«На чужой старонцы сонца не грэе…»

«На чужой старонцы сонца не грэе…»

У той дзень адчувалася блізкая вясна: сонца іскрылася, кідала свае прамяні на снег, і той паволі знікаў, з’яўляліся чорныя пляміны зямлі. Удзельнікі праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” пад уражаннем выходзілі з хаты на ўскрайку Азятаў. Хоць і развіталіся з Соф’яй Міхайлаўнай Разанка, ды яе спевы кранулі душу, а расказ — сэрцы. Усё гэта застанецца на відэастужцы і ў памяці.
Былая вязень захавала светлую галаву. Дасюль памятае нямецкія імёны і назвы, хоць пражыла ў Германіі толькі год, пакуль лютаўскім днём сорак пятага не прыйшло вызваленне.
— Крэйсостэнсбург — так звалася паселішча на мяжы з Польшчай, куды нас прывезлі, каб працавалі на нямецкага гаспадара, — прыгадала жанчына. — Туды даставілі не ў “панскім” вагоне, а ў “цялятніку”. У яго загналі, замкнулі, нічога не сказалі… Як везлі, плакалі… малыя былі, пераляканыя, не зналі, куды ды навошта тая дарога.
Жыццё да Зоські з маленства павярнулася не сонечным бокам. Сем гадоў было, як памерла матуля. А тут і вайна грымнула, хапіла ўсім ліха. Калі адпраўлялі рабоў для Нямеччыны, завіталі “купцы” і ў іх Роўбіцк на Пружан-шчыне. Абяцалі даброты, атрымалася па-іншаму.
Як пра тое Соф’я Міхайлаўна прыгадала, тады й заспявала: “На чужой старонцы сонца не грэе…”. Гэтая народная песня, якую нідзе раней не чуў, хоць і даводзілася займацца фальклорам, уразіла сваёй трагічнай глыбінёй.
— Які голас добры! Дык вы на працы ў Германіі таксама спявалі?
— Не-не, мы плакалі — не спявалі…
Выпала гарбаціцца на Вілі Гардліха. А ў таго вялізная гаспадарка: паўсотні рагуляў, васьмёра коней ды з дзясятак свінак. Па савецкіх мерках не кулак, а кулачыска! Хутар ягоны быў далёка ад іншых паселішчаў, таму работнікі чужых людзей не бачылі. Увесь час хадзілі ў сваёй вопратцы, выдаў гаспадар толькі драўляныя сандалі, ад якіх заставаліся крывавыя мазалі на нагах.
Пацікавіліся ў старой, ці даравала яна праз гады немцам тыя пакуты, што перажыла ў няволі.
— А то ж, даравала, — адказала, — яны ўсе працавітыя. Гэта іх нешта накаламуціла. У гаспадара жыла стогадовая бабуля Ума, вельмі яны старых паважалі. З намі разам шчыравала немка-работніца, яна ежу прыносіла… Дазвалялася ліставацца з радзімай.
Пісьмы з Роўбіцку даходзілі, пакуль улетку сорак чацвёртага не былі выбіты з Беларусі фашысты. З таго часу гэтая кволая ручаіна вестак з роднага кутка перасохла…
А хутка і на далёкі Гардліхаў хутар дайшлі савецкія войскі. Зося з сяброўкамі буракі несла, калі ў веснічкі забег першы чырвонаармеец. Хутка зірнуў на маладзіц і крыкнуў:
— Кідайце ўсё, хопіць немцаў карміць! Мы вас вызвалілі…
Сабралі няхітрыя пажыткі — і ў далёкую дарогу.
— Ішлі ад хаты да хаты, міннымі палямі, бачылі трупы, цераз агонь і ваду, — успамінала Соф’я Міхайлаўна. — Пабіраліся, ды добрых людзей на свеце багата: хто пакорміць, хто вопратку дасць, хто на ноч пусціць…
У роднай хаце дзяўчыну сустрэлі бацька Міхаіл Карпавіч, мачаха, дзве малодшыя сястры і брат. У дваццаць пяць замуж пайшла, сем дзяцей нарадзіла…
Зноў папрасілі яе заспяваць:
— Вы ж як Ратару — Соф’я Міхайлаўна…
— Вось калісьці я спявала! — ажывілася жанчына. — А зараз, у восемдзесят шэсць, голасу ўжо не маю.
Ды ўсё ж прыгадала некалькі песень — тутэйшых, рускіх, польскіх, і, здавалася, патроху маладзе-ла, як выводзіла мелодыі.
Думала жанчына век дажываць у Роўбіцку пры сыне (ён былы ваенны), ды памёр яе Васіль. Клікалі да сябе іншыя дзеці, што ў гарадах жывуць, але згадзілася ехаць у Азяты да дачкі Валянціны. З ёю, відаць, песні спяваць да скону…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Соф’я Міхайлаўна Разанка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top