Мая мелодыя

Мая мелодыя

У кожнага чалавека ёсць хобі. Адны з задавальненнем танцуюць, іншыя свой вольны час праводзяць на стадыёне ці на спартыўнай пляцоўцы. А нехта ўвесь свой адпачынак сканцэнтроўвае на прыгатаванні эксклюзіўных страў ці на чытанні цікавых кніг, праслухоўванні музыкі. Сёння ніхто не ставіць забароны на выбар таго, што бліжэй духу ці настрою.
Я паспрабавала даведацца, якой музыкай захапляюцца жабінкаўцы?
Таццяна Кінева, акампаніятар танцавальнага калектыву “Каруначкі”:
— Музыка — вечны спадарожнік чалавека. З ёй людзі працуюць, адпачываюць, яна адлюстроўвае навакольны свет і стан чалавечай душы. Я рана наблізілася да скарбаў беларускай народнай музыкі. Закончыла музычную школу ў класе баяна, затым — Брэсцкае музычнае вучылішча. Сапраўдная скарбонка чалавечых пачуццяў у народных песнях, таму спяваю іх з задавальненнем.
Мая дачка Алёна захапілася балалайкай, сын Аляксей танцуе ў “Каруначках”.
Калі мае дзеткі былі маленькія, з задавальненнем спявала ім калыханку. Часцей за ўсё вар’іравала знаёмыя напевы. Простая напеўная мелодыя ідзе з глыбіні сэрца.
Галіна Лысуха, загадчыца дзіцячага ясляў-сада вёскі Крыўляны:
— Мне заўсёды складана сказаць канкрэтна якая музыка, фільмы, кнігі падабаюцца. Таму што гэта залежыць ад настрою. Люблю тое, што бярэ за душу, што выклікае эмоцыі, калі ў словах ёсць сэнс. Надзею Кадышаву, Стаса Міхайлава слухаю з задавальненнем. Музыка наогул для мяне адно з самых прыемных з’яў у жыцці.
Класічныя творы “Танец маленькіх лебедзяў” П.Чайкоўскага, “Месяцавая саната” Л.Бетховена мяне супакойваюць, але для іх неабходны адпаведны настрой, душэўная падрыхтаванасць.
Таццяна Чапялевіч, навуковы супрацоўнік Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:
— Люблю розную музыку. Калі вочы — гэта люстэрка душы, то музыка — гэта стан яе. Пад настрой і класіку можна паслухаць, Бетховена, Рахманінава, Вівальдзі, Баха, народную: хор імя Пятніцкага. Люблю слухаць у выкананні майго мужа на баяне “Пасакалія” Гендэля.
Калі падумаць, то мне падабаецца многае, акрамя сучаснага “тыц-тыц-бум”. З задавальненнем слухаю духоўную музыку. Папулярнай з’яўляецца тая, у якой больш простая мова і яе разумеюць. І наадварот, многія з тых, хто асвоіў больш складаную музычную мову (класіку, джаз і г.д.), з падазронасцю адносяцца да “папсы”. Мова класічнай музыкі ўсё-такі патрабуе вывучэння. У тых, хто знаёміцца з ёй з ранняга дзяцінства, гэта адбываецца арганічна. Але такіх людзей вельмі мала. Вось і атрымліваецца мову музыкі асвойваюць паступова, з гадамі.
Ангеліна Волк, вучаніца ДУА “СШ №1 г.Жабінка”:
— З усёй музыкі перавагу аддаю року і металіку. Як правіла, эмацыянальную, напісаную з душою, слухаю з задавальненнем. Класіка, арганная музыка, рэп, рэгі, поп — усе яны па-свойму цудоўныя. Людзі ўсе розныя, а значыць слухаюць тое, што ім па душы. Мой выбар залежыць ад настрою, які вельмі пераменлівы, таму слухаю розныя кампазіцыі.
Вялікі ўклад у развіццё музыкі ўнеслі групы “The Beatles”, “The Rolling Stones”. Дзякуючы ім, рок стаў асацыявацца з электрагітарай і цяжкай музыкай, але душэўнай. Яна дарыць мне сілы і надзеі на лепшае.
Сяргей Раманенка, настаўнік гісторыі ДУА “Маціевіцкая базавая школа”:
— Мой любімы музычны накірунак — рок. З гэтай з’явай я, як і большасць прадстаўнікоў майго пакалення, пазнаёміўся дзякуючы творчасці Віктара Цоя і групы “Кіно”. У падлеткавым узросце агульнаму светапогляду адпавядалі жорсткія мелодыі ў стылі панк і вясёлы “каліфарнійскі” рок. Ва ўніверсітэцкія гады ўзмацніўся ўзровень ведаў, які дазволіў зразумець сэнс тэкстаў рускіх груп “Агата Хрысці”, “Чайф”, “Нагу звяло”. У той жа час палюбіліся заходнія групы накірункаў хард-рок, хеві-метал. У пачатку ХХІ стагоддзя, як і многія, захапіўся альтэрнатыўнай музыкай Linkin Park, System of a Down.
Падабаецца творчасць Уладзіміра Высоцкага. Яркім адкрыццём для мяне сталі групы “Садъ”, “Сярэбранае вяселле”. З класікі — творы Вагнера. Нельга не адзначыць песні Ігара Засцяраева, Вені Дыркіна, французаў Эдзіт Піаф, Джо Дасена, Сержа Гінсбурга і іншых.
Ларыса Прыймачук, загадчыца Маціевіцкага сельскага клуба:
— Алу Пугачову, Ірыну Білык слухаю з задавальненнем. Іх песні заўсёды маюць глыбокі сэнс. Незалежна ад таго, лірычную выконваюць ці не, у словы, манеры выканання і мелодыі столькі ўкладваюць душэўнасці і шчырасці.
У мяне здараецца пытаюць, адкуль я так многа ведаю выканаўцаў. Усё проста. Калі выпадкова пачую мелодыю, якая закране душу, абавязкова даведаюся пра аўтара слоў, выканаўцу і кампазітара.
Вельмі люблю народныя, украінскія песні. Але ўсё залежыць ад кампазіцыі і выканаўцы, а яшчэ і ад майго настрою. Музыка вельмі розная і дзеліцца не толькі па жанрах. Бывае вясёлая і сумная, рытмічная і лірычная. Існуе для таго, каб слухаць, медытаваць, танцаваць пад яе… Калі вам падабаюцца розныя стылі, розныя выканаўцы, то вы можаце лічыць сябе рознабакова развітым чалавекам.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт. кар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top