Арыенцір: на перамогу!

Арыенцір: на перамогу!

Упершыню 27 красавіка  праводзілася адкрытае першынство Жабінкаўскага раёна ў спартыўным арыентаванні. На старт, каб высветліць, хто мацнейшы ў ім, выйшлі 86 спартсменаў, раздзеленых на тры ўзроставыя групы.
Адкрытасць спа-борніцтва азначала, што ўдзельнічалі ў ім не толькі каманды ўстаноў адукацыі раёна, але і ўсе жадаючыя ад прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны. Гэта— каманды цукровага і камбікормавага заводаў, а таксама асобныя спартсмены з Брэста.
З ініцыятывай першынства выступіў метадыст абласнога Цэнтра турызму, адначасова кіраўнік гуртка Жабінкаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Алег Генадзьевіч Копаць, які з’яўляецца суддзёй міжнароднай катэгорыі ў спартыўным арыентаванні. Ягоная заслуга і ў тым, што руплівец зрабіў выдатную турыстычную карту гарадскога парка, што дазволіць у далейшым не толькі праводзіць якасныя трэніровачныя камандныя спаборніцтвы, але нават узняць іх на абласны і рэспубліканскі ўзровень.
Удзельнікі памераліся сіламі ў намінацыі “Спрынт”, якая вымагала ад іх хуткасці і дакладнасці на дыстанцыі. Для вызначэння на ёй спартсменаў упершыню прыменена камп’ютарная фіксацыя з дапамогаю чыпаў. Гэта дазваляла беспамылкова вызначаць лідараў, кожнаму спартсмену імгненна выдавалася асабістая картка праходжання маршруту.
Як і чакалася, большасць пераможцаў з горада над Бугам, таму што берасцейская каманда складалася з удзельнікаў, якія мелі спартыўныя разрады і нават званні кандыдатаў у майстры спорту ў арыентаванні.
Але і нашы турысты прадэманстравалі добрыя вынікі. Сярод лепшых, адзначаных дыпломамі, настаўнік гісторыі Якаўчыцкай СШ Андрэй Лісічык і настаўніца геаграфіі з трэцяй гарадской школы Наталля Краўцова. На педагогаў раўняліся іх выхаванцы, такія як дзевяцікласнік Маціевіцкай базавай школы Міхаіл Ярмашук. Не застаўся без узнагароды і наймалодшы ўдзельнік адкрытага раённага першынства Ілья Ялец. Яму ўручаны дыплом ІІ ступені ў групе, якая аб’ядноўвала дзяцей да 12 гадоў.
Пра напружанасць барацьбы сведчыць тое, што вынікі прызавых месцаў адрозніваліся паміж сабою ўсяго ў 3 секунды! А гэта сведчыла найперш пра выдатны ўзровень падрыхтоўкі спартсменаў, што з уразлівай хуткасцю выконвалі заданні, пазначаныя на карце. Яшчэ зазначым, што ў спаборніцтве праследжвалася пераемнасць пакаленняў. Так, у цукразаводскай камандзе на старт выйшлі Эдуард Войцік, колішні актыўны сябра турыстычнага клуба “Бусел”, і яго дачка-школьніца Кацярына. Шматлюднасць мерапрыемства паказала, што заняткі турызмам уласцівыя многім жабінкаўцам, якія жадаюць быць здаровымі і бадзёрымі.
Спартыўнае спа-борніцтва ператварылася ў сапраўднае свята з дапамогай супрацоўнікаў ГДК, якія забяспечылі музычнае суправаджэнне і агучванне праходжання кожнага ўдзельніка на этапах. За гэта асабістая падзяка культработнікам.
Генадзь ТУРЫЦЫН, дырэктар Жабінкаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі.
На здымках:  у час спаборніцтва ў спартыўным арыентаванні ў Жабінцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro