Глыток вайны — палын на вуснах

Глыток вайны — палын на вуснах

Ветэран вайны і працы Казімір Іосіфавіч Церпілоўскі.

“Два лёсы зліліся ў адзін…”. Гэта, бясспрэчна, сказана пра такіх, як Казімір Іосіфавіч і Ядвіга Людвігаўна Церпілоўскія. Як і “патрабуе” іхняе прозвішча, старажылы з Лясотаў з вялікай цярплівасцю ды любасцю адносяцца да жыцця і адзін да аднаго. Мінулай восенню ў ціхай сямейнай абстаноўцы святкавалі дзевяностагоддзе Ядвігі, а сёлета, напярэдадні Дня Перамогі, і былому салдату Казіміру надышла пара адзначаць гэтую вельмі прыгожую дату. Поруч яны ідуць у жыцці ўжо 70 гадоў. Заўсёды разам, побач, за выключэннем трывожных тых часоў, калі пайшоў ён на вайну…

“А болей шчасця мацярынскага
не даў…”

90-гадовы гаспадар сустракаў нас на падворку, дзе ўпраўляўся з гаспадаркай. Хоць узрост у старых надта паважаны, не толькі ў двары захоўваўся парадак. У хаце таксама было прыбрана, акуратненька, вока запрыкмеціла вышыўкі, зробленыя рукамі гаспадыні. А на сценах — партрэт Папы Рымскага Яна Паўла ІІ ды шматлікія каталіцкія абразы. Гэта невыпадкова, бо Лясоты — адзіная на Жабінкаўшчыне вёска, дзе ўжо колькі вякоў кампактна пражываюць палякі. Дарэчы, дзявочае прозвіша Ядвігі Людвігаўны супадае з назвай роднай вёскі.
Казімір Іосіфавіч да вайны жыў на хутары, паблізу ад драўлянага крыжа, які, паводле традыцыі, продкі ўсталёўвалі пры ўездзе ў вёску. Гэтай зямлі, каб жыць бязбедна, аддавалі сілы ягоныя дзяды, прадзеды. У 30-ыя гады мінулага стагоддзя прыйшоў час і Казіміру шчыраваць на сямейным надзеле.
З пачатку вайны жылі ў трывозе, чулі, як у восень сорак другога было спалена Драмлёва. А ў Лясоты час ад часу наведваліся акупанты ды тыя, хто хоць і звалі сябе “партызанамі”, але ж таксама не грэбавалі нечым разжыцца з сялянскай гаспадаркі… І пра гэта, між іншым, згадалі старажылы. Што тут дадаць? Для тых, хто хоць глыток вайны паспытаў у жыцці, палыновы смак да скону застанецца на вуснах…
… Ішоў 1943 год. Наўкола — бяды багата. Аднак і ў ліхія часы жыццё не спынялася, каханне, калі прачыналася, рабілася яшчэ вастрэйшым, бо кожны дзень мог быць апошнім. Позняй восенню, як працы ў полі завяршыліся, маладзён завітаў да аднавяскоўкі Ядзі, прасіць у бацькоў яе рукі. Тыя не адмовілі, хутка Казімір і Ядвіга павянчаліся ў Чарнаўчыцкім касцёле.
Неўзабаве ў гэтым храме ахрысцілі сына Тадзіка. Ды нядоўгім быў ягоны век: дзіцё ў восем месяцаў, моцна захварэла. Лекара ў вайну было цяжка знайсці, і Ядвіга панесла сына ў Хмелева, да жонкі настаяцеля царквы Сабалеўскага. У наваколлях добра ведалі: матушка часам дапамагала вяскоўцам і лекамі, і парадамі, не зважала пры гэтым, ці ходзіш ты да царквы, ці да касцёла. Жанчына ўзяла маленькага на рукі, журботна агледзела і з жалем вярнула дзіця маці:
— Надта позна, не дапамагу я ў вашым выпадку — хвароба ў дзіцяткі неадольная…
Мінула сем дзясяткаў гадоў, але і зараз, згадваючы душэўны крык, што вырваўся тады з гру-дзей, Ядвіга Людвігаўна не хавала сваіх слёз:
— Муж — на вайне, дзіця — у дамавіне, засталася я сама… гэтыя пакуты кожны дзень былі са мною, адкуль толькі сілы браліся, каб жыць далей?.. Нічога, думала, як скончыцца вайна, усё загоіцца, але й сёння баліць… Вельмі дзяцей хацела, ды, як Казік вярнуўся з вайны, нешта ў нас не атрымалася… Бог дачасна ўзяў маю маленькую радасць, а болей шчасця мацярынскага не даў…

“З першым стрэлам страх знік…”

Трохі расчуліўся і Казімір Іосіфавіч. Відаць, каб суняць жончыну скруху, пачаў згадваць сваю вайсковую гісторыю. Расповяд павёў задуменна:
— Ад Любліна пачалася мая вайна…
… У гарачым морыве сорак чацвёртага кацілася на Захад наступленне савецкіх войскаў. Гітлераўцы беглі прэч. Па вёсцы паляцела пагалоска — на “развітанне” акупанты прыгатавалі “падаруначкі”: будуць рабаваць хаты і гнаць з сабою дарослых мужыкоў, каб выкарыстоўваць іх у якасці памагатых, а ўзнікне патрэба — і замест “жывога” шчыта ў баі.
На самой справе, праз дзень-другі дарогаю з Жыціня на Дзяменічы пацягнулася доўгая нямецкая калона. Многія з лойкаўскіх сялян (у іх ліку Казіміравы знаёмыя Зыгмунд Лясота ды Баляслаў Сікань, што пазней ваявалі супраць фашыстаў) схаваліся тады ў хмызняках.
Надвячоркам выпадкова сустрэліся з узброенымі людзьмі. Вырашылі: мабыць, гэта польскія партызаны, бо размаўлялі тыя выключна па-польску. Разам з імі Церпілоўскі трапіў у Люблін, ужо вызвалены ад ворага.
Гэты горад да вайны быў у складзе Беларускай ССР, цяпер там хутка аднаўлялася савецкая ўлада. Казімір адразу накіраваўся ў ваенкамат і папрасіўся на фронт. Калі ваенны камісар даведаўся, што Церпілоўскі паляк, прапанаваў запісацца ў склад польскіх вайсковых фарміраванняў, што ра-зам з савецкімі арміямі біліся за вызваленне Польшчы. Гэтак 10 жніўня 1944 года Казімір Іосіфавіч зрабіўся радавым 2-га батальёна 6-га стралковага палка Войска польскага.
Надыходзіла спякотная пара ваеннага жніва. У складзе свайго палка стралок Церпілоўскі дайшоў да Варшавы. Двойчы пад жудасным агнём фарсіраваў Віслу: спачатку ўплаў — насупраць прадмесця польскай сталіцы Прагі, затым (у час зімняга наступлення) па лёдзе. Польскае войска рухалася на Памор’е — на Шчэцін і Ольштын, тым самым шляхам, што прайшлі продкі ў далёкім 1410 годзе, каб біцца ў славутай Грунвальдскай бітве з нямецкімі крыжакамі. Шануе цяпер ветэран узнагароды, здабытыя ў баях за Польшчу: медалі з мячамі “Грунвальд — Берлін. 1410-1945”, “За Варшаву”, “За Одру, Нісу, Балтыку”. У гэтых назвах — увесь баявы шлях салдата з Лясотаў.
Найбольш у памяці Казіміра Іосіфавіча адбіліся незлічоныя чалавечыя ахвяры, што паклаў ягоны полк у наступленні ў раёне канала Рупін, дзе давялося пераадольваць значную нямецкую абарону.
— Загінула тады шмат байцоў, бо вораг біўся ў канцы вайны адчайна, — згадвае ветэран. — Спачатку, перад боем, было неяк млосна на душы. Ды з першым стрэлам, як узняліся ў атаку, страх некуды знік… Бо кожны ведаў — варыянтаў толькі два: альбо жывым застанешся, альбо загінеш бясследна.
У тым баі Казіміру Церпілоўскаму давялося быць санітарам. На сваіх плячах ён выносіў сяброў з вогненага пекла, як мог суцяшаў, перавязваў. А потым зноў вяртаўся у строй. Калі бінтоў не хапіла, сарочку разарваў на шматкі, якія прыкладваў да салдацкіх ран…
— Пасля Рупіна наш полк накіраваўся ў бок ракі Одэр, па лясах шукалі фашысцкіх недабіткаў, палонных перадавалі чырвонаармейцам, з якімі дзейнічалі плячо да пляча. Канец вайны сустрэлі ля Эльбы.
Дасюль згадваюцца ветэрану сяброўскія абдымкі ў той славуты дзень і радасць шчырая ў сэрцах: дажылі, дайшлі да Перамогі!
Дамоў вярнуўся ў сорак сёмым, пасля службы на мяжы, калі адбывалася ўладкаванне новай граніцы паміж СССР і Польшчай. А як узімку 1949 года сяляне з Падлесся, Лясотаў, Дзяменічаў, Багдзюкоў стварылі калгас “Сталінскі шлях”, Церпілоўскія ўвайшлі ў гаспадарку і шмат гадоў сумленна працавалі на зямлі.
Зараз, як найдаражэйшыя рэліквіі, Казімір Іосіфавіч захоўвае ўзнагароды за ўдзел у вайне. Сярод іх — атрыманыя ад польскага ўрада і савецкага камандавання ў 1945-1947 гадах, ордэн Айчыннай вайны і шматлікія юбілейныя медалі да гадавінаў Вялікай Перамогі, сённяшнія падзячныя лісты-віншаванні ў традыцыйных армейскіх трохкутніках, дасланыя простаму салдату вялікай вайны К.І.Церпілоўскаму ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top