Три мгновения войны

Три мгновения войны

Тры імгненні вайны
З успамінаў 84-гадовага Івана Аляксандравіча Алексіевіча, жыхара вёскі Старое Сяло.
— Мне ўжо мала жыць засталося. Я вас паклікаў, каб расказаць пра тых, каго забылі, — з гэтых слоў пачалася наша сустрэча з ветэранам. — Шкада, што ў кнізе “Памяць” пра некаторых з іх нічога няма або зусім мала… А ў сваёй памяці не-не ды вяртаюся ў тыя імгненні, калі была вайна.
Імгненне першае:
Выратаванне камісара
Спачатку ж ніхто не чакаў, што вайна будзе доўга цягнуцца, што германец гэтак далёка зойдзе, а Чырвоная Армія толькі праз гады вернецца. Многія савецкія байцы траплялі ў палон, такая доля чакала і палкавога камісара І.Г.Чапыжанку. Пісьменны, спрактыкаваны ў вайсковай справе, ён быў сярод арганізатараў партызанскага атрада, які пазней атрымаў імя Міхаіла Чарнака. Аднак перад тым, як прыйсці ў Старасельскі лес, камісар патрапіў у лапы ворагу. Яго выратаваў мой брат Мікалай Алексіевіч, малады хлопец, што меў усяго 18 гадоў (нарадзіўся ў снежні 1923-га). Нас было чацвёра братоў: Раман, Антон ды я надоўга вайну перажылі, а ён, Коля, у васемнаццаць загінуў…
Калі паліцэйскія даведаліся, дзе хаваецца чырвоны камісар, дык хацелі яго схапіць.
— Не, лепей я загіну, чым гэты чалавек, — сказаў Коля і выхапіў вінтоўку ў паліцая, але братавая Маня, жонка Рамана, яму не дазволіла, кінулася ў ногі з плачам:
— Коля, што ж ты маіх дзяцей не пашкадуеш?! Нас жа ўсіх заб’юць, як ты націснеш на курок.
Тады ён накінуў салдацкую шынельку, што засталася пасля камісара, і выбег з хаты.
Чапыжанка сядзеў на падводзе, яго збіраліся везці ў пастарунак, тады брат і кінуўся напрасткі праз масток яго ратаваць. Падвода рухалася дарогаю на Мельнікі (невялічкую сядзібу між Азятамі і Старым Сялом). Канваіраваў сам камендант, Коля спрабаваў стрэліць, ды фашыст паспеў адбіць напад, выхапіўшы пісталет. Алексіевічаў стрэл прагучаў, ды куля паляцела ўбок. Аднак гэтага імгнення хапіла, каб Чапыжанка наваліўся на ворага, разам яны скінулі каменданта ў ваду і пачалі тапіць.
Фурманшчык крычаў, бы ашалелы:
— Гвалт! — і на той крык збегліся мельніцкія людзі…
Тады старасельцаў ад расправы выратавала толькі тое, што Коля быў у шынялі, вось і палічылі: чырвонага камандзіра выратаваў ваеннапалонны.
Імгненне другое:
Яўрэй Тэвель і востры табачок
Яшчэ памятаю, як у восень сорак першага Старое Сяло акружылі паліцаі з немцамі, забіраючы актывістаў, дэпутатаў, чырвонаармейцаў, што не змаглі прабіцца да сваіх. Такіх сабралася чалавек трыццаць, пахапалі іх павезлі ў тым ліку і нашы, старасельскія сем’і.
Побач жылі Чарнакі і яўрэй Тэвель Гозік Кінік з жонкаю Хайкай і сынам Шмулькам, што быў меншы за мяне на год. Мы нават сябравалі.
Вось гэты яўрэй Тэвель і выратаваў ад першага арышту Міхаіла Мікітавіча Чарнака. Шкада, што пра добрага чалавека не згадваецца ў кнізе “Памяць”. У час той аблавы прыходзілі і ў дом Чарнака. Тэвель першым убачыў, што на вёску набліжаецца бяда, пагрукаў у шыбу Чарнаковай хаты:
— Ратуйся, сельсавецкі!
Чарнак, які да вайны быў старшынёй Старасельскага сельсавета, адразу скумекаў і кінуўся хавацца на сенавал.
Мой малодшы брат Мікалай Алексіевіч, пра якога раней ужо казаў, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, чытаў “Як гартавалася сталь”, быў верны гэтай справе. У тую ноч Коля праводзіў да дому дзяўчыну Ганьдзюю. Вяртаўся ад яе і нарваўся на паліцая.
— Стой! — пачуўся па-польску рэзкі вокліч. — Хто такі? Адкуль?
— Ад дзевак.
— Чакай, калі твайго прозвішча няма сярод бандыцкіх памагатых, адпусцім, а інакш…
Ды пасмаліць халую захацелася. Толькі скруціў цыгарэтку, як Коля падбіў гэты тытунёк у вочы ды кінуўся наўцёкі.
А Тэвеля, які Чарнака выратаваў, забілі ў Рагозне каля могілак, жонку яго з сынам адвезлі на спіртзавод і там расстралялі.
Імгненне трэцяе:
Стрэлы ўначы
Мінула зіма, прыйшла вясна сорак другога. У сакавіку карнікі сталі яшчэ больш лютаваць, затрымлівалі падазроных, бо баяліся “партызанкі”, што стала шырыцца.
Мой аднавясковец Коля Ануфрыюк да вайны быў паштальёнам. Жыў сам з маці Фядорай, бацька, казалі, у Амерыку паехаў. Памятаю, што была суботняя ноч, калі ён скончыў жыццё. Яго разам з Васем Курылавым спыніў паліцэйскі і патрабаваў паказаць дакументы. Як расказваў гаспадар хаты, у якой гэта ўсё адбывалася, у адначассе прагрымелі два стрэлы: паліцай быў паранены, а Коля атрымаў кулю ў грудзі і памёр. Ягоны паплечнік з пісталетам яшчэ амаль ноч адбіваўся, не жадаючы здавацца жывым.
Зранку Фядору прывялі на апазнанне, але яна не прызнала нежывога сыночка.
— Мой сын пайшоў на Усход, — так сказала, каб вёску не спалілі дый яе самую не катавалі.
Хлопцам сяляне збудавалі дамавіны і зарылі ў зямлю на вясковых могілках. Цяпер там невялічкі помнічак стаіць.
Успаміны запісаў А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: Іван Алексіевіч побач з роднай хатай.
Фота І.Жук і А.Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top