Прыгажэй за ўсё маляваў коней

Прыгажэй за ўсё маляваў коней

Аляксандр Сцяпанавіч Клімук, які ў пачатку мінулага месяца быў госцем роднай Маціевіцкай базавай школы, нарадзіўся ў сям’і педагогаў: маці Соф’я Фёдараўна тут вучыла дзяцей малодшых класаў, бацька Сцяпан Пракопавіч выкладаў матэматыку і быў дырэктарам. Старэйшы брат, Анатоль, захапляўся тэхнікай, зараз працуе ў навукова-даследчым інстытуце ў Мінску. А Саша любіў жывёл, і перш за ўсё коней, балазе, іх трымалі абодва дзяды, у дадатак у Маціевічах была калгасная стайня, дзе, як згадваў на сустрэчы цяпер, ён прападаў з самага малку: “У дзесяць гадоў я ўжо цвёрда ведаў, што буду працаваць з коньмі. Выпісваў часопіс “Коневодство и конный спорт”, кожны нумар прачытваў ад першай старонкі да апошняй”. Тадышні завуч школы Вольга Ануфрыеўна Даўгялюк прыпамінае, што ён і вучыўся добра: цікавіўся біялогіяй, гісторыяй, прыгожа маляваў, асабліва коней.
Яго мара збылася. Пасля СШ №1 г.Жабінка Аляксандр Клімук паступіў у Маскоўскую сельгасакадэмію імя К.А.Ціміразева, за гады вучобы ў якой набываў і веды, і практычны вопыт. Студэнты маглі наведваць іпадром, выставы коней, займацца конным спортам. Першую практыку як будучы спецыяліст Аляксандр праходзіў у Дагестане, пераддыпломную — у Туркменіі, пасля чаго яго запрасілі на пасаду заатэхніка ў аддзел селекцыі Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута конегадоўлі на Разаншчыне. З 1984 года ён начальнік коннай часткі Стаўрапольскага конезавода, аднаго з лідараў у развядзенні славутай ахалтэкінскай пароды, вядомай яшчэ з часоў антычнасці, а таксама англійскай. Пра абедзве расказвае з захапленнем: “Вынослівага ахалтэкінца заўсёды стараліся мець пад сваім сядлом воіны. З англійскім чыстакроўным скакуном не могуць параўнацца ў хуткасці гепард, тыгр, леў…”
Наш зямляк стварыў найлепшы ў Расіі цэнтр развядзення ахалтэкінскай пароды і вырасціў вядомых ужо ва ўсім свеце чэмпіёнаў. Прызы на самых розных спаборніцтвах займаюць таксама арабскія, церскія коні. Напрыклад, летась самым лепшым арабскім скакуном Варшаўскага іпадрома стаў той, што быў выгадаваны ў Стаўрапольскім краі. На пачатку сёлетняга года А.С.Клімук атрымаў Ганаровую грамату Думы краю за заслугі ў сацыяльнай і эканамічнай палітыцы Стаўрапольшчыны і шматгадовую сумленную працу.
Напрыканцы гутаркі я папрасіла Аляксандра Сцяпанавіча коратка адказаць яшчэ на такія пытанні:
— Ваша сямейнае становішча?
— Жанаты, жонка працуе кулінарам. Дзве дачкі і абедзве закончылі ўніверсітэт замежных моў. Ёсць унукі.
— Які ў вас характар?
— Ураўнаважаны.
— Калі апошні раз смяяліся ад душы?
— Першага красавіка, калі сустракаўся з Міхаілам Якубуком і Уладзімірам Кірылюком. Гэта мае самыя блізкія сябры дзяцінства.
— Ад чаго стамляецеся больш за ўсё?
— Ад усялякіх сходаў і пісаніны, непатрэбных нарадаў.
— Што робіце, калі ў вас кепскі настрой?
— Іду на канюшню, хаджу паміж боксамі. Коні супакойваюць, як добрыя сябры.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ,
наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top