мароза”. Альбо на гарадскі кірмаш, што маніць рознымі саладосцямі. Ці на Дзень Перамогі, упрыгожаны рознакаляровымі сцягамі…
— Перад маімі вачамі заўжды быў прыклад трапяткіх адносінаў з боку самых родных людзей, — далучылася да размовы Таццяна. — Мае бацькі выхавалі пяцёра дзяцей.
— У нас сям’я была паменей, але таксама шматдзетная, — дадаў Васіль. — Рос я без бацькі. Ён быў ваенны, служыў на падлодцы ў Севераморску, загінуў за месяц да майго нараджэння. Матуля Любоў Рыгораўна ўзяла новы шлюб з Георгіем Іванавічам Мікулікам, які стаў для мяне сапраўдным другім бацькам. Мае малодшыя брат і сястра таксама ўжо стварылі сем’і, са сваімі дзецьмі жывуць у бацькоўскім доме, які міжволі ператварыўся ў дзіцячы сад. Жывуць у сяброўстве, згодзе… Я,  па шчырасці, раней не думаў, што стану “тройчы татам”. Але ж цяпер іншага ўявіць нават не магу…
Таццяна і Васіль пазіраюць на дзетак — Кацю, Арсенія, Лізу — і не хаваюць шчаслівых усмешак ад таго, што жывуць дружнай сям’ёй.

“Я ж не казачнік…”

Васіль часта распавядае маленькім чароўныя казкі, а тут згадаў, як тузін гадоў таму давялося казку расказваць… дарослым.
Таня жыла ў вёсцы Медна пад Брэстам. Ад бацькоў-настаўнікаў Марыі Мікалаеўны і Дзмітрыя Іванавіча Васілюкоў дзяўчына засвоіла мо самыя важныя жыццёвыя ўрокі: не чакай казачнага прынца, твар гожы яшчэ не гарантуе прыгажосці душы, сям’я ж павінна перш-наперш будавацца на даверы і шчырым пачуцці. Дзеля гэтага можна і паўсвету прайсці, каб толькі не памыліцца, не заручыцца з нялюбым.
Аднак не спатрэбілася далёкай дарогі, каб адшукаць сваю пару. Аднаго разу Таня пайшла на танцы ў санаторый “Бярэсце”, які месціўся паблізу ад роднай вёскі. Там і спаткалася з юнаком. У імгненні, напоўненыя лёгкімі музычнымі акордамі, у сэрцах нешта добрае ўзнікла, ды не ставала смеласці ні ў яго, ні ў яе, каб прызнацца, што гэтак прачынаецца каханне… Іх нерашучасць заўважыў Васілёў сябар Валянцін і спытаўся ў дзяўчыны:
— Мо, Таня, дасі свой адрас?..
Яна зірнула са здзіўленнем, а той паспешліва дадаў:
— Не для сябе прашу — для сябра…
Так, сустракаюцца на свеце сапраўдныя сяброўства і каханне. Ужо тры гады мінула, як не стала Валянціна, а памяць пра яго ўчынак дасюль згадваецца з удзячнасцю.
… У Медна юнака чакаў яшчэ адзін адказны “экзамен”. Будучы цесць папрасіў расказаць… казку “Пра белага бычка”! Васіль насцярожыўся, бо пачуў у голасе Дзмітрыя Іванавіча недавер, адказаў упэўнена і шчыра:
— Я ж не казачнік… выдумваць не ўмею, не хачу..,  скажу, як ёсць, аб планах на жыццё, — і распавёў пра сябе і пра сям’ю, якую марыць пабудаваць разам з Таней.
Сумленнасці ягонай нельга было не паверыць.

Дзеці як дзеці

Цяпер, праз гады, калі даўнія мары спраўдзіліся, Васіль разважліва лічыць, што “на шматдзетных трымаецца дзяржава, а мо і ўвесь свет”.
— З кожным маленькім сям’я рабілася ўсё мацней, — падтрымлівае мужа Таццяна. — Неверагодна, ды факт: з адным дзіцём было няпроста, а вось з’явілася другое — і стала нам… лягчэй! Незнарок у народзе кажуць: “Адно дзіця — не дзіця, два — паўдзіцяці, а вось калі трое — гэта і ёсць сапраўднае дзіця”.
Яны шчаслівыя, што маюць гэтае — са-праўд-на-е…
Старэйшая Кацярына старанна вучыцца ў СШ №3 і школе мастацтваў, дзе іграе на цымбалах. Арсеній, як адзначаюць выхавальніцы ў садзіку, хлопчык рухавы і разумны, умее сябраваць, любіць спяваць і маляваць. У наймалодшай Лізаветы вочкі вялікія, цікаўныя, як у маці, а імя — даў тата — у гонар англійскай каралевы! Праз лічаныя дні зноў у кватэру завітае свята — дачушцы будзе тры гады…
Адным словам, дзеці як дзеці. Калі сям’я ўлетку ад’язджае ў вёску, “на аздараўленне, фрукты і гародніну”, суседзі са смехам заўважаюць:
— Адразу бачна і чутно, як без вас сумуе наш двор…
Нельга было на развітанне не пацікавіцца, якім уяўляюць Таццяна і Васіль будучае сваёй вялікай сям’і.
— Стаць яшчэ большай і мацнейшай, — пачулі ў адказ. — Усё лепшае ў нас яшчэ наперадзе, і звязана яно, канечне, з дзецьмі. У жніўні, на чарговую гадавіну вяселля, чакаем у сваім “палку” зноў папаўненне…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Таццяна і Васіль Шайко з дзядулем Георгіем Іванавічам і дзецьмі Арсеніем, Лізаветай і Кацярынай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro