Юнацтва партызанскае маё

Юнацтва партызанскае маё

Да вайны ў Іванаўскім раёне было шмат хутароў, многія з іх мелі прыгожыя назвы. Напрыклад, Замаліннае, які знаходзіўся ў пяці кіламетрах ад Іванава. Гэта рэшткі былога маёнтка польскага пана Вяржбіцкага, потым рускага палкоўніка Ігоўскага. Адсюль добра было відаць шашу Пінск — Брэст, паралельна якой крыху далей ішло чыгуначнае палатно. Менавіта тут, у маляўнічым куточку Іванаўскага раёна, нарадзілася гераіня майго аповеду Вольга Яўгенаўна Андрэева (у дзявоцтве Някрасава), тут сустрэла вестку аб вайне, жыла пад акупацыяй і змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе да самага вызвалення. Яе юнацтва — гэта старонкі нашай гісторыі, прыклад мужнасці і адвагі, бясстрашша і самаадданасці. Такімі якасцямі валодала 15-гадовая Волечка Някрасава, столькі было дзяўчыне, калі яна трапіла ў атрад.
27 чэрвеня ў нас на хутары з’явіліся немцы — на веласіпедах, з аўтаматамі. Яны адчувалі сябе гаспадарамі — заходзілі ў двары і патрабавалі: “Матка, масла, яйкі”. З гэтага дня пачалася нямецкая акупацыя. Мясцовае насельніцтва імкнулася помсціць акупантам, таму актыўна папаўняла шэрагі партызан. Першыя партызанскія атрады ў нашай мясцовасці з’явіліся вясной 1942 года, яны ўзнікалі з антыфашысцкіх груп. Адна з іх дзейнічала ў вёсцы Хомск Драгічынскага раёна пад кіраўніцтвам лейтэнанта Чырвонай Арміі Яўгена Макарэвіча. Яна аб’ядналася з такой жа групай вёскі Моталь Іванаўскага раёна, дзе кіраўніком  быў Іван Калілец. Так утварыўся партызанскі атрад, камандзірам якога абралі Яўгена Макарэвіча, камісарам — Івана Калільца. Летам 1943 года камандзір быў забіты здраднікамі-бандэраўцамі. З таго часу партызанскі атрад стаў насіць яго імя, камандзірам прызначылі Івана Міхайлавіча Калільца, камісарам — Фёдара Малева.
Падзеі 1943 года прымусілі мяне разам з мамай Наталляй Пятроўнай і братам Ігарам пакінуць хутар і пайсці ў партызанскі атрад. У лютым да нас завіталі немцы і паліцаі. Хутар імгненна акружылі. Ад жыхароў патрабавалі звестак аб партызанах, у дамах праводзілі вобыскі. У той дзень нам удалося збегчы ў лес і нават прыхапіць карову-карміцельку. Доўгі час хаваліся там, потым у знаёмых, наведваліся і ў сваю хату, хаця гэта было небяспечна. У суседстве з намі знаходзіліся чатыры хутары, гаспадарамі якіх былі Андрэй і Іван Калыска, Міхаіл з Бездзежа і Сазон. У кастрычніку 1943-га карнікі расстралялі гэтыя сем’і разам з дзецьмі прама на ганках іх дамоў. А ў пачатку лістапада акупанты спалілі ўсе хаты на хутарах, у тым ліку і нашу. Вяртацца не было куды. Знаёмыя, якія мелі сувязь з мсціўцамі, адвезлі нас ноччу ў вёску Кулякі, якая знаходзілася на краю партызанскай зоны. Пасля гутаркі і своеасаблівай праверкі пазнаёмілі з партызанам Грэбнем, які быў камандзірам спецразведгрупы. Брат Ігар стаў яго сувязным-разведчыкам, а я сувязной паміж атрадамі, што знаходзіліся адзін ад аднаго на адлегласці 8-10 кіламетраў. Данясенні камандзіра дастаўляла на кані, балазе, умела трымалася ў сядле.
Аднойчы ў моцны мароз мне давялося доўга дабірацца ў суседні атрад, загад быў перададзены ў тэрмін, затое ног не адчувала, моцна абмарозіла. Стаяла і ў каравуле, невыносна цяжкім быў аўтамат, таму што важыў амаль палову мяне.
Ігар хутка перайшоў у групу мінёраў-падрыўнікоў. У выніку яе дзейнасці ляцелі пад адхон варожыя цягнікі, падалі ў ваду разбураныя масты.
У партызанскім атра-дзе мы з мамай жылі ў крайняй зямлянцы. Увесь жа лагер месціўся на адным з сухіх астраўкоў Спораўскіх балотаў. Іх мясцовае насельніцтва называла “грудамі”, на якіх знаходзілася да пятнаццаці зямлянак. Былі штабная, зямлянка-шпіталь, кухня, склад. Сталовая месцілася пад адкрытым небам і ўяўляла сабой доўгі стол з жэрдак і драўляныя лаўкі.
У партызанскім шпіталі я даглядала параненых, дапамагала медсёстрам: Ганначцы — строгай, сур’ёзнай, Надзі — добрай, лагоднай. Памятаю, ляжаў тут збіты немцамі наш маладзенькі 21-гадовы лётчык. У яго была паранена нага — моцна траўміравана пятка. Стаяла пытанне ампутацыі, але хлопец прасіўся ў хірурга Дзмітрыя Апанасавіча Лазарэнкі: “Не адразайце, як я танцаваць буду?!” Пашкадавалі хлопца, пакінулі нагу, доўга лячылі — выхадзілі, за што юнак быў удзячны і дактарам, і медсёстрам.
Мясцовыя жыхары наш атрад называлі “жэнькаўскім”, а нас “жэнь-каўцамі”. Да 1943 года ў ім было каля 300 чалавек, ён лічыўся самым вялікім у брыгадзе. Атрад меў свой аэрадром, з якога ў франтавыя шпіталі адпраўлялі цяжкапараненых. Асобным “майстэрствам” валодала аддзяленне падрыўнікоў, прафесіяналамі называлі групу разведкі.
У пачатку лютага 1944 года атрад вёў сумесныя баявыя дзеянні са знакамітай Першай Украінскай партызанскай дывізіяй імя Каўпака. У іх, у адрозненне ад нас, было лепшае ўзбраенне, нават гарматы-саракапяткі.
Вясной 1944 года атрад сарваў планы гітлераўцаў у нарыхтоўцы лесу, перашкодзіў у адпраўцы жыхароў Іванаўскага раёна ў Германію.
Тады немцы вырашылі яго ліквідаваць. Кожны дзень нашу тэрыторыю бамбілі з самалётаў, абстрэльвалі з мінамётаў. Партызаны мужна абараняліся, выстаялі і не дазволілі нават наблізіцца да лагера. Вораг вымушаны быў адступіць.
У адзін з красавіцкіх дзён 44-га брат Ігар пры выкананні задання падарваўся на міне, у выніку застаўся без левай рукі, атрымаў апёкі твару і галавы, кантузію, згубіў слых і зрок. Яму аказалі дапамогу ў партызанскім шпіталі і пераправілі на самалёце ў франтавы шпіталь. Пасля доўгага лячэння і рэабілітацыі ва Украіне медыцынская камісія прызначыла брату ІІ групу інваліда вайны, пасля чаго ён вярнуўся на Брэстчыну.
Да поўнага вызвалення Беларусі атрад паспяхова ажыццяўляў усе баявыя задачы, якія ставіла камандаванне. Сувязныя, разведчыкі, падрыўнікі сумесна з часцямі Чырвонай Арміі набліжалі Перамогу, якая прыйшла ў квітнеючым маі 45-га.
Сёлета Вольга Яўгенаўна сустрэне свой 85-ы май. Нягледзячы ні на што, яна і зараз вельмі пазітыўны чалавек, вялікі аптыміст і жыццялюб. Шмат чытае, цікавіцца падзеямі ў свеце. Успаміны калі-нікалі вяртаюць жанчыну ў маладосць, каб яшчэ раз яна змагла сустрэцца са сваім партызанскім юнацтвам.
Запісала Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Вольга Яўгенаўна Андрэева.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top