Яднанне пакаленняў

Яднанне пакаленняў

Усмешкі. Квецень. Сонца. Перамога. Май… Яны спляліся сёлета ў непарыўны ланцужок, што аб’яднаў сотні жабінкаўцаў розных пакаленняў. Жыхары нашага горада паводле традыцыі прыйшлі да помніка воінам-вызваліцелям у светлы дзень 9 мая, каб аддаць даніну павагі салдатам Вялікай Айчыннай.
“Дзень Перамогі — свята светлых душ”, пад такім прыгожым дэвізам сустракаў наш край 68-ую гадавіну незабыўнай падзеі, што вырвала чалавецтва з жудасных абдымкаў ліхалецця вясною сорак пятага.
Важнасць гэтага свята для беларускага народа падкрэслівалі ўсе без выключэння выступоўцы. І сказана было выразна і прыгожа наймалодшай з іх: “Забыць мінулае — закрыць дарогу ў будучыню”.
Што больш уразіла і парадавала? Яднанне пакаленняў. Згадкі пра вайну і каштоўнасць міру гучалі ва ўнісон з вуснаў людзей рознага веку: у прамовах старшыні райвыканкама Мікалая Васільевіча Токара і ліцэісткі Кацярыны Сакалоўскай, ва ўспамінах ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Надзеі Сцяпанаўны Лашкевіч.
Жанчына прыгадала маладосць, у якой злыбеда пакінула свой цяжкі след: “Мы былі маладымі, як вы, чакалі кахання, хацелі ствараць сем’і, каб жыць у шчасці, а вымушаны былі змагацца за Радзіму, якую нішчыў бязлітасны вораг, і аддавалі ёй усе сілы без астатку”.
Усхваляваныя словы Надзеі Сцяпанаўны гучалі ад імя многіх, каму, на жаль, ужо не да прамоваў. Паколькі год ад году ўсё больш мялеюць шэрагі былых воінаў. Сёння ўсяго каля паўтары дзясяткі жабінкаўцаў, што змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, працавалі дзеля перамогі над фашызмам на ваенных прадпрыемствах у глыбокім тыле, знайшлі ў сабе сілы, каб прыйсці на святочны мітынг.
На ветэранаў былі скіраваны агульная ўвага і пашана. А яны, за гады пасівелыя, заўчасна пасталелыя, самотна слухалі, пазіралі на трапяткое полымя Вечнага агню, і было бачна: у многіх перад вачамі міжволі паўставалі эпізоды, пакінутыя ліхімі тымі гадамі.
Пранікнёна гучала “Малітва” ў выкананні спявачкі Аксаны Пракошынай. У вершаваных радках, пакладзеных на музыку, чулася шчырая просьба захаваць сінявокую Беларусь ад разбурэнняў, гора і нянавісці, якія нясуць ваенныя выпрабаванні.
На змену песні надышла хвіліна маўчання. У гэтыя імгненні цішыні, якую парушалі толькі спевы птушак, кожны мог упэўніцца: так, гэта — свята памяці і светлых душ. І тых, што ў вырай адляцелі, і тых, каму жыць надалей ды захоўваць памяць…
Паводле даўняй традыцыі прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый Жабінкаўшчыны ўсклалі вянкі і кветкі да помніка і пліт з імёнамі савецкіх салдат і партызан, загінулых пры вызваленні Жабінкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Святочныя мерапрыемствы ў горадзе прадоўжыліся на тэматычным канцэрце “Салют, Перамога”, падрыхтаваным калектывамі мастацкай самадзейнасці раёна, і ў час гульнёвай праграмы “Пераможны май”. Да позняй ночы наш край святкаваў чарговую гадавіну Вялікай Перамогі.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: пад час святкавання Дня Перамогі ў Жабінцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top