Суквецці слоў Ярыны Дашынай

Суквецці слоў Ярыны Дашынай

На творчую сустрэчу з берасцейскай паэткай Ярынай Дашынай, якая адбылася ў чытальнай зале Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, былі запрошаны сельскія бібліятэкары і падапечныя тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Усмешкай, задуменным поглядам, адценнем суму, ажыўленым усплёскам эмоцый адгукаліся прысутныя на радкі вершаў Ярыны, якія прагучалі пад час мерапрыемства. Увогуле, вершы — стыхійная рэч. Некалькі слоў у суквецці, з рыфмай, у рытме сэрца нясуць думкі далёка ад рэальнасці, прымушаюць думаць аб самым важным. Вось і на сустрэчы кожны думаў аб сваім, але ж дакранаўся да адзінага — сучаснай беларускай паэзіі.
Пытанні страты цікавасці да паэзіі сёння часта абмяркоўваюцца. Аднак творчыя сустрэчы, якія нярэдка ладзяцца ў цэнтральнай бібліятэцы, пераконваюць у  іншым. Пацвярджае гэта і дзейнасць галоўнай гераіні мерапрыемства Ярыны Дашынай, з творчай біяграфіяй якой пазнаёміла гасцей Людміла Аляксандраўна Астроўская, загадчыца аддзела абслугоўвання, інфармацыі і МБА раённай бібліятэкі. Аб тым, што трывожыць жанчыну, аб асабістых пачуццях, лёсе Бацькаўшчыны, маральных ідэалах, сваім маленькім сыне, духоўным стане сучаснага грамадства Ярына піша проста, эмацыянальна, абрамляючы кожны верш у інтэлектуальную абалонку. Яе вершы публікуюцца ў такіх выданнях, як “Літаратура і Мастацтва”, “Перша-цвет”, “Полымя”, “Маладосць”, “Правінцыя” і “Тэрмапілы”. У 1999 годзе творы паэткі былі змешчаны ў калектыўным зборніку “Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны”.
Дарэчы, імя Ярыны Дашынай вядома далёка за межамі нашай краіны. Вершы паэткі перакладаюцца на нямецкую і балгарскую, рускую і ўкраінскую мовы. Добрай адзнакай яе творчасці стала гран-пры імя Яўгеніі Янішчыц і рэспубліканскага літаратурнага конкурсу маладых талентаў “Дэбют”, літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка.
Асабістая кніга паэзіі “Графіці на сэрцы” Ярыны Дашынай выйшла ў канцы 2007 года пры дапамозе выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” і Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Вершы Ярыны зацікавілі аўтарытэтны часопіс “Дзеяслоў”, падборка яе паэзіі выйшла ў Аўстрыі.
У сваім выступленні берасцейская паэтка дзялілася з прысутнымі гісторыямі са  свайго жыцця і меркаваннямі аб шляхах беларускай паэзii, распавядала аб розных лiтаратурных семiнарах  i сустрэчах, чытала вершаваныя радкі. Пад час мерапрыемства ў гасцей з’явілася шмат пытанняў, на якія Ярына шчыра адказвала. Асабліва цікавіла ўсіх, адкуль бяруцца вобразы для будучых вершаў і непасрэдна сам  працэс напісання іх.
На сустрэчы прысутнічаў наш паэт Алесь Каско, які падзяліўся сваімі думкамі наконт творчасці Ярыны Дашынай. З гумарам і асабістымі цікавымі назіраннямі каментаваў ён вершы. Прыемным сюрпрызам для Ярыны стала выступленне юнай паэтычнай зорачкі нашага раёна, удзельнiцы аматарскага аб’яднання “Вестка” Настассі Сідорка.
А яшчэ глыбей пазнаёмiцца з творчасцю Ярыны Дашынай дазволіла кнiжная выстава “Чара-дзейная сiла слова”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top